Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жонкі рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў скончылі візыт у Маскву й Парыж 11:08, 12/07/2001
Жонкі зьніклых і рэпрэсаваных палітыкаў, Людміла Карпенка, Ірына Красоўская, Сьвятлана Завадзкая, Вольга Захаранка і Тацяна Клімава, учора вярнуліся з Парыжа, дзе яны выступалі перад дэлегатамі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. “Паколькі нашыя ўлады не зьбіраюцца праводзіць расьсьледаваньня зьнікненьняў і забойстваў вядомых у Беларусі людзей, то мы вырашылі самі нагадаць міжнароднай грамадзкасьці аб тым, што гэтыя зьнікненьні й забойствы ёсьць і існуюць у Беларусі”, - паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 Людміла Карпенка, жонка памерлага пры загадкавых абставінах віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня й старшыні ценявога ўраду, Нацыянальнага выканаўчага камітэту, Генадзя Карпенкі.
Жонкі бяз зьвестак зьніклых беларускіх палітыкаў Юры Захаранкі й Анатоля Красоўскага, журналіста Зьміцера Завадзкага, палітвязьня Андрэя Клімава і ўдава Генадзя Карпенкі за мінулы тыдзень наведалі з візытам Маскву й Парыж. Яны ўзялі з сабой партрэты сваіх мужоў, спэцыяльны буклет і кнігі, прысьвечаныя іхняму лёсу. У рамках візыту прайшлі прэс-канферэнцыі і сустрэчы з праваабаронцамі. Прэс-канферэнцыя прайшла ў цэнтры сталіцы Расеі ў прысутнасьці найбуйных расейскіх тэлеканалаў і газэтаў і была арганізавана Расейскім фондам абароны галоснасьці Беларускай асацыяцыяй журналістаў. У жонак рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў бралі інтэрвію вядучыя расейскія СМІ, такія як ГРТ, НТБ, ТБ-6, ТБЦ, «КоммерсантЪ», «Известия», «Московский Комсомолец», «Интерфакс».
Карпенка, Красоўская, Завадзкая, Захаранка і Клімава сустрэліся ў Дзярждуме Расеі з праваабаронцамі Кавалёвым і Бондаравым, якія паабяцалі жанчынам правесьці ў Дзярждуме слуханьні пытаньня аб зьнікненьні ў Беларусі вядомых людзей, у выніку якіх дэпутаты Дзярждумы прымуць адпаведную рэзалюцыю.
Па сканчэньні візыту ў Маскву, жанчыны выступілі перад дэлегатамі сесіі ПА АБСЭ ў Парыжы. Як пасьля заўважыў французскі журналіст, уражаньне яны выклікалі больш моцнае, чым палітыкі. Арганізаваная сустрэча была нефармальнай. Пасьля сустрэчы ў будынку Нацыянальнага сходу Францыі адбыўся абед з удзелам жонак рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў і дэлегатаў ад Партугаліі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Швэцыі й Нарвегіі.
На наступны дзень Людміла Карпенка, Ірына Красоўская, Сьвятлана Завадзкая, Вольга Захаранка й Тацяна Клімава сустрэліся з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў Францыі. У той самы дзень жанчыны правялі прэсавую канферэнцыю, арганізаваную Парыскім Гэльсінкскім камітэтам і далі інтэрвію французскай газэце Le Mond.
“Журналістаў, як расейскіх, так і французскіх, цікавілі, як правіла, аднолькавыя пытаньні: які ціск беларускіх уладаў на нас і нашых дзяцей? Ці не баімся мы вяртацца на радзіму? Вельмі моцна іх цікавіла скандальная інфармацыя аб датычнасьці беларускіх уладаў да выкраданьняў і забойстваў беларускіх палітыкаў, раскрытая сьледчымі Генэральнай пракуратуры Алегам Случакам і Зьміцерам Петрушкевічам”, - паведаміла Людміла Карпенка.
Акрамя інфармаваньня міжнароднай грамадзкасьці, у жонак рэспрэсаваных беларускіх палітыкаў была яшчэ адна мэта – патрабаваць стварэньня міжнароднай незалежнай камісіі па расьсьледаваньню загадкавых зьнікненьняў і сьмерцяў іхных мужоў. Па словах Людмілы Карпенкі, ініцыятыва жанчын знайшла адозву й падрымку з боку ўсіх, з кім жанчыны сустрэліся ў Маскве й Парыжы.
Наступная краіна, куды адправяцца з візытам беларускія жанчыны, будзе ЗША. “Мы езьдзім і будзем езьдзіць, каб людзі ведалі праўду, каб гэтая ўлада, гэты аўтарытарны рэжым згінуў. Мы спадзяемся толькі пры іншай уладзе даведацца праўду пра нашых мужоў”, – заявіла Людміла Карпенка.