Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Візыт кітайскага лідэра Цьзян Цзэміня у Менск быў адзначаны акцыяй пратэсту руху супраціву ЗУБР. У той час, калі Цьзян Цзэмінь праязджаў па прашпэкце Скарыны ля Кастрычніцкай плошчы, дзесяць зуброў выйшлі на яе з плякатам “Свабоду Тыбету!” Галовы хлопцаў былі абвязаны белымі стужкамі “Свабодны Тыбет”. У руках яны трымалі таксама партрэты духоўнага лідэра Тыбету – Далай Ламы.
Актывісты руху выказалі салідарнасьць з прыгнечаным народам горнага раёну Кітаю, які доўгі час змагаецца за сваю незалежнасьць ад камуністычнага Кітаю. “Мы свабодныя людзі! Мы патрабуем свабоды для іншых людзей! І мы змагаемся за свабоду ў нашай краіне!” – заявілі ўдзельнікі акцыі.
Міліцыя запозьнена адрэагавала на акцыю пратэсту ЗУБРа. Толькі праз 10-12 хвілінаў пасьля ейнага пачатку да зуброў падбег АМАПавец, які дзяжурыў у гэты час і пачаў вырываць плякат з рук аднаго з удзельнікаў акцыі. Да яго на дапамогу прыйшло некалькі мужчын бяз формы, якія не прадставіліся і пачалі запіхваць дэманстрантаў у мікрааўтобус. Калі хлопцы з ЗУБРа пачалі проста сядаць на асфальт, перашкаджаючы арышту, на дапамогу «тихарям» прыйшлі таксама салдаты, якія стаялі ў ачапленьні прашпэкту. Усяго было арыштавана восем зь дзесяці ўдзельнікаў акцыі. Іх адвезьлі ў Цэнтральнае РУУС Менску для складаньня пратаколаў.
За некалькі хвілінаў да пачатку акцыі непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы была арыштавана яшчэ адна група актывістаў ЗУБРа зь некалькіх чалавек. Ім “пашэнціла” апынуцца непадалёк ад пільнага міліцыянта, якому не спадабаліся майкі з заклікам “ЧАС ВЫБІРАЦЬ!” і лягатыпам ЗУБРа.