Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За распаўсюд «Нашай Свабоды» было затрымана 17 зуброў 11:14, 03/07/2001, ЗУБР
17 зуброў былі затрыманы ў Менску супрацоўнікамі праваахоўчых ворганаў 28 і 29 чэрвеня за распаўсюд спэцвыпуску газэты “Наша свабода”, прысьвечанага надыходзячым прэзыдэнцкім выбарам. У распаўсюджанай зубрамі газэце быў таксама апублікаваны скандальны ліст былых сьледчых пракуратуры Зьміцера Петрушкевіча й Алега Случака, якія абвінавацілі ўлады ў выкраданьнях і забойствах вядомых ў Беларусі людзей. Міліцыянты актыўна хапалі зуброў у розных частках горада і суправаджалі пад канвоем у вучасткі й апорныя пункты міліцыі.
Аднак на гэтым усё сканчвалася. “Стражы парадку” з цікаўнасьцю знаёміліся са зьместам газэты і адпускалі праз дастаткова кароткі час, яны не складалі пратаколы затрыманьня і не канфіскоўвалі ніводнага асобніка газэты. Ня ўлічваючы, вядома тых газэтаў, якія яны прасілі даць “пачытаць усім адзьдзелам”. Пасьля затрыманьняў зубры вярталіся на мінулыя месцы й працягвалі распаўсюджваць спэцвыпуск сярод менчукоў.
Неабходна адзначыць, што адносіны супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў да распаўсюду спэцвыпускаў незалежных газэтаў рэзка зьмянілася ў адваротны бок. Калі спачатку хлопцаў, што распаўсюджвалі газэты , хапалі дзесяткамі і трымалі ня меней дазволеных у такіх выпадках 3-х гадзінаў і канфіскоўвалі пры гэтым па некалькі тысячаў накладнікаў газэтаў, то зараз, як відаць, міліцыянтам надакучыла выступаць у ролі прыціскацеляў свабоднага слова. І яны зразумелі, што прышоў ЧАС ВЫБІРАЦЬ.