Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“У кастрычніку 1996 года трагічна загінуў пры нявысьветленых абаставінах Анатоль Майсеня. 6 красавіка 1999 года пры нявысьветленых абставінах заўчасна памёр Генадзь Карпенка. 7 траўня 1999 года выкрадзены Юры Захаранка. 16 верасьня 1999 года выкрадзены Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. 7 ліпеня 2000 выкрадзены Зьміцер Завадзкі. За кратамі знаходзяцца Дэпутаты Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў й Валеры Шчукін. Усё гэта адбываецца ў цэнтры Эўропы, у 21 стагодзьдзі. Мы зьвяртаемся да грамадзянаў Беларусі – станьце з намі побач! Знайдзіце сваё месца ў ланцугу неабыякавых – гэта шлях да жыцьця й захаваньня чалавечай годнасьці!”, - з такім зваротам да грамадзянаў Беларусі выступілі сваякі рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў і шэраг грамадзкіх і палітычных дзеячоў Беларусі напярэдадні акцыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая пройдзе 26 ліпеня ў 18.00 у Менску на прашпэкце Скарыны.
За ўдзел у пікеце “Свабоду Тыбету!”, які адбыўся ў Менску на Кастрычніцкай плошчы ў дзень знаходжаньня ў сталіцы Беларусі кітайскага лідэра Цьзян Цзэміня 19 ліпеня, суд Цэнтральнага раёну Менску вынес удзельніку руху ЗУБР Васілю Жакаву папярэджаньне. Судзьдзя Наталя Вайцэховіч палічыла, што ў той дзень хлопец парушыў артыкул 167 ч.1 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня сходаў). Нагадаем, што яшчэ аднаго ўдзльніка пікету А.Падокшына Наталя Вайцэховіч прыгаварыла да штрафу ў памеры 20 “мінімалак” (больш за 100 даляраў ЗША). Суд над трэцім удзельнiкам пікету пройдзе 25 ліпеня.
Супрацоўнікі міліцыі Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці канфіскавалі ўсю аргтэхніку адзінай у рэгіёне незалежнай газэты “Беларускі Ўсход”, паведамляе правабарончы цэнтар “Вясна”. Свае дзеяньні супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў патлумачылі выкананьнем дэкрэту Лукашэнкі №8 аб дабрачыннай замежнай дапамозе. Нагадаем, што на днях, кіруючыся тым самым дэкрэтам №8, міліцыя канфіскавала ўсю аргтэхніку незалежнай крычаўскай газэты “Вольны горад”.
“Ужо больш за шэсьць гадоў я далучаю сябе да лепшых сябраў Беларусі. З таго дня ў сакавіку 1995 года, калі мая нага ўпершыню ступіла на зямлю Беларусі, маё сэрца, мае сілы й энэргія былі прысьвечаны гэтай краіне. Ейным праблемам і ейным дзецям. Але: 3 ліпеня мяне запрасілі на парад. Якая памылка была для мяне й маіх дзяцей! Для мене быў шок пабачыць на вуліцы столькі пастоў міліцыі, і я пытала сябе: хто ў гэтай мірнай краіне мае такі моцны страх, што яму стала патрэбным усё гэта? Беларусы ня схільны да агрэсыі, гвалту, і нікому не пагражаюць. Таму – навошта ставараць тую атмасфэру жаху ў ваш Дзень незалежнасьці?” “Дарагая Беларусь, я была і застаюся да гэтага часу ў шоку ад убачаннага мною параду; я хацела б гэтага не бачыць, і зараз ня ведаю, ці буду я зноў працваць для тваіх дзяцей”, - з такім лістом ў прэс-цэнтар Хартыі’97 зьвярнулася кіраўнік Таварыства дружбы Беларусі й Навегііі Сванхільд Вальдстадсвэ. Тэкст ліста цалкам чытайце на нашым сайце.
Асацыяцыя арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы раіць Аляксандру Лукашэнку і надалей устрымацца ад дэкрэтнага рэгуляваньня пытаньняў, зьвязаных з выбарчай кампаніяй. Такая рэкамендацыя ўтрымліваецца ў дакумэнце, падрыхтаваным асацыяцыяй па выніках першага раунда доўтарэміновага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. У дакумэнце адзначаецца, што ў час падрыхтоўкі і працэсе выбараў прэзыдэнт ужо выдаў тры дэкрэты , якія датычаць выбараў, перадае БелаПАН.
Цэнтрвыбаркам працягвае ўдакладняць вынікі збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты, пададзеныя у выбарчыя камісіі ініцыятыўнымі групамі. Як паведаміў БелаПАН 23 ліпеня сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазовік, пакуль у параўнаньні з 21 ліпеня сытуацыя не зьмянілася. Больш за 100 тысячаў подпісаў здолелі здаць у выбарчыя камісіі ўсяго чатыры прэтэндэнта – Аляксандар Лукашэнка, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідэр Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімер Ганчарык і лідэр незарэгіставанага руху “Рэгіянальная Беларусь” Сямён Домаш.
