Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Патлумачыць дэкрэт ня могуць нават чыноўнікі Адміністрацыі 11:05, 29/06/2001
Загадчык адзьдзелам па сувязях з грамадзкімі арганізацыямі Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Валеры Мізееў падчас прэсавай канферэнцыі ня здолеў патлумачыць журналістам, на якой стадыі прадвыбарчай гонкі ейныя ўдзельнікі павінны прадстаўляць у ЦВК сваю і сваіх сваякоў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці. Ён нават ня мог сказаць, ці існуюць у выбарчым кодэксе якіх-небудзь краінаў такія нормы, прадугледжаныя дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі №20, як дэкляраваньне даходаў і маёмасьці ня толькі кандыдата ў прэзыдэнты, але й ягоных дзяцей, унукаў, бацькоў, бабуль і дзядуль. Валеры Міхееў адмовіўся разважаць аб карэктнасьці ці некарэктнасьці дзеяньняў Лукашэнкі, які зьмяняе правілы вядзеньня выбарчай кампаніі ў той момант, калі яна ўжо пачалася.
Справа ў тым, што, як згадваюць у сваіх камэнтарах адносна дакумэнту некаторыя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, дэкрэт не дае дакладнага тлумачэньня, калі яны мусяць прадаставіць дэклярацыі: да рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў разам са 100 тысячамі подпісаў – ці ўжо пасьля рэгістрацыі. Назоў дакумэнту кажа, што дэкляраваць даходы й маёмасьць павінны кандыдаты ў прэзыдэнты, тыя, хто ўжо зарэгістраваны ЦВК. А ўдзельнікі прэзыдэнцкай кампаніі на дадзены момант толькі патэнцыйныя кандыдаты.
У той самы час у тэксьце дэкрэту (п.1.10) гаворыцца: “Для прыняцьця рашэньня аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў, акрамя дакумэнтаў, згаданых у частцы чацьвёртага артыкулу 68 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, ягонымі блізкімі сваякамі (бацькамі, дзецьмі, усынавіцелямі, усанаўлённымі, роднымі братамі й сёстрамі, дзедам, бабкай, унукамі), жонкай (мужам) і іхнымі бацькамі павінны быць прадастаўлены дэклярацыі аб даходах і маёмасьці...”
Яшчэ больш блытанай робіць сытуацыю п.1.3 дэкрэту, што кажа, што “прадастаўленьне... неадпаведнай рэчаіснасьці інфармацыі цягне за сабой адпаведна адмаўленьне ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ці адмену рашэньня аб ягонай рэгістрацыі”.
Першапачаткова сп.Міхееў заявіў, што прадастаўляць дэклярацыі павінны зарэгістраваныя кандыдаты, аднак пасьля, гледзячы па ягоных адказах на ўдакладняючыя пытаньні, засумняваўся.