Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сваякі рэпрэсаваных палітыкаў заклікаюць менчукоў стаць адзіным ланцугом 11:24, 23/07/2001
“У кастрычніку 1996 года трагічна загінуў пры нявысьветленых абаставінах Анатоль Майсеня. 6 красавіка 1999 года пры нявысьветленых абставінах заўчасна памёр Генадзь Карпенка. 7 траўня 1999 года выкрадзены Юры Захаранка. 16 верасьня 1999 года выкрадзены Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. 7 ліпеня 2000 выкрадзены Зьміцер Завадзкі. За кратамі знаходзяцца Дэпутаты Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў й Валеры Шчукін. Усё гэта адбываецца ў цэнтры Эўропы, у 21 стагодзьдзі. Мы зьвяртаемся да грамадзянаў Беларусі – станьце з намі побач! Знайдзіце сваё месца ў ланцугу неабыякавых – гэта шлях да жыцьця й захаваньня чалавечай годнасьці!”, - з такім зваротам да грамадзянаў Беларусі выступілі сваякі рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў і шэраг грамадзкіх і палітычных дзеячоў Беларусі напярэдадні акцыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая пройдзе 26 ліпеня ў 18.00 у Менску на прашпэкце Скарыны.
“Мы чакаем Вас на прашпэкце Скарыны (ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Кастрычніцкай). Мы з Вамі станем адзіным ланцугом людзей, якія жадаюць ведаць праўду. З намі партрэты тых, чые лёсы сталі сымбалем жорсткасьці рэжыму, з намі іхнія маці, жонкі, дзеці. Мы ня маем права заставацца ўбаку.
Нашыя дзеяньні не супярэчаць дзейнаму заканадаўству. А тым больш законам чалавечага сумленьня.
У Гішпаніі маладыя фашыстоўцы забілі хлопца. На наступны дзень каля мільёну гішпанцаў стаяла на вуліцах. Колькі ж трэба ў Беларусі выкрасьці, кінуць у турму, ліквідаваць, каб мільён нашых грамадзянаў выйшаў на вуліцу? Прыйдзі і стань побач з намі!”, - гаворыцца ў звароце, падпісаным Іосіфам Ганчаром – братам Віктара Ганчара, Людмілай Карпенкі – жонкаю Генадзя Карпенкі, Сьвятланай Завадзкай – жонкаю Зьміцера Завадзкага, Ірынай Красоўскай – жонкаю Анатоля Красоўскага. Тацянай Клімавай – жонкай Андрэя Клімава, Яўгеняй Шчукінай – унучкай Валеры Шчукіна, Уладзімерам Ганчарыкам – патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікамі грамадзянскай кааліцыі – Сямёнам Домашам, Міхаілам Чыгіром, Анатолям Лябедзькам – лідэрам аб’яднанай грамадзянскай партыі, Валянцінай Палевіковай – лідэрам Партыі “Надзея”, Вінцуком Вячоркам – лідэрам БНФ “Адраджэньне”, Мікалаем Статкевічам – лідэр БСДП (НГ), Аляксандрам Бухвоставым – лідэрам беларускай партыі працы, Васілём Шлындзікавым – прэзыдэнтам Асацыяцыі судзейнічаньня эканамічнаму разьвіцьцю, Нілам Гілевічам – народным паэтам Беларусі, Юры Хашчавацкім – кінарэжысэрам, Міхаілам Фрыдляндам – лідэрам Беларускай экалягічнай партыі зялёных (БЭЗ), Іванам Лемяшэўскім – прафесарам, Алегам Грамыкам – лідэрам Беларускай партыі “Зялёныя”, Віктарам Бабаедам – старшынём кангрэсу Дэмакратычных прафсаюзаў, Станіславам Шушкевічам – лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.