Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
З пачатку чэрвеня аршанскае дзяржаўнае прадпрыемства "Лёс" працуе з загрузкай не больш чым 50 адсоткаў ад нарматыўнага працоўнага часу. На працягу першых двух тыдняў чэрвеня будзе працаваць адна палова з амаль 3.000 работнікаў прадпрыемства, а наступныя два тыдня -- другая палова. Работнікі пайшлі ў вымушаны двухтыднёвы адпачынак па фармулёўцы "ў сувязі з прастоем" і, значыць, адпачынак ім будзе аплачаны ў памеры дзьвюх трэцяў тарыфнай стаўкі.
На такія меры адміністрацыя "Лёсу" пайшла ў сувязі з адсутнасьцю матэрыялаў і няпоўнай загрузкай вытворчых магутнасьцяў. Завод з больш чым 125-гадовай гісторыяй, вядомы ў гады СССР як "Чырвоны Кастрычнік", што вырабляў радыёстанцыі ня толькі для ваеннага комплексу, але й для космасу, апынуўся на мяжы банкруцтва.
Ніяк не праявіла сябе падтрымка, абяцаная Аляксандрам Лукашэнкам падчас ягонага візыту на завод напярэдадні сьвяткавання юбілея ў 1997 годзе. Не зьмянілі сытуацыю ні шматразовыя зьмены дырэктараў, ні пастаяннае скарачэньне колькасьці работнікаў прадпрыемства: ад амаль 9 тысячаў у пачатку 90-х гадоў да менш чым 3 тысячаў сёньня.
Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве ў красавіку 2001 года склала 50 тысяч рублёў для пагадзінных рабочых і 70 тысяч рублёў -- для зьдзельшчыкаў; для служачых -- каля 45 тысячаў рублёў, для спэцыялістаў, якія працуюць па кантракту - 86 тысячаў, для кіраўнікоў -- 126,5 тысячы.
У чэрвені заробкі работнікаў "Лёсу" ў сувязі з прастоем істотна паменшацца. Як доўга працягнецца прастой, на прадпрыемстве яшчэ не ведаюць. Загад адміністрацыі дзейнічае пакуль толькі на чэрвень, але сытуацыя аптымізму не ўнушае.