 | ПАЛIТЫКА |  |

Міжнародныя арганізацыі каардынуюць дзейнасьць адносна Беларусі 11:13, 09/07/2001

Дэлегацыя Вярхоўнага Савету Беларусі выкарыстала сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, што праходзіць 6-10 ліпеня для інфармаваньня парлямэнцкіх дэлегацыяў з 54 краінаў аб сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Былі праведзены двухбаковыя сустрэчы з прадстаўнікамі дэлегацыяў ЗША, Польшчы, Расеі, Швэцыі, Фінляндыі, Украіны, Славакіі і Нідэрляндаў. Некалькі дзесяткаў парлямэнтарыяў паставілі свае подпісы пад спэцыяльнаю заяваю па сытуацыі ў Беларусі, у якой патрабуецца вызваленьне дэпутатаў Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава і Валеры Шчукіна, што знаходзяцца за кратамі. 
Расейскія прафсаюзы не прызнаюць недэмакратычна выбранага прэзыдэнта Беларусі 11:12, 09/07/2001

Каардынацыйны савет прафсаюзаў Расеі й Беларусі падтрымаў ліпеньскае рашэньне Міжнароднай арганізацыі працы аб прыняцьці адносна Беларусі адпаведнага параграфу. Але, як вынікае з тлумачэньняў лідэраў беларускіх і расейскіх прафсаюзаў, Ганчарыка і Шмакава. Беларускія ўлады працягваюць ігнараваць міжнародныя працоўныя стандарты. Лідэр расейскіх прафсаюзаў Міхаіл Шмакаў заявіў, што калі незалежныя назіральнікі прызнаюць выбары прэзыдэнта недэмакратычнымі, то такую самую палітыку зоймуць і расейскія прафсаюзы. 
Беларускі рэжым хацеў падпісаць дамову бясьпекі з НАТА 11:11, 09/07/2001

Беларусь хацела падпісаць дамову бясьпекі з НАТА, зявіў міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў, паведамляе ПАП-Франс Прэс ЭЛЬТА. Калі казаць пра магчымасьці Літвы, Латвіі, зь якімі ў Беларусі агульная мяжа, i Эстонii ўступiць у НАТА міністар сказаў, што, Беларусь «супраць стварэньня ваенных груповак ля сваіх дзьвярэй. Таму яна мае патрэбу падпісаць дамову бясьпекі з НАТА, каб адчуваць сябе ў поўнай бясьпецы». 
У Беларусі асудзяць шпіёна 11:10, 09/07/2001

У Беларусі скончана рассьледаваньне па справе грамадзяніна Нямеччыны Крыстафера Леца, які абвінавачваецца ў шпіянажу. Ён стане перад ваенным судом. Лец быў затрыманы ў Маскве ў верасьні мінулага года і выдадзены беларускім уладам. У атмасфэры прадвыбарчай барацьбы зноў зьўляецца матыў шпіёнаманіі. Афіцыйны Менск, зьвяртае ўвагу Радыё Свабода, стала абвінавачвае замежныя разьведслужбы ў спробах дыскрэдыдаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. 
Скарацiлiся аб’ёмы будаўнічых працаў 11:09, 09/07/2001

Ня выключана, што ў канцы гэтага года многія будаўнічыя арганізацыі Магілёўскай вобласьці будуць адпраўленыя ў вымушаныя водпускі. Да такой высновы прыйшлі мясцовыя спэцыялісты, прааналізаваўшы сытуацыю ў будаўнічым комплексе Магілёўшчыны. 
На нафтапровадзе «Дружба» адбылася ўцечка паліва 11:08, 09/07/2001

Паліўны фантан, што біў з трубы дыямэтрам 630 мілімэтраў нафтапроваду «Дружба», выявіў 7 ліпеня жыхар вёскі Пелішча Камянецкага раёну непадалёк ад гэтага населенага пункту. Прыехаўшыя на месца здарэньня супрацоўнікі аварыйна-ратавальнага атраду МНС патэлефанавалі на насосна-перакачальную станцыю, дзе тэрмінова панізілі ціск, што дазволіла ліквідаваць аварыю. Аднак, да гэтага часу, па пяпарэдніх дадзеных, ужо адбылася ўцечка каля 10 тонаў нафты. 
Камісар Эўрапарямэнту выступіў за жосткую палітыку да Беларусі 11:07, 09/07/2001

