Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнку блага сустрэлі. А могуць і наогул праводзіць 11:07, 21/06/2001, КоммерсантЪ
Учора ў Маскву прыбыў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Падстава для візыту – нейкія праблемы саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі. Хацелася ж спадару Лукашэнку запэўніцца, што расейскія ўлады па-ранейшаму лічаць яго сваім кандыдатам на выбарах у Беларусі. Але беларускага прэзыдэнта чакала горкае расчараваньне.
Першыя непрыемнасьці чакалі Аляксандра Лукашэнку адразу ва ўрадавым аэрапорце Ўнукава-2: яго сустракалі, мякка кажучы, не на самым высокім узроўні: міністар па падатках і зборах РФ Генадзь Букаеў дый непазьбежны дзяржсакратар Саюзу Расеі й Беларусі Павал Барадзін. А два тыдні таму спадар Лукашэнка праводзіў Уладзімера Пуціна не проста да аэрапорту, але нават – у парушэньне пратаколу – падняўся зь ім па трапу ў самалёт.
Новая сустрэча з прэзыдэнтам Пуціным ніколькі не суцешыла беларускага “бацьку”. Замест таго каб заявіць штосьці кшталту “Расея падтрымлівае прэзыдэнта саюзнай Беларусі”, Уладзімер Пуцін толькі пацікавіўся ходам падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў. Да таго ж задаў пытаньне, прычым у прысутнасьці журналістаў, непрыемнае пытаньне: “А ці будзе ў гэтай кампаніі вялікая канкурэнцыя?” – “Очень большая, -- кінуў заўважна расчараваны спадар Лукашэнка і дадаў: “Зарегистрированы уже 22 группы по сбору подписей".
Тут расейскі прэзыдэнт нечакана перадаў госьцю прывітаньне ад прэм’ера Міхаіла Касьянава, хаця ў Аляксандра Лукашэнкі літаральна праз пару гадзінаў была заплянавана сустрэча зь ім. Уладзімер Пуцін падкрэсьліў, што станоўча ацэньвае намаганьні ўрадаў дзьвюх краінаў па эканамічнай каардынацыі і што яны “няблага папрацавалі”.
Гэтая адзнака дакладна не спадабалася госьцю. Бо толькі што Аляксандар Лукашэнка рабіў гнеўныя нападкі на расейскага прэм’ера і нават прапаноўваў зьмяніць яго на пасту главы саюзнага ўраду.
Так што нічога суцяшальнага спадару Лукашэнку ў Маскве не сказалі. Беларускі прэзыдэнт, які паўсюль баіцца змоваў і бачыць іх паўсюль, пасьля такой халоднай сустрэчы ня можа ня ўпасьці ў адчай: з 7 чэрвеня, калі беларускі парлямэнт прызначыў прэзыдэнцкія выбары ў рэспубліцы на 9 верасьня, “бацьку” праста перасьледуюць няўдачы, прычым ён ня можа не зьвязваць іх зь дзейнасьцю расейскіх уладаў.
Невядома адкуль зьявіліся два беларускіх сьледчых, якія абвінавацілі Аляксандра Лукашэнку ў фізычнай ліквідацыі палітычных праціўнікаў і журналіста ГРТ Зьміцера Завадзкага і неадкладна пасьля гэтага атрымаўшы палітычнае сховішча ў ЗША – дакладна па сцэнару ўкраінскай “справы Гангадзэ”. Беларускі прэзыдэнт зараз упэўнены, што кампрамат трапіў у ФСБ.
У сьвеце такіх падзеяў беларускаму прэзыдэнту вельмі важна трымаць пад кантролем сродкi масавай інфармацыі, адкуль вобыскі ў апазыцыйных газэтаў, якіх засталося няшмат у нашай краіне. Але расейскія СМІ Аляксандар Лукашэнка пад кантроль узяць ня можа, хаця ўжо рабіў спробы адключыць насельніцтва ад расейскага тэлебачаньня.
Таму другой, цесна зьвязанай зь першай, задачай у Маскве ў “бацькі” было атрымаць гарантыі інфармацыйнай падтрымкі (ці хаця б нейтральных адносінаў да ягонай кандыдатуры) у расейскіх СМІ. Казаць пра гэта, па інфармацыі Ъ зь беларускіх спэцслужбаў, ён пачаў яшчэ 1 чэрвеня ў менскім аэрапорце, калі праводзіў Уладзімера Пуціна на борт самалёту. Але канчатковага адказу не атрымаў. Учора прэсавы сакратар беларускага прэзыдэнта Мікалай Барысевіч падцьвердзіў Ъ, што пытаньне аб асьвятленьні дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі ў расейскіх СМІ сапраўды падымалася ў Крамлі.
Наогул, учора спадару Лукашэнку нічога не заставалася, як зьвярнуцца за падтрымкаю да народа й вымавіць сваю каронную фразу: "Народ Беларуси понимает, что Россия не подставит союзников". Добра, што расейскі прэзыдэнт пярэчыць ня стаў.