Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дамоўленасьць аб стварэньні аб’яднанага прадвыбарчага штабу была дасягнута 24 ліпеня на паседжаньні “пяцёркі” прэтэндэнтаў на пост главы беларускай дзяржавы, якое адбылося пад старшыньствам адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка. Пра гэта паведаміў прэс-цэнтар Уладзімера Ганчарыка. Такія штабы будуць утвораныя ў розных раёнах Беларусі; распрацаваны прынцыпы іх фармаваньня. Мяркуецца таксама стварэньне аб’яднанага палітычнага савету, аснову якога складуць члены “пяцёркі”.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі РФ Аляксандар Вешнякоў 24 ліпеня адправіўся з аднадзённай паездкаю ў Варшаву па запрашэньнi дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ Жэрара Штудмана. Як паведамілі РБК ў прэс-службе ЦВК Расеі, у Польшчы кіраўнік расейскага Цэнтрвыбаркаму мае намер абмеркаваць розныя формы супрацоўніцтва ў справе ажыцьцяўленьня міжнароднага назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. А.Вешнякоў плянуе разглядзець магчымасьць накіраваньня прадстаўнікоў ЦВК Расеі ў місію АБСЭ ў выпадку прыняцьця арганізацыяй рашэньня аб накіраваньні назіральнікаў на выбары ў Беларусі.
Прэтэндэнт на пост главы дзяржавы, генэрал Павал Казлоўскі абверг словы старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, якая на прэс-канферэнцыі раніцай 24 ліпеня заявіла, што ён нібы прызнаў, што ягоная ініцыятыўная група здала ў тэрытарыяльныя камісіі менш за сто тысячаў попісаў неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. “Такога прызнаньня не было й ня будзе”, – заявіў у інтэрвію БелаПАН П.Казлоўскі. Ён падкрэсьліў, што ягоная група сабрала больш за сто тысячаў подпісаў. “Мы будзем дабівацца іхняга прызнаньня”, - сказаў генэрал Казлоўскі.
Упершыню Беларусь наведаў камандуючы Ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе і Вярхоўны галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі НАТА генэрал Джозэф Ролстан. Ён прыляцеў у Гомлю ўсяго на некалькі гадзінаў, з тым, каб адкрыць Цэнтар пераліваньня крыві, пабудаваны за кошт сродкаў камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе.
Уступіў у сілу указ прэзыдэнта “Аб прадастаўленьні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую службу некаторым катэгорыям грамадзянаў”. Як адзначаецца ў дакумэнце, ён прыняты “з мэтаю замацаваньня кваліфікаваных маладых спэцыялістаў у некаторых раёнах, якія падвергліся радыёактыўнаму забруджаньню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. Згодна ўказу, грамадзянам прызыўнога ўзросту, якія скончылі вышэйшыя й сярэднія спэцыяльныя навуковыя ўстановы педагагічнага, медычнага, сельскагаспадарчага профілю і якія працуюць па спэцыяльнасьці ў зонах далейшага адсяленньня, прадастаўляецца адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую службу на час працы ў гэтых зонах.
На тэрыторыі Расеі за першыя паўгады гэтага года зьнікла бяз зьвестак 96 грамадзянаў Беларусі. Такія дадзеныя паведаміў журналістам у аўторак на брыфінгу ў Маскве намесьнік начальніка службы крымінальнай міліцыі МУС Беларусі, начальнік Галоўнага ўпраўленьня крымінальнага росшуку, палкоўнік міліцыі Валянцін Патаповіч. Ён распавёў, у прыватнасьці, што 65 жыхароў Беларусі зьніклі толькі ў Маскве і Маскоўскай вобласьці. Ён адзначыў, што з агульнай колькасьці грамадзянаў Беларусі 57 зьехалі на зарабаткі ў Расею. Валянцін Патаповіч адзначыў, што да гэтага часу месцазнаходжаньне вышэйзгаданых асобаў не вядома праваахоўчым ворганам ні Расеі, ні Беларусі. Усяго, па словах намесьніка начальніка службы крымінальнай міліцыі МУС Беларусі, 128 беларусаў зьніклі на тэрыторыі іншых краінаў за першыя паўгады гэтага года.
З 24 ліпеня ў Беларусі ў чарговы раз падняліся кошты на нафтапрадукты. Напярэдадні кіраўніцтва “Белнафтахіму” падпісала ўказ пра павышэньне на 2.5 адсоткаў свабодных аптовых коштаў на нафтапрадукты, якія адгужаюцца канцэрнам. Такім чынам, з сёньняшняга дня кошт 1 літра аўтабензіну А-76, што рэалізуецца праз аўтазапраўляльныя станцыі складае 475 рублёў, АИ - 92 - 585 рублёў; АИ-95 - 670 рублёў; дызельнага паліва – 410 рублёў. Папярэдні рост коштаў на нафтапрадукты адбыўся ў Беларусі 19 лiпеня гэтага года.
У Беларусі агульная запазычанасьць суб’ектаў гаспадараньня па пляцяжам у бюджэт і дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя фонды пераўзышла па дадзеных на 1 ліпеня гэтага года, 101 мільярд рублёў. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у прэс-цэнтры Дзяржаўнага падаткавага камітэту рэспублікі, гэтая сума склала 1,7 адсоткі да гадавога пляну даходаў.
82,9 адсоткі ад агульнай колькасьці суб`ектаў гаспадараньня Брэсту (531 прадпрыемства) зьяўляюцца сёньня стратнымі. 82,9 адсоткаў зь іх прадстаўляюць недзяржаўны сэктар эканомікі. Найбольшая колькасьць стратных прадпрыемстваў у прамысловасьці - 26,9 адсоткаў. Сярод іх - электралямпавы завод, Брэсцкі электрамеханічны завод, завод бытавой хіміі.