Парлямэнт краіны на паседжаньні 23 ліпеня аб’явіў яму імпічмэнт, падтрыманы абсалютнай большасьцю галасоў, паведамляе НТБ. Старшыня інданэзыйскага парлямэнту Аміен Раіс у сваім выступе на паседжаньні парлямэнту адзначыў, што “прэзыдэнт Вахід за свае апошнія дзеяньні мусіць несьці адказнасьць ня толькі перад парлямэнтам, але і ўсім народам Інданэзыі”, паведамляе ВВС. Юрыдычнаю падставаю для адхіленьня прэзыдэнта ад улады стала рашэньне Вахіда аб роспуску парлямэнту і ўвядзеньні надзвычайнага становішча ў панядзелак раніцай.
У чэрвеня санітарны нагляд у Беларусі ажыцьцяўляўся над 3700 аздараўленчымі ўстановамі, у якіх “адпачыла” больш за 400 тысяч дзяцей. У 85 лягероў было выяўлена незахаваньне рэжымаў мыцьця сталовага і кухоннага посуду, незадавальняючае ўстрыманьне харчблёкаў, сапсаванасьць халадзільнага ці тэхналягічнага абсталяваньня, паведамляе газэта “Медицинский вестник".
Сярэднемесячны заробак у народнай гаспадарцы Брэскай вобласьці за чэрвень склаў 105.931 рубель. Пра гэта карэспандэнту БелаПАН паведамілі ва ўпраўленьні статыстыкі. У параўнаньні з чэрвенем мінулага года яна павялічылася ў 2.1 разы, а ў параўнаньні з папярэднім месяцам – траўнем 2001 года – на 7,7 адсоткі. Але, на думку спэцыялістаў, абяцаны Аляксандрам Лукашэнкам стодаляравы заробак да канца года ў галіне, і перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы, дасягнуты ня будзе.
19 ліпеня прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ Фрэймунт Дувэ зьвярнуўся да Сталага Савету гэтай арганізацыі са справаздачаю аб сытуацыі ў найбольш неспрыяльных рэгіёнах кантыненту, назваўшы ў ліку першых Беларусь. Далей мы прапаноўваем урывак зь ягонай прамовы, які непасрэдна прысьвечаны Беларусі:
Знаходзячыся ў Віцебску, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што робіць ягоным жыхарам “прадвыбарчы падарунак” – пералічвае на будаўніцтва мясцовай медычнай установы свой ганарар за кнігу “Белоруссия завтра”, выдадзеную ў Нямеччыне на ангельскай і францускай мовах, а таксама прэмію “За духоўнае адраджэньне славянскіх народаў”, уручаную ім у студзені 2001 года патрыярхам Алексіем ІІ.
Падчас зандажу грамадзкай думкі, праведзенага 10-13 ліпеня сацыялягічнай службай “Зекало” інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, менчукам прапанавалі сьпіс патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. 500 жыхарам беларускай сталіцы 18 гадоў і далей прапаноўвалі пазначыць, як бы яны прагаласавалі за кожнага зь іх у час выбараў. Кожны другі рэспандэнт (51 адсотак) сказаў, што не прагаласуе за Алякснадра Лукашэнку ні пры якіх абставінах.
“Беларусь можа скарыстацца сваім законным правам зьвярнуцца ў міжнародны суд з зыскам да шэрагу дзяржаўных чыноўнікаў ЗША за сыстэмныя палітычныя правакацыі, якія арганізоўваюцца супраць рэспублікі й ейнага народа”, - заявіў у інтэрвію “Інтэрфаксу” першы намесьнік главы прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Замяталін.
Шэраг беларускіх грамадзкіх дзеячаў пракамэнтавалі па просьбе БелаПАН абнародаванае 21 ліпеня рашэньне "пяцёркі" прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі ад шырокай грамадзянскай кааліцыі аб вылучэньні адзіным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка. "Сёьнняшнім рашэньнем з усіх нас зьняты вялікі цяжар, — заявіў былы сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч. — Мы павінны цяпер аб`яднацца і ўсе разам працаваць на чалавека, якому "пяцёрка" даверыла быць першым. Я заклікаю актывістаў усіх апазыцыйных партыяў адкінуць партыйныя і асабістыя амбіцыі і дружна працаваць на Уладзімера Іванавіча Ганчарыка".
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Расеі Аляксандар Вешнякоў, які знаходзіцца ў Менску, зьвярнуў увагу беларускіх калегаў на заўважаныя ім парушэньні. У прыватнасьці, ён згадаў рэклямны ролік фестывалю “Славянскі базар”, шматразова пракручаны па БТ, які аб’ядноўвае ў адну каманду з Аляксандрам Лукашэнкам прэзыдэнтаў Расеі й Украіны Ўладзімера Пуціна й Леаніда Кучму.
