Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты пратэстуюць супраць прыняцьця дэкрэту №20 11:08, 28/06/2001
Прэтэндэнты на пост главы дзяржавы крытычна ацэньваюць дэкрэт прэзыдэнта №20 “Аб абавязковым дэкляраваньні даходаў і маёмасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, ягоных сваякоў, жонкі (мужа), і ейных (ягоных) бацькоў і некаторых іншых мерах, накіраваных на правядзеньне адкрытых, свабодных і сумленных выбараў”. “Дэкрэт зьяўляецца яшчэ адным падцьверджаньнем таго, што Лукашэнка не ладзіць зь дзейным заканадаўствам”, - заявіў адзін з патэнцыйных прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта Беларусі Сямён Домаш.
“У выбарчым кодэксе дакладна пазначана, што толькі кандыдат павінен прадстаўляць дэклярацыю, прычым ужо пасьля рэгістрацыі, - заявіў Сямён Домаш. – І я з гэтым згодзен, гэта нармальнае патрабаваньне. Рашэньне Лукашэнкі я расцэньваю не інакш як зьмену правілаў гульні ў той час, калі гэтая гульня ўжо пачалася. Такія дзеяньні зьяўляюцца характэрнай прыкметай нахабных паводзінаў Лукашэнкі на правым полі”.
Праўда, як зазначыў Сямён Домаш, “сёньняшняя сытуацыя адрозьніваецца хаця б тым, што Лукашэнка, які падпісаў дэкрэт, зьяўляецца адным зь верагодных кандадатаў і ён фактычна выкарыстоўвае сваё службовае становішча”. “Наогул такога кшталту дэкрэт у цывілізаваным сьвеце калі б і зьявіўся, то адразу стаў бы прадметам разгляду ў Канстытуцыйным судзе і, я ўпэўнены быў бы адменены, - сказаў С.Домаш. – Фактычна гэтым дэкрэтам ствараюцца дадатковыя перашкоды для будучых кандыдатаў, ствараецца атмасфера напружанасьці.
І не таму, што хтосьці мае праблемы з дэкляраваньнем. Сабраць дэклярацыі з такой колькасьці сваякоў за той час, які застаўся, вельмі складаная задача. Ёсьць толькі адзін станоўчы момант: можа, хоць такім чынам Лукашэнка нарэшце даведаецца, якія сёньня пенсыі ў тыпічных беларускіх пенсыянэраў, бацькоў ці бабуль будучых кандыдатаў”.
“Жахлівай бязглузьдзіцай” назваў дэкрэт яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Павал Казлоўскі. Яму цікава, “як будзе запаўняць Лукашэнка: у якім доме жыве ягоная маці, хто ёй пабудаваў дом”. Былы міністар абароны паведаміў БелаПАН пра тое, што ў сувязі са зьяўленьнем прэзыдэнцкага дэкрэта “рыхтуецца зварот у Канстытуцыйны суд”.