Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзе Зьміцер Завадзкі? 11:22, 07/06/2001, Прэсавая служба ГА "БАЖ"
7 ліпеня споўніцца год, як пры нявысьветленых абставінах зьнік наш калега Зьміцер Завадзкі. Беларускія журналісты хочуць ведаць, КУДЫ ЗЬНІК ЗАВАДЗКІ, ДЗЕ ЁН І ШТО ЗЬ ІМ? 7 чэрвеня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" распачынае акцыю, у межах якой мы будзем праз публікацыі ў газэтах нагадваць уладам пра нашага калегу. У межах акцыі БАЖ будуць таксама арганізаваныя прэсавыя канферэнцыі, пройдуць пікеты. Мы будзем зьбіраць сродкі для сям`і Зьміцера Завадзкага, якая пасьля зьнікненьня Зьміцера мае далёка ня добрае матэрыяльнае становішча.
7 ліпеня 2000 года Зьміцер Завадзкі выехаў з дому ў аэрапорт "Менск-2", каб спаткаць свайго калегу журналіста ОРТ Паўла Шарамета. Калі Павал Шарамет выйшаў з самалёта, то знайшоў машыну Завадзкага, прыпаркаваную каля будынка аэрапорта, але Зьміцера ў ёй не было. Пра зьнікненьне Зьміцера Завадзкага было паведамлена міліцыі, пракуратуры, Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Транспартная пракуратура распачала крымінальную справу па артыкуле 101 КК (наўмыснае забойства).
Увесь мінулы год, пакуль цягнулася следзтва, грамадзкасьць была сьведкам гучных заяваў, грозных абяцаньняў знайсьці злачынцаў. Справу з Транспартнай пракуратуры перадалі ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь і перакваліфікавалі ў выкраданьне. Потым адбыліся зьмены ў найвышэйшым кіраўніцтве МУС, Пракуратуры, КДБ. Сёньня, праз 11 месяцаў пасьля трагедыі, следзтва - ужо толькі па факце выкраданьня - скончанае. Але беларускія ўлады так і не зрабілі самага важнага - не знайшлі Зьміцера. У траўні на брыфінгу па выніках следзтва прадстаўнікі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь паведамілі, што не маюць зьвестак пра месца знаходжаньня Завадзкага.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае ўсіх беларускіх журналістаў праявіць карпаратыўную салідарнасьць, каб дамагчыся ад уладаў адказу на пытаньне ДЗЕ НАШ КАЛЕГА?