Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ВУЧОНАГА З СУСЬВЕТНЫМ ІМЯ ПРЫГАВАРЫЛІ ДА 8 ГАДОЎ ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ ВОЛІ 11:10, 18/06/2001
Буйны спэцыяліст у вобласьці радыяцыйнай медыцыны, былы рэктар Гомельскага медычнага інстытута Юры Бандажэўскі прыгавораны сёньня да 8 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Рашэньнем суда прафесар Бандажэўскі таксама пазбаўлены вайсковага званьня “падпалкоўнік медычнай службы ў запасе”, і яму напрацягу 5 гадоў пасьля адбыцьця пакараньня забаронена займаць пасады кіраўніка.
Судовы працэс над былым рэктарам Гомельскага медычнага інстытута, вучоным, які вывучаў наступствы Чарнобыльскай аварыі, Юры Бандажэўскім цягнуўся 4 месяцы. Прафесара абвінавачвалі ў атрыманьні хабару ад студэнта. Некалькі месяцаў у канцы 1999 года Банадажэўскі правёў у турме.
У ягоную абарону выказаліся многія праваабарончыя й міжнародныя навуковыя арганізацыі, Эўразьвяз прысудзіў Юры Банадажэўскаму Пашпарт свабоды. На думку грамдзкасьці, сапраўднай прычынаю арышту прафесара стала нежаданьне ўладаў даць яму распавядаць праўду пра згубныя наступствы Чарнобылю.
На думку праваабаронцаў, справа Бандажэўскага была сфабрыкавана, каб ён больш ня мог крытыкаваць палітыку ўраду ў пытаньні аб пераадоленьні наступстваў радыёактыўнага забруджаньня.
У апошнія гады ўнутры краіны беларускае кіраўніцтва адмаўляла наяўнасьць наступстваў чарнобыльскай аварыі (каб супакоіць насельніцтва й асвоіць вялікія сельскагаспадарчыя надзелы, пакінутыя пасьля выбуху).
Праведзеныя Бандажэўскім дасьледваньні выявілі небясьпечную супярэчнасьць. У той час, як афіцыйная беларуская медыцына прызнае толькі існаваньне сувязі паміж аварыяй на Чарнобыльскай АЭС і такімі захворваньнямі, як рак шчытавіднай залозы й лейкімія, ён знайшоў прамую сувязь паміж радыяцыяй й хваробамі сэрца й нырак. Больш за тое, Бандажэўскі падверг Міністэрства здароўя рэзкай крытыцы за недастатковае выдзяленьне сродкаў на ягоныя дасьледваньні.
Тыдзень таму Юры Бандажэўскі, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, быў затрыманы на мяжы з Украінай пры спробе перасекчы яе па прадробленых дакумэнтах. Па версыі праваахоўчых ворганаў, ён спрабаваў схавацца ад правасудзьдзя. Аднак гэты так званы пабег Бандажэўскага мог быць простай правакацыяй, зладжанай уладамі для апраўданьня неверагодна жорсткага прысуду.
Сам прафесар на прэсе сваю віну адмаўляў і сьцьвярджаў, што ён падвяргаецца перасьледу па палітычных матывах за крытыку ўладаў пра меры абароны насельніцтва рэспублікі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.