Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Віцебскай вобласьці людзей атручваюць гнілой вадой 11:12, 07/06/2001
Як паказаў бактэрыяльны і хімічны аналіз пітной вады ў горадзе Барань Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, пітной яе назваць нельга. Аналіз праводзіўся Аршанскім Гарадзкім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі па дэпутацкім запыце Бараньскага гарсавета. Вада была ўзята з пяці артэзіянскіх сьвідравін і дванаццаці грамадзкіх калодзежаў Барані.
Устаноўлена, што толькі ў дзьвюх сьвідравінах пітная вада па паказчыках колернасьці адпавядае патрабаваньням Санітарных правілаў і нормаў, прынятых у красавіку 2001 года. У дзьвюх сьвідравінах паказчык мутнасьці пераўзыходзіць межава дапушчальныя значэньні ў 2 і 4 разы. Ва ўсіх пробах пітной вады значнае перавышэньне ўтрыманьня жалеза (4-6 разоў). Толькі ў трох калодзежах утрыманьне бактэрыяў кішачнай палачкі адпавядае нормам; у двух калодзежах гэты паказчык перавышае нормы больш чым у 260 разоў. Не вытрымлівае пітная вада патрабаваньняў норм і па ўтрыманьню нітратаў.
Разам з тым Аршанскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялогіі не праводзіў аналіз пробаў калодзежнай пітной вады на ўтрыманьне жалеза. Акрамя таго, ні ў адной пробе не праводзілася вызначэньне жорсткасьці, утрыманьня медзі, цынку, свінца, фтору і іншых элементаў, наяўнасьць якіх аказвае істотны ўплыў на здароўе людзей. Як патлумачылі ў цэнтры, такія аналізы выконваюцца толькі для крыніц цэнтралізаванага водазабеспячэньня насельніцтва. Такім чынам, сапраўдны хімічны склад пітной вады застаўся тайнай для жыхароў Барані.