Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Бел-чырвона-белы сьцяг на «Славянскім базары» 11:07, 23/07/2001, ЦМІ "Контур
Падчас адкрыцьця "Славянскага базару" на вачах гледачоў, артыстаў і спадара Лукашэнкі 22-гадовы маладафронтавец Андрэй Капорыкаў узьняў над амфітэатрам бел-чырвона-белы сьцяг. Капорыкаў пранёс сьцяг пад вопраткаю. Напрыканцы цырымоніі, калі ўсе ўдзельнікі канцэрту выйшлі вітаць гледачоў, ён з кветкамі ў руках наблізіўся да сцэны, дзе й разгарнуў бел-чырвона-белы-сьцяг з крыкам "Жыве Беларусь! Няхай нам дапаможа Бог!"
І адразу ж да юнака кінуліся хлопцы з аховы прэзыдэнта, але ён пасьпеў яшчэ рассыпаць жмут маладафронтаўскіх налепак ды ўлётак. Калі сямёра бамбізаў пачалі жорстка зьбіваць Андрэя проста на вачах гледачоў і артыстаў, ён працягваў крычаць "Жыве Беларусь", аж пакуль ня страціў прытомнасьць.
Ачомаўся ён ужо на асфальце за амфітэатрам у шчыльным атачэньні міліцыянтаў. Заўважыўшы, што да затрыманага вярнулася сьвядомасьць, яго паклалі тварам на машыну і яшчэ нейкі час метадычна наносілі ўдары па розных частках цела. Не толькі білі, але й душылі, а калі цягнулі па лесьвіцы, парвалі адзеньне.
Пасьля Андрэя Капорыкава завезьлі ў Кастрычніцкі раённы адзьдзел унутраных справаў, дзе яго пратрымалі чатыры гадзіны і дзе ён вытрымаў аж тры допыты, у тым ліку з удзелам намесьніка начальніка райадзьдзела. На Андрэя склалі два пратаколы: за хуліганства й за распаўсюджваньне ўлётак. У чатыры гадзіны раніцы яму дазволілі вярнуцца дадому.