Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Канец пачатку прэзыдэнцкага марафону 11:10, 15/06/2001
Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў будучых прэтэндэнтаў на вышэйшы дззяржаўны пост Беларусі сёньня сканчваецца. У агуле балятавацца ў прэзыдэнты зьбіраюцца 17 чалавек. Да 21 чэрвеня Цэнтральная камісія абавязана аб’явіць ягоныя вынікі, бо менавіта з гэтага дня пачынаецца другі перыяд прадвыбарчага марафону – збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў.
Першым заяву на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы 9 чэрвеня падаў гендырэктар СП “Міжнародны інстытут мэнэджмэнту” Віктар Цярэшчанка. 12 чэрвеня была зарэгістравана ініцыятыўная група лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча (2136 чалавек). У мінулы аўторак былі таксама пададзены заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў падтрымку былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага (1609 чалавек). 12 чэрвеня паступіла заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, якая выступае ў падтрымку Сямёна Домаша (3756 чалавек).
У гэты ж дзень рэгістрацыйнае сьведчаньне атрымала ініцыятыўная група (2078 чалавек) лідэра ПКБ Сяргея Калякіна. У сераду раніцай на імя главы Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай была пададзена заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, старшыні КХМ БНФ (1429 чалавек). Сам Зянон Станіслававіч па-ранейшаму знаходзіцца ў эміграцыі.
Учора заяву аб рэгістрацыі сваёй каманды перадаў у ЦВК Леанід Сініцын. У гэты ж дзень паступіла заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы старшыні ФПБ Уладзімера Ганчарыка й пасла Беларусі ў Літве Міхаіла Марыніча. У гэты ж дзень зьявіўся Аляксандар Лукашэнка (3830 чалавек).
Лідэр незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і экс-прам’ер Міхаіл Чыгір маюць намер падаць заявы аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў сёньня. Як вядома, абодва кандыдаты прынялі рашэньне аб’яднаць свае намаганьні па збору подпісаў. У гэты ж дзень стала вядома яшчэ адно імя прэтэндэнта на пост главы дзяржавы. Свой намер балятавацца ў прэзыдэнты афіцыйна падцьвердзіў віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі абароны правоў чалавека Мікалай Мекека. Сёньня заявы паступілі ад старшыні Рэспубліканскага камітэту Беларускага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Ярашука, простага інжынэра Канстанціна Канановіча, гендырэктара ЗАА “Атлант” Леаніда Калугіна і пакуль невядомага Валянціна Семакі.
Зьбіраецца рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу й невядома адкуль узьніклы Аляксей Ляшко, інжынэр-будаўнік і дырэктар гомельскага ТАА “Ліпень”. Ён нарадзіўся ў 1949 годзе, па спэцыяльнасьці інжынэр-будаўнік.
Акрамя таго, Сямён Домаш днём 14 чэрвеня адазваў сьпісы сваёй ініцыятыўнай групы. Як патлумачыў сытуацыю сакратар ЦВК Мікалай Лазовік, камісія рэкамендавала яму зрабіць гэта па прычыне значных парушэньняў заканадаўства ў сьпісах.