Прадстаўнік Камісіі Эўрапарлямэнту па міжнародных адносінах сп.Хон Крыс Патэн выступіў на экстраных слуханьнях Парлямэнту ў Страсбургу 5 ліпеня з заяваю, прысьвечанай прадвыбарчай сытуацыі на Беларусі, мараторыю на сьмяротнае пакараньне, свабодзе веравызнаньня ў Вьетнаме. Ніжэй мы прыводзім урывак з выступу сп. Патэна, непасрэдна прысьвечаны Беларусі. 
“Рэспэкт”: Лукашэнка трымае ўладу пры дапамозе міліцэйскіх дубінак 11:06, 09/07/2001

“Лукашэнкаўская дубінка” – такі назоў мае артыкул, апублікаваны ў апошнім нумары чэскага штодзёньніка “Рэспэкт”, які распавядае аб сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. “Прэзыдэнт напрацягу ўсяго тэрміну перасьледваў сваіх апанентаў пасьлядоўна і ўсімі мэтадамі. Калі яны ня зьніклі пры загадкавых абставінах, дзяржаўная інфармацыйная машына стварыла ім такі негатыўны вобраз, што для большасьці людзей якія не маюць доступу да альтэрнатыўных інфармацыйных крыніцаў, апазыцыянэры не ўспрымаюцца станоўча”.
Рэпрэсіі супраць актывістаў ЗУБРа ў Барысаве 11:05, 09/07/2001, ЗУБР

У гарадзкім судзе Барысава была разгледжана справа актывіста руху ЗУБР Зьміцера Фядорчанкі. 1 чэрвеня ён прымаў удзел у несанкцыянаваным пікеце на ганку гарвыканкаму. Пікет быў прысьвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Судзьдзя Барысаўскага гарсуда Аляксей Болатаў прысудзіў яму за гэта буйны штраф – 150 мінімальных заробкаў (каля 750 даляраў ЗША). 
Уладзімер Ганчарык сабраў 100 тысячаў подпісаў 11:04, 09/07/2001

Як паведамляе ініцыятыўная група патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай набраў неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў. Некалькі тысячаў патрэбнай колькасьці не хапае Сямёну Домашу. За Міхаіла Чыгіра аддалі свае галасы 72 тысячы чалавек, Сяргея Калякіна – 68 тысячаў, Сяргея Антончыка – 60 тысячаў, Аляксандра Ярашука – 57 тысячаў. 
75% беларусаў патрабуюць прысутнасьці незалежных назіральнікаў 11:03, 09/07/2001

“Ці будзеце Вы болей давяраць вынікам выбараў, калі на іх будуць прысутнічаць незалежныя назіральнікі?” – з такім пытаньнем зьвярнуліся да жыхароў Беларусі прадстаўнікі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў падчас рэспубліканскага сацыялягічнага дасьледваньня ў чэрвені гэтага года. Пераважная большасьць рэспандэнтаў – 75 адсоткаў – заявілі, што будуць больш давяраць вынікам выбараў прэзыдэнта ў выпадку прысутнасьці на іх незалежных назіральнікаў. 15 адсоткаў рэспандэнтаў прытрымліваюцца супрацьлеглай думкі, а 10 адсоткам – цяжка было адказаць. 
Лукашэнка рыхтуе яшчэ адзін “рэферэндум” 11:02, 09/07/2001

Кіраўніцтва “палаты прадстаўнікоў” нечакана заявіла аб неабходнасьці правядзеньня ў Беларусі новага рэферэндуму. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў так званыя дэпутаты выказваюцца за пашырэньне функцыяў парлямэнту. Яны спадзяюцца, што гэта стане падставаю для прызнаньня “палаткі” эўрапэйцамі. Так сьцьвярджае ва ўсялякім выпадку старшыня “палаты прадстаўнікоў” Вадзім Папоў, паведамляе Радыё Рацыя. 
Стыхійны сход на заводзе аўтаматычных лініяў 11:01, 09/07/2001

Стыхійны сход рабочых адбыўся на Баранавіцкім заводзе аўтаматычных лініяў. Як паведаміў старшыня прафкаму Анатоль Русак, прычынаю хваляваньняў на прадпрыемстве стала хранічная затрымка выплаты і без таго мізэрнага заробку (у траўні сярэдні заробак склаў 79 тысячаў рублёў, у чэрвені – 89 тыс.). З пачатку года расейскія заказчыкі не авансіруюць вытворчасьць унікальнага абсталяваньня, якое выпускае для іх БЗАЛ. У выніку канфлікту, тром чвэрцям работнікаў заводу грошы ня выплачаны, а дырэктар прадпрыемства заявіў пра свой магчымы сыход. 
|  |
|