Cёньня ноччу вось ужо другі раз за тыдзень зьведала напад рэдакцыя незалежнай газэты “День”. З рэдакцыі, якая разьмяшчаецца ў будынку “Беларусьфільму” і ахоўвацца пазаведамственай аховаю, зноў вынесеныя сыстэмныя блёкі і разабраны кампутары.
“Паважаныя суайчыньнікі! Мы зьвяртаемся да Вас, а таксама да сусьветнай грамадзкасьці ў адзін з самых драматычных момантаў нашай гісторыі. Правячы рэжым дасягнуў у сваіх дзеяньнях найвысокага цынізму. Рэспубліку апанаваў страх і адчай. Прычына -- бясьсьледныя зьнікненьні вядомых сыноў Беларусі Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьміцера Завадзкага”, - гаворыцца ў звароце да беларускага народу й сусьветнай грамадзкасьці, зь якімі 24 ліпеня выступілі прадстаўнікі палітычных партыяў Беларусі. Тэкст звароту цалкам чытайце на нашым сайце.
Факты парушэньняў выбарчага заканадаўства за перыяд збору подпісаў прадаставіў праваабрончы цэнтар “Вясна”. Так дырэктар Віцебскага хлебнага камбінату на плянэрцы рэкамендаваў сваім падначаленым мусіраваць слых пра тое, што кожны член ініцыятыўнай апазыцыйнай групы атрымоўвае па 5 тысячаў рублёў за кожны сабраны подпіс. А загадчыца гарадзкога адзьзелу адукацыі Лазарэнка сабрала загадчыц навучаньня сярэдніх школаў Наваполацку і загадала ім сабраць па 80 подпісаў кожнаму. Пры гэтым людзі толькі тады даведадаліся, што яны ўключаны ў склад інцыятыўнай групы па збору подпісаў за Лукашэнку.
Беларускі Гэльсінкскі камітэт накіраваў зварот у так званыя парлямэнцкія структуры й Пракуратуру Беларусі, у якім заяўляе пра неабходнасьць тэрміновага скліканьня пазачарговай сэсіі “савету рэспублікі” і “палаты прадстаўнікоў” і правядзеньня парлямэнцкага расьсьледаваньня датычнасьці Аляксандра Лукашэнкі да палітычных забойстваў у рамках працэдураў артыкулу 88 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Кранальныя трагедыі далёкай Беларусі рэхам адгукнуліся на Капіталійскім Узгорку ў мінулую пятніцу, калі чатыры беларускія жанчыны зьвярнуліся па міжнародную падтрымку іхніх мужоў – арыштаваных, зьніклых ці загінулых пры загадкавых абставінах. Ля павялічаных выяваў сваіх мужоў, Людміла Карпенка, Ірына Красоўская, Тацяна Клімава й Сьвятлана Завадзкая казалі пра ўсепранікняльны страх і палітычнае бязьмежжа, што ўчыняецца ў краіне, ахвярамі якога, як яны мяркуюць, сталі іхнія мужы.
“Улада пайшла на жорсткі сцэнар правядзеньня выбараў», - заявіў у інтэрвiю БелаПАН 23 ліпеня адзін з удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, былы міністар абароны, а цяпер старшыня Міжнароднага фонду рэабілітацыі здароўя былых вайскоўцаў Павал Казлоўскі. У гэты дзень генэрал Казлоўскі прысутнічаў на цырымоніі адкрыцьця адзьдзялення пераліваньня крыві ў Гомельскай лякарні хуткай дапамогі пасьля рэстаўрацыі, праведзенай на сродкі Міністэрства абароны ЗША. П.Казлоўскі лічыць, што ўлада нанесла дэмакратычным сілам "адэкватны ўдар", калі Цэнтрвыбаркам аб`явіў, што стотысячную мяжу збору подпісаў пераадолелі толькі чацьвёра - Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Сямён Домаш і Уладзімер Ганчарык.
“ЗША гатовы да нармалізацыі адносінаў з Беларусьсю, калі беларускія ўлады будуць прытрымлівацца тых нормаў, якія Беларусь абавязалася выконваць у межах АБСЭ", - заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар ЗША у Беларусі Майкл Козак 23 ліпеня ў Гомлі. Па ягоных словах, "з лістапада 1996 года адносіны паміж Беларусьсю і ЗША нельга назваць нармальнымі". "Гэта адбываецца таму, што нашы магчымасьці аказваць Беларусі больш істотную дапамогу напрамую зьвязаны з выкананьнем Беларусьсю яе міжнародных абавязацельстваў па забеспячэньню асноўных свабодаў чалавека й свабоднага, справядлівага й празрыстага выканаўчага працэсу", - сказаў дыплямат.
Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў вынесла папярэджаньне Беларускаму патрыятычнаму саюзу моладзі за датэрміновы пачатак агітацыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Цэнтрвыбаркаму Валеры Юрэвіч, папярэджаньне было вынесена 21 ліпеня за раздачу членамі БПСМ каляндарыкаў на 2002 год з выяваю Аляксандра Лукашэнкі і подпісам "Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь".
Група дзяцей, чые бацькі пацярпелі ад рэпрэсіяў падчас правядзеньня масавых акцый пратэсту ў Менску і іншых гарадах краіны і зьяўляюцца членамі Кансэрватыўна-грамадзянскай партыі БНФ, незалежных прафсаюзаў і іншых арганізацыяў, накіраваліся для адпачынку ў Польшчу. Усяго ў суседнюю краіну, у курортнае мястэчка Мікалайкі-Мазурскія каля Беластоку выехала 23 дзіцяці. Паездку арганізавала грамадзкая арганізацыя "Цэнтр па правох чалавека" пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі.