Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На мінулым тыдні ў Пераслаўлі-Залескім (Яраслаўская вобласьць) у Інстытуце праграмных сыстэмаў (ІПС) Расейскай акадэміі навук завяршылася трохдзённая прэзэнтацыя першага этапу праграмы "СКІФ" -- "Распрацоўка і асваеньне ў сэрыйнай вытворчасьці сямейства высокапрадукцыйных вылічальных сыстэмаў з паралельнай архітэктурай (суперкампутараў) і стварэньне прыкладных праграмна-апаратных комплексаў на іх аснове". Як паведамілі мясцовыя СМІ, гэтая расейска-беларуская праграма разьлічана на 3 гады (2000-2003) і першы ейны этап завяршыўся стварэньнем двух узораў суперкампутараў "СКІФ", адзін зь якіх разьмешчаны ў ІПС РАН. Асноўныя характарыстыкі суперкампутара: колькасьць працэсараў -- 32; вылічальных вузлоў -- 16; аператыўная памяць -- 8 ГБайт; дыскавая памяць -- 160 ГБайт.
Як паведаміў выканаўчы дырэктар праграмы ад Расеі, доктар фізыка-матэматычных навук, дырэктар Дасьледчага цэнтру мультыпрацэсарных сыстэмаў ІПС РАН Сяргей Абрамаў, параўнальны аналіз суперкампутара з замежнымі аналягамі паказаў ідэтычнасьць большасьці характарыстык. Аднак пры супастаўным хуткадзеяньні, гэты кампутар аказаўся больш танным. Кошт аднаго модуля суперкампутара складае прыкладна 5 тысяч даляраў ЗША, што робіць яго даступным для самага шырокага кола карыстальнікаў: універсітэтаў і навукова-дасьледчых інстытутаў, буйных фірмаў і органаў дзяржаўнага кіраўніцтва.
Як падкрэсьліў С.Абрамаў, два працуючыя ўзоры суперкампутара, разьмешчаныя адпаведна ў Беларусі і ў сьценах Інстытута праграмных сыстэмаў, на аснове наяўнага задзелу былі створаны меней чым за год (пачынаючы з лістапада 2000 года).