Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Вертыкаль” узялася за зьнічтажэньне “Барысаўскіх навінаў” 11:13, 29/06/2001
Вось ужо тыдзень пошта Барысава адмаўляецца абслугоўваць незалежны штотыднёвік “Барысаўскія навіны”, што выходзіць 15-ці тысячным накладам і распаўсюджваецца па чатырох раёнах Менскай вобласьці. Як паведаміў "Рацыё Свабода" галоўны рэдактар і сузаснавальнік выданьня Анатоль Букас, кіраўніцтва Барысаўскага гарвыканкаму забараніла мясцоваму вузлу сувязі пералічваць выданню грошы чытачоў за падпіску на другое паўгодзьдзе.
Па словах журналістаў, такой незаконнай мерай гарадзкія ўлады штурхаюць калектыў рэдакцыі да банкруцтва. Канчатковая ж мэта вертыкалі – ня даць штотыднёвіку да 1 ліпеня перарэгістрацыю.
Анатоль Букас распавёў, што барысаўскія ўлады стала адцягваюць рэгістрацыю выданьня па той ці іншай адрэсе ў Барысаве. Рэдакцыя вымушана разьмяшчацца ў кватэры Букаса. Да таго ж стала ствараюцца перашкоды продажу “Барысаўскіх навінаў” у розьніцу. Так, кіраўнікі выканкаму забаранілі дзяржаўным гастраномам прадаваць газэту пакупнікам.
Размовы са старшынём адзьдзелу інфармацыі Барысаўскага выканкаму Мядзельцывым і кіраўніком справаў выканкаму Дронавай у "Радыё Свабода" не атрымалася. На іх думку “газэта тэндэнцыёзна і неаб’ектыўна асьвятляе працу й дзейнасьць гарадзкіх уладаў”. Пытаньні Радыё Свабода засталіся без адказу.