Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Валеры Шчукіна наведалі ў Жодзінскім СІЗА 11:08, 19/07/2001
Група журналістаў і правабаронцаў сустрэлася 18 ліпеня ў сьледчым ізалятары УУС Менаблвыканкаму ў Жодзіна з дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, журналістам і праваабаронцам Валер’ем Шчукіным, які знаходзіцца там ў арыштным доме. Іх суправаджаў намесьнік начальніка Камітэту выкананьня пры МУС Вячаслаў Шабанаў, паведамляе БелаПАН.
Валеры Шчукін, якому нядаўна прымусова згалілі бараду, пачаў адрошчваць новую. Арыштаваны правабаронца й грамадзкі дзеяч падрабязна распавёў аб умовах утрыманьня ў сьледчым ізалятары. Галоўныя нязручнасьці – гэта недахоп сьвежага паветра, духата ў камеры й адсутнасьць натуральнага сьвятла. Прагулкі на гадзіну, адзначыў ён, наўрадці дастаткова для кампенсацыі такога становішча.
Скардзіўся Валеры Шчукін і на адсутнасьць сьвежай прэсы. Прывезеныя газэты адміністрацыя сьледчага ізалятару ўзяць адмовілася, аднак калегі падпісалі Шчукіна на некалькі незалежных газэтаў.
У камеры Шчукіна ёсьць партатыўны тэлевізар, які паказвае адзін канал – ГРТ, працуе радыёкропка. У камеры, памерам 15-16 квадратных мэтраў, акрамя Шчукіна ўтрымліваюцца яшчэ трое вязьняў, пры гэтым кожны зь іх мае свой ложак. Ёсьць у камеры і стол, за якім працуе Валеры Шчукін. Па ягоных словах, ён напісаў ужо 17 лістоў-артыкулаў у газэту “Народная Воля”.
Па словах Шчукіна, на вязьняў накладаецца занадта шмат неабгрунтаваных абмежаваньняў. “Сёньняшнія турмы зьяўляюцца не сродкам перавыхаваньня, якое дэкляруюць улады, а сродкам пакараньня арыштаваных”, - лічыць праваабаронца. Ён шкадаваў, што ў адказны момант жыцьцядзейнасьці краіны. Напярэдадні выбараў, ён знаходзіцца ў няволі. “Але тое, што я тут, для Беларусі дарам ня прападзе. Я капітальна разабраўся ў гэтай сыстэме. Я яе ведаю знутры. І пасьля вызваленьня буду актыўна працаваць над яе рэфармаваньнем, -сказаў Валеры Шчукін. – Карацельная наша сыстэма, як была, так і засталася карацельнай. Вядома, яна не сталінская, як часам пішуць. Я бы ў сталінскай сыстэме і трох дзён не пражыў. Але адбывацца гэта будзе вельмі доўга. Гэта той выпадак, калі грамадзтва павінна дапамагчы”.
У наведвальнікаў выклікаў трывогу стан здароўя Валеры Шчукіна, у якога некалькі дзён таму распухла правая нага. А доктар за гэтыя дні ні разу не аглядзеў яго.
Падрабязнасьці наведваньня Жодзінскага СІЗА вы зможаце прачытаць на нашым сайце пазьней. Сваімі ўражаньнямі падзеліцца член аргкамітэту Хартыі’97 Людміла Гразнова, якая была сярод праваабаронцаў, якія наведвалі Шчукіна.