21 ліпеня беларускі ваенны суд прызнаў грамадзяніна Нямеччыны Крыстафера Леца віноўным у шпіянажы , паведамляе "Интэрфакс". Выкладчык нямецка-амэрыканскага Цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Маршала, які знаходзіцца ў ФРГ, арыштаваны спэцслужбамі Беларусі ў верасьні мінулага года і пакараны да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Паводле рашэньня суда, Лец будзе адбываць заключэньне ў калёніі строгага рэжыму.
Падчас адкрыцьця "Славянскага базару" на вачах гледачоў, артыстаў і спадара Лукашэнкі 22-гадовы маладафронтавец Андрэй Капорыкаў узьняў над амфітэатрам бел-чырвона-белы сьцяг. Капорыкаў пранёс сьцяг пад вопраткаю. Напрыканцы цырымоніі, калі ўсе ўдзельнікі канцэрту выйшлі вітаць гледачоў, ён з кветкамі ў руках наблізіўся да сцэны, дзе й разгарнуў бел-чырвона-белы-сьцяг з крыкам "Жыве Беларусь! Няхай нам дапаможа Бог!"
У будынку чыгуначнага вакзалу ў Віцебску знойдзены муляж выбуховага прыстасаваньня. Як паведаміла прэс-служба ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі па Віцебскай вобласьці, 21 ліпеня ў 17.35 дзяжурным нарадам міліцыі ля шапіку "Саюздруку" у будынку чыгуначнага вакзалу быў знойдзены поліэтыленавы пакет, у якім, як меркавалася, знаходзілася самаробнае выбуховае прыстасаваньне.
Менск, 22 ліпеня. Ва ўрочышчы Курапаты ўчынены чарговы акт вандалізму. Як вядома, у 30-40-я годы мінулага стагодзьдзя тут праводзіліся масавыя расстрэлы людзей, якія былі абвінавачаны камуністычным рэжымам. Як расказаў карэспандэнту БелаПАН кіраўнік канцылярыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі - БНФ Уладзімер Юхо, невядомымі разбураны невялікі помнік - дар народа Злучаных Штатаў Амэрыкі. Па словах Юхо, ён убачыў гэта раніцай 22 ліпеня. Яшчэ 20 ліпеня помнік быў цэлы. Найхутчэй, робіць ён выснову, акт вандалізму адбыўся ў ноч на 22 ліпеня.
Пераважная большасьць апытаных сацыёлагамі менчукоў згодныя з тым, што прафсаюзы павінны весьці актыўную барацьбу за павышэньне жыцьцёвага ўзроўню працоўных. 81 адсотак з 500 менчукоў ва ўзросце 18 гадоў і старэйшым далі станоўчы адказ на гэтае пытаньне супрацоўнікаў сацыялягічнай службы "Зеркало" інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас соцапытаньня, праведзенага ў першай палове ліпеня.
Пяцёра грамадзянаў Беларусі затрыманы супрацоўнікамі мардоўскай мытні пры спробе правозу па тэрыторыі рэспублікі кантрабанднага тавару. Як паведаміў карэспандэнту ІА “Росбалт” намесьнік начальніка мардоўскай мытні Юры Качалаў, машына беларусаў была спынена для агляду й аправеркі дакумэнтаў на стацыянарным пасту ДІБДР, разьмешчаным на ўчастку трасы Масква-Самара, што праходзіць па тэрыторыі Зубава-Палянскага раёну Мардовіі.
Партыя новай тэхнікі з 8 скрэпераў і 10 пагрузчыкаў вытворчасьці Магілёўскага аўтамабільнага заводу адпраўлена ў Ірак. У жніўні гэтага года Іраку будуць прададзены яшчэ 10 магілёўскіх машын, якія пакуль праходзяць выпрабаваньні і абкатку.
Праграма цяперашняга міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які адкрыўся 20 ліпеня, засталася без многіх сваіх звыклых складнікаў. Як паведаміў журналістам кіраўнік дырэкцыі фестывалю Радыён Бас, перш за ўсё гэта тычыцца маладзёвай праграмы ў Лядовым палацы, штодзённага джазавага клюбу. Скарочаны выступленьні ў рамках "Музычных сустрэч", тэатральная і кіна праграмы. Па словах Баса, гэта адбылося таму, што "дзесьці за паўтара месяцы да пачатку фестывалю Міністэрства фінансаў Беларусі зьменшыла агульны каштарыс фінансаваньня на 200 тысяч даляраў ЗША". "У сувязі з гэтым нам прыйшлося на 200 тысячаў даляраў паменшыць свае апетыты", - сказаў дырэктар.