Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сенатар Кэмбэлл занепакоены зьнікненьнямі апанентаў Лукашэнкі 11:06, 20/07/2001
Прадстаўнік Сенату Злучаных Штатаў Ніл Кэмбэлл падняў падчас слуханьняў у Кангрэсе пытаньне аб масавых зьнікненьнях апанентаў беларускага прэзыдэнта. “Спадар Старшыня, сёньня я меў магчымасьць сустрэцца з жонкамі лідэраў беларускай апазыцыі, якія раней зьніклі бяз зьвестак, былі адпраўленыя за краты ці памерлі пры загадкавых абставінах. Гісторыя кожнай з гэтых жанчын пераканаўча дэманструе сутнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які беспакарана парушае прынцыпы павагі правоў чалавека, дэмакратыі й вяршынства закону”. Чытайце ніжэй запіс ягонага выступу цалкам.
“Гэтыя адважныя жанчыны – Людміла Карпенка, Ірына Красоўская, Тацяна Клімава й Сьвятлана Завадзкая – распавялі аб трагедыі іхных мужоў і няспынным клімаце страху на Беларусі.
Хутка ў краіне павінны прайсьці прэзыдэнцкія выбары – 9 верасьня. На жаль, беларускія ўлады так і не ўзяліся за выкананьне патрабваньняў АБСЭ, членам якой зьяўляецца Беларусь, вылучаных год таму. Гэтыя патрабаваньні ўключаюць у сябе зьняцьце атмасфэры жаху, забесьпячэньне свабоды сходаў, а таксама празрыстасьць і непрадузятасьць ў рэгістрацыі кандыдатаў і працы выбарчых камісіяў.
Гэльсінкскі Камітэт, які я ўзначальваю, працягвае атрымоўваць жахлівыя справаздачы аб падзеях на Беларусі. Сапраўды, шансаў на правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў мала. Незбалансаваны склад рэгіянальных і выбарчых камісій асабліва выклікае трывогу, ў сувязі з адмоваю ва ўключэньні выбарчых камісіяў 800 кандыдатам, вылучаным беларускімі дэмакратычнымі партыямі і няўрадавымі арганізацыямі. Беларускія ўлады абавязаны гарантаваць непрадузятасьць пры фармаваньні выбарчых камісіяў і забясьпечыць нармальнае прадстаўніцтва дэмакратычных партыяў і НДА, і выправіць іншыя парушэньні выбарчага заканадаўства.
Дзярждэпартамэнт заклікае беларускія ўлады правесьці пільнае расьсьледваньне для вызначэньня месцазнаходжаньня зьніклага Міністра ўнутраных справаў Юры Захаранкі, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара й ягонага калегі Анатоля Красоўскага, а таксама аператара расейскага тэлебачаньня Зьміцера Завадзкага. Дэпартамэнт патрабаваў неадкладна вызваліць палітычных вязьняў і членаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клiмава i Валерыя Шчукiна. Пдобнае расьследванне, як і вызваленьне палітвязьняў, стане важным фактарам для зьняцьця ў грамадзтве атмасферы жаху.
І, нарэшце, беларускім уладам неабходна супрацоўнічаць з АБСЭ для таго, каб палегчыць працу міжнародных і ўнутраных назіральнікаў, а таксама прасачыць за тым, каб усе кандыдаты маглі свабодна, без прасьледу, данесьці свае праграмы да людзей.
Сп.Старшыня, зараз, калі беларускія ўлады яшчэ маюць магчымасьць прыняць усе неабходныя меры па стварэньню спрыяльнай атмасферы для правядзеньня выбараў, якія б адказвалі міжнародным дэмакратычным стандартам. Свабодныя і сумленныя прэзыдэнцкія выбары зьяўляюцца галоўным фактарам, які рухае Беларусь у накірунку да спыненьня самаізаляцыі. Як нядаўна заўважыў прэзыдэнт Буш у сувязі з тыднем прыгнечаных нацыяў, Амэрыка мусіць праяўляць асаблівую пільнасьць пры падтрымцы тых, хто жыве пры аўтарытарным рэжыме. Народ Беларусі мае такую падтрымку па меры таго, як ён спрабуе пазбавіцца ад жаху мінулых гадоў і пабудаваць незалежную дзяржаву, заснаваную на прынцыпах дэмакратыі, правоў чалавека і законнасьці.