Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ханс-Георг Вік, падобна, усё ж персона нон-грата ў Беларусі 11:16, 27/06/2001
Заплянаваная на 27 чэрвеня сустрэча старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай з кіраўніком Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ Хансам-Георгам Вікам сарвана. Глава ЦВК аддала перавагу нейкаму сэмінару ў Брэсьце, а не сустрэчы з амабасадарам, распавесьці пра гэта ў ЦВК адмовіліся. Адначасова ў КНГ АБСЭ паведамілі, што беларускі бок да гэтага часу не накіраваў запрашэньне міжнародным назіральнікам для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта запрашэньне не трапіла ні ў адрэс КНГ АБСЭ, ні дзейнаму старшыні АБСЭ.
У КНГ АБСЭ паведамілі, што сустрэча з Лідзіяй Ярмошынай нібыта перанесена на наступны тыдзень, і павінна быць прысьвечана абмеркаваньню “арганізацыі выбарчага працэсу”. Цэнтрвыбаркам папярэдзіў, што яна будзе “закрытай” і журналістаў туды ня пусьцяць.
Нагадаем, што паводле інфармацыі прэсавага цэнтра Хартыі’97, да 20 чэрвеня глава Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ханс-Георг Вік павінен быў пакінуць тэрыторыю Беларусі. Такі ультытатум быў выстаўлены АБСЭ колькі часу таму Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак са штаб-кватэры гэтай арганізацыі была атрымана адмова. І вось ужо другі тыдзень, як сп.Вік знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў дастаткова нявызначаным становішчы.
Сам глава КНГ АБСЭ ў канцы мінулага тыдня заяўляў, што мае мандат, выдадзены АБСЭ, і ў адпаведнасьці зь ім мае намер працягваць працаваць. Але ад прамога адказу Ханс-Георг Вік усё ж не адказаў прама: быў ультыматум Лукашэнкі ці не.