Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Наталя Машэрава расьпісалася ў сваім бясьсільлі 11:04, 05/07/2001
Наталя Машэрава – “дэпутат” і дачка кіраўніка БССР Пятра Машэрава – вырашыла адмовіцца ад барацьбы за пост прэзыдэнта Беларусі на надыходзячых выбарах. Машэрава падала ў Цэнтрвыбаркам заяву з просьбай ануляваць рэгістрацыю ейнай ініцыятыўнай групы. Прычыны гэтай просьбы ў заяве не тлумачацца. Цэнтрвыбаркам плянуе сёньня прыняць рашэньне па заяве Машэравай.
Адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы Н.Машэравай Юры Марозаў ня стаў тлумачыць прычыны адмовы Н.Машэравай прымаць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і заявіў, што “лепш, чым Наталя Пятроўна ніхто пра гэта не скажа”. Аднак зьвязацца з самой Машэравай для камэнтару пакуль не ўдалося. Раней, адказваючы на пытаньне адносна магчымага зьняцьця сваёй кандыдатуры з удзелу ў выбарах, Машэрава казала, што “усё нашмат складаней, чым вы думаеце”.
Якімі б ня былі прычыны адмовы Машэравай ад удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, ясна адно – прагнозы большасьці палітыкаў і журналістаў, якія сьцьвярджалі, што Наталя Машэрава – самы сур’ёзны супернік Лукашэнкі, найбольш верагодны прэтэндэнт на пост главы дзяржавы, чалавек, які зь лёгкасьцю забярэ галасы выбаршчыкаў як у Лукашэнкі, так і ў дэмакратычнай апазыцыі і т.д, не апраўдаліся.