Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
10 сутак за пытаньне аб Завадзкім 11:06, 11/07/2001
Два ўдзельнікі пікету, які прайшоў у Менску 7 ліпеня ў гадавіну зьнікненьня аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага былі зьбітыя невядомымі. Як ужо паведамляў БелаПАН, пікет прайшоў ля будынку Менаблвыканкаму. Тры ягоныя ўдзельнікі — Аляксандар Барадуля, Зьміцер Фядорчанка і Сяргей Падзолка, былі затрыманыя і ў той жа дзень прадсталі перад судом.
Судзьдзя Наталя Вайцэховіч пастанавіла пакараць Аляксандра Барадулю, які трымаў у руках плякат «Ожидаем с повинной причастных к исчезновению Завадского», адміністрацыйнаму арышту тэрмінам на 10 сутак па артыкуле 167-1, частка 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь.
Зьміцер Фядорчанка і Сяргей Падзолка заявілі хадайніцтва аб удзеле ў судзе сваіх юрыдычных прадстаўнікоў, і суды над імі былі перанесеныя на 11 і 16 ліпеня. Вечарам 7 ліпеня на электрычцы яны выехалі ў Барысаў. Сышлі з цягніка, не даязджаючы горада адзін прыпынак — у Печах. У лесапаласе на іх напала група зь пяці маладых людзей, апранутых у спартыўную форму. На думку Зьміцера Фядорчанкі, магчыма, гэтая група суправаджала іх зь Менску. Пасьля першага ўдару Сяргей Падзолка крыкнуў «За што?» і пачуў у адказ: «Пры іншых абставінах вы б тут засталіся ляжаць назаўсёды».
Двух маладых людзей зьбілі, прычым грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці ў іх не адабралі. Таму напад на сябе яны зьвязваюць з палітычнай дзейнасьцю й правядзеньнем пікету ў гадавіну зьнікненьня Зьміцера Завадзкага.
Сяргей Падзолка й Зміцер Фядорчанка зьвярнуліся ў пракуратуру з заявай аб нападзе на сябе й знялі ў судова-медычнай экспертызе сьляды пабояў.