Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“7 ліпеня будзе год, як пры нявысьветленых абставінах зьнік наш калега Зьміцер Завадзкі. Беларускія журналісты хочуць ведаць КУДЫ ЗЬНІК ЗАВАДЗКІ, ДЗЕ ЁН І ШТО ЗЬ ІМ? Увесь мінулы год, пакуль ішло сьледзтва, грамадзкасьць была сьведкам гучных заяваў і пагрозьлівых абяцаньняў знайсьці злачынцаў. Сёньня праз год пасьля трагедыі, сьледзтва скончана. Але беларускія ўлады не зрабілі самага галоўнага – не знайшлі Зьміцера. Мы заклікаем усіх беларускіх журналістаў праявіць карпаратыўную салідарнасьць, каб прымусіць улады адказаць на пытаньне ДЗЕ НАШ КАЛЕГА?”, - з такой заяваю напярэдадні гадавіны зьнікненьня аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
11 з 22 патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі падпісаліся пад зваротам да беларускага народа і міжнароднай супольнасьці. Аўтары звароту лічаць, што А. Лукашэнка вырашыў паўтарыць сцэнар выбараў у “палату прадстаўнікоў”. “Наперад плянуецца аб’явіць яго пераможцам, хаця дакладна вядома: за Лукашэнку нават на старце выбарчай кампаніі маюць намер прагаласаваць каля 20 адсоткаў выбаршчыкаў, і гэта пры тым, што рэйтынг яго няўхільна падае”, - гаворыцца ў дакуманце.
Па дадзеных Беларускага Гэльсінкскага камітэту, выканаўчая “вертыкаль” сфармавала рэгіянальныя штабы з мэтаю правядзеньня арганізацыйных і інфармацыйна-тлумачальных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзеньню выбараў прэзыдэнта Беларусі. На думку БГК, фактычнай мэтаю дадзеных штабаў зьяўляецца правядзеньне мерапрыемстваў з выкарыстаньнем адміністратыўнага рэсурсу ў падтрымку Лукашэнкі для ягонага паўторнага перавыбрання на пост прэзыдэнта.
Дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня адправілася ў Парыж, дзе з 6 па 10 ліпеня пройдзе сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. У складзе дэлегацыі Вярхоўнага Савету – Анатоль Лябедзька, Уладзімер Кудзінаў і Віктар Хоміч. У Парыж дэлегацыя Вярхоўнага Савету вязе пакет дакумэнтаў і прапаноў, сярод якіх – зварот шэрагу патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і лідэраў вядучых дэмакратычных партыяў на імя дзейнага старшыні АБСЭ і кіраўніка ПА АБСЭ.
Упраўленьнем КДБ па Гарадзенскай вобласьці ўначы з 22 на 23 чэрвеня быў затрыманы прафесар, загадчык кафедрай Гарадзенскага медычнага ўнівэрсытэту і старшыня Саюзу польскіх дактароў на Беларусі Казімір Конкаль. Нягледзячы на тое, што прафесар Конкаль быў затрыманы амаль два тыдні таму, вядома пра гэта стала толькі зараз, паведамляе БелаПАН.
У Менску затрыманы 45-гадовы непрацоўны жыхар беларускай сталіцы Сяргей Лапцеў, які ў час масавага лёгкаатлятычнага забегу кінуў памідор у Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта паведамілі “Інтэрфаксу” у ГУУС Менску. Трэба зазначыць, што ў час забегу ў Лукашэнку, акрамя памідора, кінулі востры прадмет, у выніку чаго ў яго “былі пашкоджаны мягкія тканіны галёнкаступнёвага суставу”
Плацежаздольнасьць прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу на 1 траўня 2001 года склала 3,9 адсоткі. Па дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу, найгоршая плацежаздольнасьць у прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі - 2,2 адсоткі. На 1 траўня 40,5 адсоткі беларускіх прадпрыемстваў былі стратнымі (на 1 красавіка - 40,1 адсоткі, на 1 траўня 2000 года - 32,1 адсоткі). Больш за ўсё стратных прадпрыемстваў у магілёўскай вобласьці (52,2 адсоткі) і Віцебскай (51,5).
Прэзыдэнт Латвіі Валдас Адамкус сёньня наведаў літоўска-беларускую мяжу. Мэта ягонай паездкі – паглядзець у дзеяньні новую памежную сыстэму інфрачырвонага кантролю. Літва мае намер укладаць сродкі ва ўмацаваньне сваіх межаў зь Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю. Мяркуецца, што ў будучым яны стануць зьнешнімі межамі Эўразьвязу. Межы Літвы з Польшчай і Латвіяй разглядаюцца як унутраныя межы ЭЗ, і ступень кантролю будзе паменшана.
Пятага жніўня мінулага года Зьміцер Петрушкевіч разам са сваімі калегамі з крымінальнага росшуку былой савецкай рэспублікі Беларусь арыштаваў некалькі мясцовых галаварэзаў, што падазраюцца ў жорсткім забойстве і крадзяжы. Пры вобыску, праведзеным у аднаго зь іх дома, была знойдзена газэтны матэрыял– інтэрвію зь вядомым беларускім журналістам Зьміцерам Завадзкім - аператарам расейскага тэлеканалу, які, пасьля нашумелага скандалю з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, бяз зьвестак зьнік каля месяца таму.
У пачатку ліпеня ў Празе грамадзкая моладзёвая арганізацыя “Маладыя кансерватары”, Юніор-клюб хрысьціянскіх дэмакратаў І Маладыя сацыял-дэмакраты заснавалі дэклярацыю супраць парушэньняў правоў чалавека “Эўрапейская моладзь супраць таталітарызму”. Дэклярацыю падпісалі асноўныя эўрапэйскія моладзёвыя супольнасьці – Моладзь Эўрапэйскай народнай партыі, Дэмакратычная моладзёвая супольнасьць Эўропы, Эўрапэйскія дэмакратычныя студэнты, Маладыя Эўрапэйскія сацыялісты, Міжнародны саюз сацыялістычнай моладзі. Прапануем вам тэкст рэзылюцыі цалкам.
У Аляксандра Лукашэнку кінулі чымсьці з натоўпу, і гэты прадмет падрапаў яму нагу. Як паведамляе ТБ-6, інцыдэнт адбыўся ў аўторак падчас сьвяточнай спартовай эстафеты на прашпэкце Францыска Скарыны ў цэнтры Менску наладжанай у гонар Дня вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў.
Расейская прэса адрэагавала на ўчорашні прабег Лукашэнкі на лыжарольлерах і ня ўпусьціла момант згадаць пра дыягназ “памяркоўна выражаная псыхапатыя з перавагаю рысаў паранаідальнага і дыссацыяльнага разладу асобы”, пастаўлены беларускаму лідэру. Вось, што, напрыклад, піша расейская gazeta.ru: “Бліжэй да выбараў апаненты Лукашэнкі ўсё часьцей сталі публічна сумнявацца ў ягоным псыхічным здароўі, бо ня маюць сілаў знайсьці тлумачэньне некаторым зь ягоных учынкаў. Трэба зазначыць, што апасеньні апазыцыі, калі верыць дыягназу беларускага доктара-псыхіятара Шчыгельскага, маюць падставу”.