Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Cёньня ноччу вось ужо другі раз за тыдзень зьведала напад рэдакцыя незалежнай газэты “День”. З рэдакцыі, якая разьмяшчаецца ў будынку “Беларусьфільму” і ахоўвацца пазаведамственай аховаю, зноў вынесеныя сыстэмныя блёкі і разабраны кампутары.
Дарагая аргтэхніка і нават грошы засталіся некранутымі. У гісторыі “Беларусіфільму” такі выпадак беспрэцэдэнты – з-за ўзмоцненага рэжыму аховы да гэтага яго ні разу нават не спрабавалі абкрасьці. Відавочна, што гэта факт ціску на незалежнае выданьне, якое ў апошні час надрукавала шэраг гучных матэрыялаў, што выкрывалі беларускі рэжым. Падцьверджаньнем гэтаму стаў факт, што Дзярждрук сёньня паведаміў, што з 1 жніўня ён адмаўляецца друкаваць газэту “День”.
За дзень да крадзяжу галоўны рэдактар газэты “День” Аляксандар Тамковіч аб’явіў аб тым, што пасьля абкаданьня рэдакцыі, газэта мае намер пераязджаць на іншы офіс, бо стары, паколькі яго спакойна абкрадаюць пры наяўнасьці пазаведамственнай аховы, ужо не ўнушае даверу. Напярэдадні начнога нападу рэдакцыя як раз скончыла працу над спэцвыпускам, прысьвечаным зьніклым у Беларусі вядомым людзям. Тым самым злашчасным спэцвыпускам, выхад якога быў сарваны з-за крадзяжу, што меў месца тыдзень таму. І вось зноў – раніцай журналісты газэты “День” пабачылі свае працоўныя месцы ў разбураным стане: кампутары разабраныя, сыстэмныя блёкі зьніклі. Матэрыялы спэцвыпуску, як і усе астатнія, зноў зьніклі. І зноў ніякіх сьлядоў – дзьверы й вокны цэлыя.
Паказальна, што першы бандыцкі напад на рэдакцыю адбыўся пасьля таго, як газэта надрукавала інтэрвію экс-кіраўніка справамі прэзыдэнта Івана Ціцянкова, i пасьля таго, як быў надрукаваны нумар газэты, на першай паласе якога зьявіўся артыкул і копія скандальных дакумэнтаў аб датычнасьці вышэйшага кіраўніцтва краіны да зьнікненьня Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юры Захаранкі, а таксама артыкул Сяргея Аніські “Хто, хто ў церамку жыве?”, дзе журналіст распавядае пра неадпаведнасьць раскошы, у якой жывуць сваякі Лукашэнкі, да афіцыйнага заробку. Акрамя таго, з-за матэрыяла Сяргея Аніські “Армія пакрыўджаных папоўнілася ваеннымі”, галоўнаму рэдактару газэты “День” Аляксандру Тамковічу прыйшлося наведаць КДБ. Так, што падставаў для пільнай увагі ўладаў хапае.
Да таго ж, як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандар Тамковіч, сёньня да яго прыйшоў ліст з Дзяржаўнага камітэту па друку, у якім паведамляецца, што з 1 жніўня камітэт адмаўляецца друкаваць газэту “День”. У лісьце паведамляецца, што гэтае рашэньне Дзяжкамдруку ( дамова заключана да 31 сьнежня) зьвязана з “неправільнай трактоўкай газэтаю “День” адмовы Дзяржкамдруку друкаваць нумар газэты са скандальным інтэрвію былога кіраўніка справамі прэзыдэнта Іванам Ціцянковым”. Па словах Аляксандра Тамковіча, Дзяржкамдрук патрабаваў ад газэты публічных выбачэньняў. Галоўны рэдактар “Дня” заявіў, што выбачацца ён не зьбіраецца, бо адмаўленьне друкаваць газэту інакш як нежаданьнем выпускаць выкрывальнае Лукашэнку інтэрвію яго былога паплечніка Ціцянкова не патлумачыш. Газэта мае намер абскардзіць рашэньне Дзяржкамдруку ў Гаспадарчым судзе. А пакуль, паведаміў нам Аляксандра Тамковіч, газэта па-ранейшаму будзе выходзіць.