Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Партыі патрабуюць распусьціць нелегітымныя выбарчыя камісіі 11:07, 27/06/2001
10 палітычных партыяў Беларусі, што ўваходзяць у Міжпартыйны цэнтар, прынялі ўчора вечарам мемарандум, у якім заклікалі ўлады распусьціць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі на той падставе, што яны сфармаваны незаконна. Міжпартыйны цэнтар зрабіў выснову, што сыстэма выбарчых камісіяў, якая склалася ў Беларусі, супярэчыць ня толькі беларускаму, але й міжнароднаму заканадаўству. Гэтая сыстэма дае вялікія перавагі Лукашэнке й выключае свабодныя й дэмакратычныя выбары.
Нагадаем, што ўлады запусьцілі механізм фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, сфармаваўшы тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі па сьпісах, падрыхтаваных Адміністрацыяй прэзыдэнта. З 600 членаў палітычных партыяў трапіць у выбарчыя камісіі здолелі толькі адзінкі.
Зараз, пасьля падрабязнага фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў улады пачынаюць стварэньне камісіяў больш нізкага ўзроўню – участковых. Але па словах кіраўніка Міжпартыйнага цэнтра В.Сіўчыка, “ужо ёсьць сьпісы ўчастковых камісіяў і, не маючы легітымных тэрытарыяльных камісіяў, разважаць пра ўчастковых не прыходзіцца”.
Міжпартыйны цэнтар, па словах Сіўчыка, ня лічыць эфектоўным звароты ў суд. Партыі апелююць да патэнцыйных кандыдатаў і міжнароднай супольнасьці.