Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Займацца бізнэсам у Беларусі становіцца практычна немагчыма 11:12, 18/07/2001, «Вечерний Минск»
Колькасьць прадпрымальнікаў наўпрост прапарцыйна ступені эканамічнай свабоды ў той ці іншай краіне. У гэтай сувязі цікава, што па дадзеных "Heritage Foundation" – аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, па гэтым паказчыку мы знаходзімся на 129-м мейсцы ў сьпісе з 150 краінаў сьвету. Прадпрымальніцтва ў Беларусі выжывае хутчэй насуперак намаганьням краіны, чым дзякуючы ім.
На чарговым паседжаньні Менскага сталічнага прэс-клюбу прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім.парафесара М.Куняўскага Рыгор Бадзей акрэсьліў тры самыя балючыя на ягоны погляд, праблемы малога й сярэдняга бізнэсу ў нашай краіне, якія аказваюць самы непасрэдны ўплыў на фармаваньне прадпрымальніцкага клімату ў Беларусі. Гэта заблытанае заканадаўства, макраэканамічная нестабільнасьць, адсутнасьць павагі да прыватнай уласнасьці. Сапраўды, незразумелае і грувасткае заканадаўства з вялікай колькасьцю адсылачных нормаў, да даго ж беспрапынку мяняецца, прыводзіць да таго, што вядзеньне бізнэсу без якіх-небудзь парушэньняў становіцца практычна немагчыма.
Па дадзеных Міністэрства прадпрымальніцтва й інвестыцыяў, толькі ў 0,5 адсоткі (!) прадпрыемстваў, правераных у мінулы год, не было выяўлена парушэньняў. Гэтая лічба кажа пра тое, што прычына хаваецца не ў кампетэнцыі кіраўнікоў ці бухгальтараў, а ў заблытанасьці падаткавага заканадаўства і ў фіскальнай накіраванасьці працы кантралюючых ворганаў. Нягледзячы на тое, што ўсталяваны ліміт рэвізыяў (не болей за адну ў год), колькасьць праверак засталася неабмежаванай. Вядомы выпадкі, калі некаторыя прадпрымальнікі падвяргаліся праверкам некалькі дзесяткаў разоў на год.
Разьвіцьцё прыватнай ініцыятывы стрымлівае і панаваньне ў Беларусі “дазваляючага” прынцыпа вядзеньня бізнэсу. Ён мае на ўвазе выдачу ліцэнзыяў ледзь не на ўсе віды гаспадарчай дзейнасьці. На дадзены момант у краіне легалізуецца некалькі сотняў відаў дзейнасьці, у тым ліку пашыў і рамонт абутку, швейных, мехавых і скураных вырабаў, галаўных убораў, паслугі фотаатэлье. Ці можна абысьціся без асаблівых дазволаў на вязаньне шапак ці шкарпэтак – гэта, напэўна, тое самае пытаньне, якое патрабуе больш удумлівага падыходу з боку заканадаўцаў.
Не адрозьніваецца Беларусь і макраэканамічнай стабільнасьцю – за апошнія пяць гадоў сярэднемесячная інфляцыя склала 6,6 адсоткі, у агуле спажывецкія кошты вырасьлі ў 46 разоў, а сярэднемесячная дэвальвацыя рубля склала 7,3 адсоткі. На гэтым фоне дзяржава ўпарта праводзіць палітыку пратэкцыянізму адносна сваіх, дзяржаўных прадпрыемстваў (дарэчы, часта стратных), у той час як большасьць прыватных бізнэсменаў сутыкаецца з парушэньнем сваіх правоў на раўныя ўмовы гаспадараньня й канкурэнцыі.
Як вядома, малы бізнэс мае тое прынцыпіяльнае адрозьненьне ад бізнэсу сярэдняга й буйнога, што ён не патрабуе для свайго пачатку сур’ёзных капіталаўкладаньняў, а вырастае перш за ўсё за кошт энтузіязму, камэрцыйнага таленту ягоных прадстаўнікоў, якія актыўна падтрымоўваюцца дзяржаваю. Але ў нас мадэль разьвіцьця малога бізнэсу прынцыпіяльна іншая.
У чым, напрыклад, выяўляецца дзяржпадтрымка прадпрымальніцтва, для большасьці ягоных прадстаўнікоў застаецца таямніцаю і па сёньня. Ускладненая працэдура рэгістрацыі, неабходнасьць атрыманьня ліцэнзіі й мноства ўзгадненьняў, якія абарочваюцца амаль паўгадавой затрымкаю ў працы, адбіваюць жаданьне займацца сваёй справаю, напэўна, у 90 адсоткаў патэнцыйных бізнэсмэнаў. Не кажучы ўжо аб неабходнасьці вялікіх. Па беларускіх мерках, першапачатковых інвестыцыяў, напрыклад, адкрыцьцё шапіку абыйдзецца вам у суму 8-10 тысячаў даляраў. Дадайце сюды яшчэ 2-3 тысячы зваротных сродкаў для закупкі тавару.
Але справа ня толькі ў наяўнасьці ці адсутнасьці пэўнай грашовай сумы. Самае галоўнае – якую аддачу ён можа прынесьці інвестару. Даход ад аднаго шапіка (калі ён толькі разьмешчаны ў звышзручным мейсцы) складае некалькі сотняў даляраў у месяц. Напэўна, толькі звыклыя да ўсялякіх цяжкасьцяў, гатовыя на любыя нястачы й сьціплыя беларусы могуць лічыць, што такі вынік апраўдвае надзвычай рызыкоўныя інвестыцыі й паўгады хаджэньняў па розных інстанцыях. Калі вы наогул нічога не зарабляеце, а толькі плаціце, плаціце, плаціце...
Прадпрымальніцтва ў Беларусі выжывае хутчэй насуперак намаганьням краіны, чым дзякуючы ім. Аднак прадпрымальнікі – гэта актыўныя, працалюбівыя людзі, якія забясьпечваюць ня толькі сябе й свае сем’і, але й ствараюць працоўныя месцы для іншых. Многія зь іх, зарабіўшы пачатковы капітал, ня здолеўшы пусьціць тут яго ў легальны зварот, з’едуць у пошуках лепшых умоваў за мяжу – у тую самую Расею, напрыклад. Можа, больш разумна проста не замінаць ім зарабляць і плаціць падаткі тут?