Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка спужаўся ўласнага дэкрэту №20 11:14, 23/07/2001, Ю.С. Ньюс
Знаходзячыся ў Віцебску, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што робіць ягоным жыхарам “прадвыбарчы падарунак” – пералічвае на будаўніцтва мясцовай медычнай установы свой ганарар за кнігу “Белоруссия завтра”, выдадзеную ў Нямеччыне на ангельскай і францускай мовах, а таксама прэмію “За духоўнае адраджэньне славянскіх народаў”, уручаную ім у студзені 2001 года патрыярхам Алексіем ІІ.
Назіральнікі адзначаюць, што сканчэньню паўгадовага роздуму аб далейшым лёсе прэміі садзейнічаў дэкрэт самога А.Лукашэнкі №20 аб абавязковым дэкляраваньні даходаў і маёмасьці кандыдатаў ў прэзыдэнты і членаў іхніх сем’яў.
А вось з кнігаю “Белоруссия завтра” шмат нявысьветленага. Невядома, калі яна была выдадзена, які памер ганарара і ці заплаціў А.Лукашэнка падаходны падатак. Цікава, што ў выпадку атрыманьня ганарару ён павінен быў падаць у мясцовую падаткавую інспекцыю дэклярацыю аб сукупным гадавым даходзе як фізычная асоба, якая атрымоўвае даходы з розных крыніцаў.
Затое вядома, што яшчэ ў 1996 годзе такая кніга была выдадзена ў Нямеччыне на нямецкай, а пасьля францускай мовах. У прыватнасьці, пяць гадоў таму, падчас першага і апошняга афіцыйнага візыту беларускага лідэра на Захад, у Парыжы адбылася прэзэнтацыя франкамоўнай кнігі А.Лукашэнкі.
Куды пайшоў той ганарар і ці йдзе размова пра тую самую кнігу, невядома. Канкурэнты А.Лукашэнкі маюць намер патрабаваць ад Цэнтрвыбаркаму хоць бы папярэдзіць яго аб недапушчальнасьці адкрытага ўручэньня “прадвыбарчых падарункаў” накшталт ахвяраваньня ганарараў ці пастаўкі на “Славянскі базар” шырока разрэклямаванага “прэзыдэнцкага камплекту гукаапаратуры”.