Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Магілёў, 13 ліпеня, 2001 – (RFE/RL). Праваабаронцы-актывісты й незалежная прэса перажываюць ня лепшыя часы ў Беларусі. Асабліва гэта датычыць усіх тых, хто працуе па-замежамі Менску, перадае з Магілёву карэспандэнт RFE/RL Джэрэмі Бранстэн.
Пасол Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч мае намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Пра гэта паведаміў БелаПАН былы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч. Сьпіс членаў ініцыятыўнай групы Марыніча будзе пададзены ў Цэнтрвыбаркам 14 чэрвеня. У перадвыбарны штаб Марыніча, паводле словаў Пашкевіча, увайшлі, акрамя яго самога, былы дэпутат і былы начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з карупцыяй у ворганах упраўленьня Камітэта дзяржкантролю Леанід Сечка, а таксама рэктар Міжнароднага гуманітарнага інстытута Аляксандр Алпееў.
Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі - БНФ Зянон Пазьняк накіраваў у Цэнтрвыбаркам па пошце сьпісы сваёй ініцыятыўнай групы. Пра гэта паведаміла 13 чэрвеня на сустрэчы з журналістамі старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
Сёньня, як чакаецца, Аляксандар Лукашэнка асабіста падасьць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньню сябе кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Ініцыятыўную групу па вылучэньню ў прэзыдэнты ўзначаліць член “нацыянальнага сходу” Мікалай Чаргінец. Сам Аляксандар Лукашэнка нядаўна заяўляў пра тое, што ў ягонай ініцыятыўнай групе будзе каля 3 тысячаў чалавек.
Аляксандар Лукашэнка даў згоду на вызваленьне Віктара Чыкіна з пасады старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлекрадыёкампаніі Беларусі “па стану здароўя”. Сам Чыкін, які адначасова зьяўляецца лідэрам прапрэзыдэнцкай Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), праз што многія называлі Беларускае ТБ абрэвіятураю “КПБТ”, адмовіўся камэнтаваць сваю заяву з просьбаю аб адстаўцы. "Есть такое хорошее слово -- NO COMMENT. Здоровье у любого профессионала -- это секрет",-- заявіў Чыкін, якога на публіцы часта бачылі “пад чаркаю”. На БТ мяркуюць, што менавіта з-за гэтай звычкай і зьвязаны ягоны стан здароўя.
Цэнтральны Камітэт нашчадка савецкага камсамолу -- Беларускага патрыятычнага саюза моладзі -- зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю балятавацца на маючых адбыцца выбарах на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Як заявіў 13 чэрвеня на прэсавай канферэнцыі ў Менску першы сакратар ЦК БПСМ Юрый Салаўёў, такое рашэньне прыняў пашыраны пленум Цэнтральнага Камітэту арганізацыі, які прайшоў 11 чэрвеня з удзелам прадстаўнікоў усіх 170 тэрытарыяльных арганізацыяў БПСМ. На пленуме было абвешчана аб пачатку акцыі БПСМ "Я за бацьку!", якая мае на мэце актыўны ўдзел арганізацыі ў маючай адбыцца прэзыдэнцкай кампаніі. Актывісты БПСМ таксама возьмуць удзел у зборы подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Па словах Салаўёва, у зборы подпісаў будуць браць удзел да 10 тысячаў актывістаў арганізацыі.
5 чэрвеня ў Жэневе пачала працу 89-ая сэсія Міжнароднай канферэнцыі працы, на якую сабраліся прадстаўнікі 175 краінаў – членаў Міжнароднай арганізаці працы. На канферэнцыі будзе разглядацца становішча прафсаюзаў у Беларусі. Аднак беларуская дэлегацыя ня будзе мець права голасу. Бо ўрад груба парушыў статут МАП, згодна якому ўрад абавязаны прафінансаваць удзел у канферэнцыі ня толькі сваіх прадстаўнікоў, але й таксама прадстаўнікоў працаўладкавальнікаў і працоўных, паведаміў прэсавы цэнтар свабоднага прафсаюзу. На думку старшыні МАП Франка Хоффэра, гэта сьведчыць пра нежаданьне беларускіх уладаў выконваць рэкамендацыі МАП па ліквідацыі парушэньняў правоў прафсаюзаў.
На тэрыторыі Магілёўскай вобласьці разьмяшчаюцца два сьледчыя ізалятары і 9 папраўчых установаў. Паводле зьвестак абласной пракуратуры, пры тым, што гэтыя ўстановы разьлічаны на 8.550 чалавек, у іх утрымліваюцца каля 14 тысячаў зьняволеных і падсьледных.
Асноўныя цяжкасьці ў рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы "Распрацоўка і асваеньне ў серыйнай вытворчасьці сямейства высокапрадукцыйных вылічальных сыстэмаў з паралельнай архітэктурай (суперкампутэраў) і стварэньне прыкладных праграмна-апаратных комплексаў на іх аснове" зьвязаны зь яе недастатковым і нерытмічным фінансаваньнем. Пра гэта заявіў начальнік адміністрацыйнага дэпартамента Пастаяннага камітэта СД Сяргей Мартысюк на сэмінарыў Менску, што адбыўся 13 чэреня. Паводле ягоных словаў, фінансаваньне праграмы "СКІФ", вядзецца за кошт сродкаў бюджэту «саюзнай дзяржавы», уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацыяў, якія бяруць удзел у ёй, а таксама за кошт сродкаў трэціх краінаў.
На буйным рэчавым кірмашы Варшавы сіламі паліцыі, памежнікаў і супрацоўнікаў мытні была праведзена аблава на гандляроў нелегальным таварам. Падчас яе былі затрыманы больш за 80 грамадзянаў краінаў СНД. Паліцыя канфіскавала 18 тысячаў нелегальных кампакт-дыскаў, вялікую колькасьць гарэлкі й цыгарэтаў без акцызных марак, відэёкасэты зь дзіцячай парнаграфіяй, тэкстыльныя вырабы. Як паведаміла прэсавая служба варшаўскай паліцыі, затрыманы грамадзяне Армэніі, Украіны й Беларусі. Адносна 20 зь іх ужо пачалася працэдура, якая папярэднічала высылцы з краіны.