Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ініцыятыўная група Лукашэнкі груба парушыла заканадаўства 11:14, 12/07/2001
Прадстаўнікі “пяцёркі” ў хуткім часе маюць намер зьвярнуцца ў Цэнтрвыбаркам з адкрытаю заяваю, у якой будуць пералічаны выпадкі парушэньня выбарчага заканадаўства ініцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе “БДГ”. Сабраныя “пяцёркай” факты вельмі разнастайныя.
Напрыклад, у заяве прыводзяцца прыклады прымусовага збору подпісаў на прадпрыемствах. Адзначаецца, у прыватнасьці, што на “Белшыне” “23 чэрвеня ў цэху №1 у рабочых, якія жывуць у Ленінскім раёне г.Бабруйску, былі сабраны пашпарты з мэтаю збору подпісаў за вылучэньне А.Г.Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Пасьля таго, як людзі падпісаліся за Лукашэнку, па распараджэньні дырэкцыі у іх забіралі пашпарты, каб яны не змаглі падпісацца за іншых кандыдатаў. Пашпарты вярталіся толькі ў тым выпадку, калі чалавек зьяжджаў у адпачынак”. Дарэчы збор пашпартоў, паводле інфармацыі “БДГ”, дастаткова распаўсюджаная методыка збору подпісаў за Лукашэнку. Ва ўсялякім выпадку, аналягчную інфармацыю мы атрымалі з Віцебскй вобласьці.
На магілёўскім аўтазаводзе ім.Кірава рабочым прыйшлося, па прыходу на працу, пакінуць пашпарты на прахадной, а вечарам ім прапаноўвалі расьпісвацца на ўжо запоўненных лістах. У заяве “пяцёркі” па гэтым поваду адзначаецца: “На заводзе былі праведзены сходы, на якіх людзям сказалі, што яны маюць права падпісацца толькі за аднаго кандыдата ў прэзыдэнты”. А ў шпіталі ў Шклоўскім раёне, як вынікае з дакумэнту, медработнікам і зусім патлумачылі, што “яны могуць падпісацца толькі за аднаго кандыдата і за яго ж яны павінна абавязкова прагаласаваць у дзень выбараў (!)”. Як вядома, у законе такога і блізка не напісана. Ставіць попісы можна за некалькіх кандыдатаў, а ўжо за каго галасаваць – і зусім асабістая справа выбаршчыка.
Як высьвятляецца з заявы прадстаўнікоў "пяцёркі", прэзыдэнцкай ініцыятыўнай групай выкарыстоўваюцца і іншыя нетрадыцыйныя спосабы працы. Так, “дырэктар менскага Ганадлёвага Дома “На нямізе” выклікаў да сябе падначаленых і прапанаваў не толькі паставіць свае подпісы за вылучэньне А.Г.Лукашэнкі, але і сабраць па месцу жыхарства не менш за сто подпісаў кожнаму. У супраціўным выпадку людзям абяцалі праблемы на працы”. А ў Магілёве “у многіх гарадзкіх школах настаўнікам паведамілі, што не аддадуць заробак, пакуль не сабяруць па 75 подпісаў за Лукашэнку”. У тым самым горадзе на прадпрыемстве “Трансмаш” тыя, хто адмаўляюцца паставіць свой подпіс рызыкуюць пазбавіцца прэміі. Зрэшты, як высьвятляецца, праблемы могуць зьявіцца не толькі на працы, але і ў побыце. Як сказана ў заяве, “У Менску работнікі ЖЭС №38 пагражалі жыхарам дома №3а па бульвары Шаўчэнкі, што, калі яны ня будуць падпісвацца за Лукашэнку А.Г., капітальны рамонт у доме будзе цягнуцца бясконца”.
Зразумела, што і студэнты не застаюцца ў баку ад палітыкі. Згодна зьвесткам “пяцёркі”, “у г.Гомлі дэканат электратэхнічнага факультэту БелГУТ пад пагрозаю выпіскі з інтэрнату і абяцаньня праблемаў пры здачы іспытаў і залікаў вымушаў студэнтаў падпісвацца за А.Г.Лукашэнку. Таксама паступаў і прарэктар ГДУ. У Гомлі, як і многіх іншых гарадах, асноўным метадам збору подпісаў стала застрашэньне студэнтаў. Прычым праблемы студэнтам абяцалі і ў тым выпадку, калі высьветліцца, што яны падпісаліся за любога іншага кандыдата, акрамя Лукашэнкі”.
У заяве "пяцёркі" гаворыцца: “Ініцыятыўная група дзейнага прэзыдэнта РБ падчас збору подпісаў відавочна выкарыстоўвае службовае становішча і адміністратыўны рэсурс і гэтым самым парушае дзейнае заканадаўства. Напэўна, гэта зьвязана з тым, што ініцыятыўная група ня ў стане сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў подпісаў за А.Г.Лукашэнку сумленным шляхам”. На момант падрыхтоўкі дадзенага нумара “БДГ” пад заяваю стаялі подпісы трох прадстаўнікоў "пяцёркі" – кіраўнікоў ініцыятыўных групаў Уладзімера Ганчарыка, Сяргея Калякіна і Міхаіла Чыгіра.
Вельмі цікава будзе пабачыць, як адрэагуе на заяву "пяцёркі" Цэнтрвыбаркам.