Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новы пасол Югаславіі на месца службы не прыбыў 11:14, 08/06/2001, "БДГ"
Усё больш заблытанай выглядае гісторыя з былым старшынём КДБ Беларусі Ўладзімерам Мацквічам. Прызначаны беларускім паслом у Югаславію, Мацкевіч туды так і не паехаў. Паводле напаўафіцыйнай інфармацыі, зараз ён знаходзіцца ў доўгім "чарговым" адпачынку.
Працуючы ў камітэце дзяржбясьпекі, Уладзімер Мацкевіч нібыта не адпачываў шмат гадоў і зараз выкарыстоўвае 6 месяцаў законнага адпачынку, што накапіліся за ўвесь час. Інфармацыя пра тое, што былога главу КДБ зьбіраюцца прызначыць беларускім паслом у Югаславіі, зьявілася яшчэ ў пачатку года. Тады ж югаслаўскі бок выдаў на імя Ўлазімера Мацкевіча агрэман і падцьвердзіў сваю гатоўнасьць прыняць яго ў якасьці дыпрадстаўніка Беларусі.
Практычна адразу было распаўсюджана афіцыйнае паведамленьне прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі аб прызначэньні Мацкевіча на гэты пост. Але, перш чым ехаць у Югаславію, ён накіраваўся ў Маскву. Па ягоных словах, паездка насіла выключна асабісты характар. Аднак, па чутках, Мацкевіч сустракаўся яшчэ й з кіраўніцтвам расейскага Савету бясьпекі. Нібыта падчас сустрэчы размова йшла пра будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, а таксама пра ход расьсьледаваньня так званых гучных справаў.
Уладзімер Мацкевіч, як вярнуўся з Масквы, так і не прыступіў да выкананьня сваіх амбасадарскіх абавязкаў, а ўзяў доўгатэрміновы адпачынак. Далей гісторыя з прызначэньнем заблыталася яшчэ больш. Праз колькі часу ўказ аб прызначэньні Ўладзімера Мацкевіча беларускім амбасадарам ў Югаславіі быў адменены. Хаця афіцыйна пра гэта нідзе не паведамлялася.
Магчымай прычынай загадкавай сытуацыі з падпісаньнем, а пасьля фактычнай адменай указа зьяўляецца тое, што ў Беларусі сталі вядомы дэталі кансультацыяў, якія былы старшыня КДБ праводзіў у Маскве. Сам Уладзімер Мацкевіч сытуацыю ніяк не камэнтуе. Па ягоных словах, для камэнтару час яшчэ не прыйшоў. Аднак, хутчэй за ўсё, некалькі месяцаў ён застанецца ў Беларусі, а ягоны адпачынак, хутчэй за ўсё, скончыцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Зрэшты, магчыма, увосень Мацкевічу прыйдзецца занімаць ужо іншую пасаду.