 | ПАЛIТЫКА |  |

Ганчарык накіраваў Пуціну дакумэнты, якія сьведчаць аб існаваньні “эскадрону сьмерці” 11:14, 20/07/2001

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, прэтэндэнт на пост прэзыдээнта краіны Ўладзімер Ганчарык накіраваў прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну копіі дакумэнтаў, якія, на ягоную думку, даказваюць датычнасьць шэрагу беларускіх чыноўнікаў да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў. 
Камітэт Дзяржкантролю прыступіў да маштабнай праверкі дзейнасьці ФПБ 11:13, 20/07/2001

Камітэт дзяржаўнага кантролю прыступіў да маштабнай праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Як паведамілі ў ФПБ, прадстаўнікі КДК наведалі іхні офіс 17 ліпеня, а на наступны дзень туды прыбылі супрацоўнікі Дзяржаўнага падаткавага камітэту й Камітэту дзяржбясьпекі. 
Валеры Леванеўскі стаў пятым “дабраахвотнікам” 11:12, 20/07/2001

Старшыня стачкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі накіраваў у Цэнтрвыбаркам заяву аб ануляваньні рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні яго кандыдатам на пост главы дзяржавы. В.Леванеўскі стаў пятым кандыдатам, хто дабраахвотна адмовіўся ад барацьбы за прэзыдэнцкае “крэсла”. Раней гэта зрабілі Наталя Машэрава, Аляксандар Крыжаноўскі, Мікалай Мекека й Сяргей Антончык. Сваю адмову прымаць удзел у прэзыдэнцкай гонцы В.Леванеўскі тлумачыць тым, што ён мае шматлікіх сваякоў, многія зь якіх ня хочуць прадаставіць дэклярацыі аб сваіх даходах, што прадугледжана дэкрэтам №20. 
Лідэр жаночай партыі “Надзея” абвінавачвае Лукашэнку ў “безсардэчнасьці й цынізме” 11:11, 20/07/2001

Лідэр беларускай партыі жанчынаў “Надзея” Валянціна Палевікова ад імя Савету партыі зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім абвінавачвае прэзыдэнта ў “безсардэчнасьці й цынізме”. Падставаю для такіх абвінавачваньняў, мяркуючы па лісту, стаў нядаўні выступ Лукашэнкі па Беларускім тэлебачаньні, калі ён паездку назваў жонак зьніклых у Беларусі вядомых людзей «возней», а матэрыялы, якія даюць надзею на ўстанаўленьне ісьціны - «мусором». 
Рэйтынг Лукашэнкі сярод менчукоў зьнізіўся з 26 да 17 адсоткаў 11:10, 20/07/2001

“Каму б вы аддалі свой голас, калі б прэзыдэнцкія выбары адбыліся сёньня?”. З такім пытаньнем зьвярнуліся да жыхароў Менску супрацоўнікі сацыялягічнай службы “Зеркало” інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас апытаньня, праведзенага 10-13 чэрвеня. Было апытана 500 менчукоў ва ўзросьце 18 гадоў і старэй. Толькі 17 адсоткаў зь іх заявілі, што гатовыя аддаць свае галасы Аляксандру Лукашэнку. Для параўнаньня: у сярэдзіне чэрвеня за яго прагаласавалі б 26 адсоткаў менчукоў. 
Наступны этап – рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты 11:09, 20/07/2001

Тэрмін здачы ў раённыя й гарадзкія выбарчыя камісіі падпісных лістоў па вылучэньню кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі сканчваецца сёньня ў 18.00. Для рэгістрацыі кандыдатам на пост главы дзяржавы неабходна сабраць не менш за 100 тысячаў подпісаў выбаршчыкаў. Па дадзеных БелаПАН, на вечар 19 ліпеня гэтую мяжу ўжо пераадолелі як мінімум 10 прэтэндэнтаў. 
За патрабаваньне незалежнасьці Тыбету – 20 “мінімалак” штрафу 11:08, 20/07/2001

За ўдзел у пікеце ў абарону свабоды Тыбету, які прайшоў на Кастрычніцкай плошча Менску 19 ліпеня, у дзень прыбыцьця ў Менск кітайскага лідэра Цьзян Цзэміня актывіста руху ЗУБР Анатоля Падокшына суд Цэнтральнага раёну Менску прыгаварыў да штрафу ў памеры 20 мінімальных заробкаў (больш за 100 даляраў). У парушэньні артыкулу 167 ч.1 КаАП Анатоля Падокшына абвiнавацiла судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Наталя Вайцэховіч. 
Арцікль 19 асуджжае ціск уладаў на незалежныя СМІ 11:07, 20/07/2001

