Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі затрыманы старшыня Саюзу польскіх дактароў 11:08, 04/07/2001
Упраўленьнем КДБ па Гарадзенскай вобласьці ўначы з 22 на 23 чэрвеня быў затрыманы прафесар, загадчык кафедрай Гарадзенскага медычнага ўнівэрсытэту і старшыня Саюзу польскіх дактароў на Беларусі Казімір Конкаль. Нягледзячы на тое, што прафесар Конкаль быў затрыманы амаль два тыдні таму, вядома пра гэта стала толькі зараз, паведамляе БелаПАН.
Згодна афіцыйнай версыі, Конкаль быў затрыманы ў сваім кабінеце гарадзкога клінічнага шпіталю. Падставаю стала нібыта атрыманьне ім хабару ў памеры 50 даляраў ЗША ад студэнта – грамадзяніна Пакістану за, як адзначана ў пратаколе, “пасьпяховае вырашэньне пытаньня” здачы іспыту. Па інфармацыі КДБ, пры затрыманьні Конкаль праглынуў купюру. У мэтах сьледзтва яго даставілі ў адзьдзяленьне фібрагастраскапіі шпіталю хуткай дапамогі, аднак праведзеныя дасьледваньні не паказалі наяўнасьці купюры ці ейных рэшткаў у арганізме прафесара.
Па словах Ірыны Конкаль, жонкі затрыманага, напярэдадні арышту ў кабінет да ейнага мужа зайшоў супрацоўнік КДБ. Ён паказаў прафесару нейкі артыкул замежнай прэсы і хацеў даведацца ягоную думку на гэты конт, пытаўся таксама пра сувязі за мяжой, удакладняў, ці зьяўляецца Конкаль старшынёй Саюзу польскіх дактароў на Беларусі. У гэтыя ж дні, як сьцьвярджае Ірына Конкаль, у мужа зьніклі ключы ад кабінету.
Па словах Ірыны Конкаль, пасьля затрыманьня ейны муж утрымліваецца ў “нячалавечых” умовах: “Цэлы тыдзень яму не даюць гарачай ежы. У гарбату дадаюць нейкія падазроныя рэчывы. Усё робіцца дзеля таго, каб вырваць з яго любымі шляхамі прызнаньне”.
Тадэвуш Гавін, былы старшыня Саюзу палякаў, заявіў БелаПАН, што затрыманьне Конкаля – акцыя, “накіраваная на тое, каб перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі запалохаць тую частку польскага насельніцтва, якая расчаравалася ў Лукашэнку і будзе галасаваць за іншага кандыдата”. Сапраўднай прычынай гэтай “правакацыі”, лічыць Гавін, “зьяўляецца той факт, што Казімір Конкаль у пачатку гэтага года вёў перамовы аб узнаўленьні дзейнасьці ў Беларусі Польскага дэмакратычнага аб’яднаньня, якое б уключылася б у супрацоўніцтва зь беларускім дэмакратычным рухам”.