«АРЦІКЛЬ 19 асуджае любыя спробы ўладаў схаваць свае злачынствы. Больш таго, такое застрашэньне журналістаў зьяўляецца парушэньнем міжнародных абавязацельстваў Беларусі па забесьпячэньню свабоды слова ў адпаведнасьці з артыкулам 19 Міжнароднай канвенцыі аб Грамадзянскіх і Палітычных правох», - з такой заявай пратэсту супраць уціску на незалежныя СМІ Беларусі з боку ўладаў зьвярнулася міжнародная кампанія ў абарону слова АРЦІКЛЬ 19 да Аляксандра Лукашэнкі. Копіі гэтай заявы былi перадзены міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву й генпракурору Віктару Шэйману. Тэкст заявы цалкам чытаце на нашым сайце. 
Сенатар Кэмбэлл занепакоены зьнікненьнямі апанентаў Лукашэнкі 11:06, 20/07/2001

Прадстаўнік Сенату Злучаных Штатаў Ніл Кэмбэлл падняў падчас слуханьняў у Кангрэсе пытаньне аб масавых зьнікненьнях апанентаў беларускага прэзыдэнта. “Спадар Старшыня, сёньня я меў магчымасьць сустрэцца з жонкамі лідэраў беларускай апазыцыі, якія раней зьніклі бяз зьвестак, былі адпраўленыя за краты ці памерлі пры загадкавых абставінах. Гісторыя кожнай з гэтых жанчын пераканаўча дэманструе сутнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які беспакарана парушае прынцыпы павагі правоў чалавека, дэмакратыі й вяршынства закону”. Чытайце ніжэй запіс ягонага выступу цалкам. 
Жонак зьніклых беларускіх палітыкаў прынялі на вышэйшым узроўні ў Дзярждэпартамэнце ЗША 11:05, 20/07/2001

Тэлемост з удзелам жонак рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў Людмілай Карпенка, Ірынай Красоўскай, Сьявятланай Завадзкай і Тацянай Клімавай, якія знаходзяцца на дадзены момант у Вашынгтоне, дзе ў іх прайшлі сустрэчы ў Дзярждэпартамэнце ЗША, быў арганізаваны ўчора ў Амбасадзе ЗША ў Менску. Яны прыбылі ў Вашынгтон для таго, каб заявіць аб неабходнасьці незалежнага расьсьледаваньня іхніх мужоў. Чатыры беларускія жанчыны, чые мужы сталі ахвярамі палітычнага рэжыму, заявілі ўчора са студыі Дзярждэпу ЗША: “Мы звычайныя жанчыны, якія жылі з мужамі і з палітыкаю сутыкаліся ўскосна. Але зараз мы хочам, каб нас заўважылі. Чацьвёра вядомых апанентаў Лукашэнкі бяз зьвестак зьніклі пачынаючы з 1999 г. Да гэтага часу беларускія ўлады так і не пралілі сьвятло на гэтыя зьнікненьні. Мы хочам, каб міжнародная грамадзкасьць прымусіла беларускія ўлады правесьці расьсьледаваньні зьнікненьняў і забойстваў нашых мужоў”. 
Прэзыдэнцкая гонка - мінус Сяргей Антончык 11:04, 20/07/2001

Яшчэ на аднаго прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі паменела - 19-га ліпеня сваю кандыдатуру зьняў Сяргей Антончык - дэпутат ВС 12-га скліканьня, каардынатар ініцыятывы "Рабочая самадапамога". Ён заявіў, што хацеў бы "ахвяраваць" галасы сваіх патэнцыйных выбаршчыкаў на карысьць іншага магчымага кандыдата - Міхаіла Марыніча. 
Помста за памідор 11:03, 20/07/2001, «Наша Свабода»

Сяргей Лапцеў, які падчас лыжнага забегу 3 ліпеня патрапіў памідорам у А.Лукашэнку, падвергся днямі нападу. Увечары 17 ліпеня ён разам з іншымі прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэньне А.Ярашука зьбіраў подпісы каля гастраному па вуліцы Прытыцкага ў Менску. Да іх падышлі некалькі дзецюкоў і прапанавалі прайсьці з імі, матывуючы загад тым, што яны «з органаў». 
Узровень запазычанасьці па заробку – 12,6 мільярдаў 11:02, 20/07/2001, Финмаркет

“Сёньня беларуская эканоміка функцыянуе ў прадвыбарчым рэжыме – для выкананьня пастаўленых уладаю палітычных задачаў выкарыстоўваюцца незаменныя рэсурсы”, - такую заяву зрабіў першы намесьнік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Франц Вiтко. Узровень запазычанасцi па заробку ў Беларусі застаецца нязьменным з траўня, адзначыў Ф.Вітко. 
Літоўцы ўвялі мытныя пошліны на славянскі цэмент 11:01, 20/07/2001

Літоўскі Савет па канкурэнцыі ў мэтах абароны ўнутранага рынку прыняў 19 ліпеня рашэньне ўвесьці антыдэмпінгавыя ўвозныя мытныя пошліны на цэмент зь Беларусі, Украіны й Расеі. Адносна беларускага цэменту антыдэмпінгавая мытная пошліна ўсталявана ў памеры 52 літы за тону, украінскага – 47 літаў, расейскага – 22 літа. 
|  |
|