Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У адпаведнасьці з афіцыйнымі зьвесткамі, што паступілі сёньня з Цэнтрвыбаркаму Беларусі, неабходныя сто тысячаў подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты сабраны ініцыятыўнамі групамі толькі чатырох прэтэндэнтаў. Як выказаўся сакратар ЦВК Мікалай Лазовік “папярэднія дадзеныя не супярэчаць канчатковым”. Прэтэндэнты на пост прэзыдэнта Міхаіл Чыгір, Павал Казлоўскі, Міхаіл Марыніч і Сяргей Калякін маюць намер адстойваць сваё права на ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы і змагацца за прызнаньне факту перадачы імі ў ЦВК неабходных 100 тысячаў подпісаў. У сувязі з гэтым, М.Чыгір, М.Марыніч, П.Казлоўскі і С.Калякін маюць намер правесьці а 17.00 прэсавую канферэнцыю.
Пастанову “Аб вызначэньні парадку выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” зацьвердзіў на сваім паседжаньні 25 ліпеня Цэнтрвыбаркам. Згодна гэтаму дакумэнту ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты будуць мець права на апублікаваньне сваіх прадвыбарчых плятформаў аб’ёмам ня больш за 5 машынадрукаваных старонак у васьмі дзяржаўных друкаваных выданьнях. Кандыдаты могуць усяго двочы выступіць на дзяржаўным тэлебачаньні і столькі сама – па першаму каналу беларускага радыё. Працягласьць кожнага выступу не павінна пераўзыходзіць 30 хвілінаў. Пры жадданьні прэзыдэнта, зьвярнуцца да народу можа яго паверанная асоба. Выступы будуць трансьлявацца ў запісу ў буднія дні: з 18.30 да 19.30 – па тэлебачаньню і з 8.00 да 9.00 – па радыё.
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ (БДІПЧ АБСЭ) гатова ажыцьцяўляць міжнароднае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта ў сераду паведаміў Інтэрфаксу старшыня Цэнтрвыбаркаму РФ Аляксандар Вешнякоў пасьля сустрэчы ў Варшаве з дырэктарам БДІПЧ АБСЭ Жэрарам Штудманам і генэральным сакратаром Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Золтанам Тотам.
Ноччу 24 ліпеня супрацоўнікі аб`яднаньня «Ахова» Жабінкаўскага РАУС (Брэсцкая вобласьць) затрымалі двух жыхароў в.Чучэвічы Лунінецкага раёну, якія расклейвалі ўлёткі ў Жабінцы. Як паведамілі БелаПАН ў прэс-службе УУС Брэсцкага аблвыканкаму, 21-гадовы Анатоль Сасукевіч і 27-гадовы Васіль Сьвірыдчук былі затрыманы а 3 гадзіне начы. Пры іх было 36 улётак рознага зьместу, у тым ліку з надпісам «Край», і налепкі. Па дадзеным факце быў складзены адміністратыўны пратакол па ар.172 ч.3 КаАП (незаконны распаўсюд друкаванай прадукцыі). Супраць старэйшага з затрыманых узбуджана і крымінальная справа – па арт.370 КК (зьнявага дзяржаўных сымбаляў). Міліцыя мяркуе, што за 15 хвілінаў да затрыманьня ён сарваў герб з фасаду будынку натарыяльнай канторы па вул.Савецкай і разламіў яго.
У Менску пачынае працу місія МВФ пад кіраўніцтвам дырэктара заходняга адзьдзелу 2 эўрапейскага дэпартамэнту Марты дэ Кастэлла-Бранка, якая прыбыла ў беларускую сталіцу напярэдадні. У місіі дзьве мэты. Першая – правесьці ацэнку агульнай эканамічнай сытуацыі ў краіне. Другая – разглядзець, як урад выконвае праграму маніторынгу, праца па якой пачалася ў красавіку гэтага года. Ёсьць два праблемных пытаньня: павышэньне заробкаў, якое негатыўна адлюстроўваецца на стане эканомікі, і крэдытаваньне сельскай гаспадаркі, чым вымушаны займацца беларускія банкі. Таму пытаньне аб выдзяленьні крэдыту, якое будзе старацца ініцыіраваць беларускі бок, наўрадці будзе разгледжана.
адбудуцца ў жніўні-верасьні гэтага года. Комплексныя аператыўна-тактычныя навучаньні Ўзброеных сілаў, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў рэспублікі (у тым ліку – часткі і падразьдзяленьні Міністэрства ўнутраных справаў, Дзяржаўнага камітэту прымежных войскаў, чыгуначных войскаў) будуць праводзіцца на Госкім, Даманаўскім, Абуз-Лясноўскім, Дрэтуньскім, Пралескім і Ружанскім палігонах. Чакаецца, што на заключным этапе навучаньняў будзе прысутнічаць Аляксандар Лукашэнка. Ён, у прыватнасьці, пабачыць некатрыя фазы тактычнага навучаньня з баявой стральбою. У ваенным ведамстве рэспублікі падкрэсьлілі, што з часу Савецкага Саюзу такіх шырокамаштабных навучаньняў у Беларусі не праводзілася.
Ня ўсе могуць распаволіцца ў гэтыя сьпякотныя ліпеньскія дні. Ня простая сытуацыя складваецца на буйных менскіх прадпрыемствах – МТЗ, МАЗе,”Кераміне”, “Камунарцы” і іншых. На чарговым паседжаньні намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Мікалай Ярохаў папрасіў главаў раённых адміністрацыяў зьвярнуць сур’ёзную ўвагу ня толькі на нашых “кітоў”, а на “рыбку” больш дробную, каб за кошт эфектоўнай працы дробных прадпрыемстваў і арганізацыяў выйсьці на плянавыя паказчыкі ў агуле.
Мінулай ноччу ў Беларусі прайшлі моцныя дажджы з ураганным ветрам, у выніку якіх была парушана энэргападача больш, чым у тысячы мястэчках. У шэрагу раёнаў рэспублікі за ноч выпала двухмесячная норма ападкаў. Гэтая навальніца адабрала жыцьцё трох чалавек, у тым лiку дзiцяцi. Мясцовыя ўлады падлічваюць страты.
Турэмная сэрыяда Валеры Шчукіна усім добра вядома. Але да сёньня Валеры Алексеевіч пісаў, як кажуць, “пост-фактум” – пасьля выхаду з турэмных засьценкаў. Таму асобам, якія знаходзяца ў прыёмніку-разьмеркавальніку ў сьледчым ізалятары, перапіска не дазваляецца. Зараз журналіст-праваабронца - паўнапраўны зэк: адбывае арышт па Крамінальнаму кодэксу. А ў адпаведнасьці з часткаю 1 артыкула 85 Крымінальна–выканаўчага кодэксу (УВК) “Асуджаным да пазбаўленьня волі дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты й тэлеграмы без абмежаваньня іхняй колькасьці”. Так што “Народная воля” мае магчымасьць пачаць публікацыю чаговай турэмнай сэрыі вядомага “палітычнага хулігана” ужо сёньня. Дзёньнік палітвязьня Шчукіна чытайце на нашым сайце.
Сёньня а 11.00 адбудзецца суд над актывістам руху ЗУБР Аляксеем Шыдлоўскім у судзе Партызанскага раёну Менску. Крымінальная справа па артыкуле 218 КК супраць Аляксея Шыдлоўскага і яшчэ траіх удзельнікаў руху было ўзбуджана ў лютым гэтага года. Усіх іх абвінавачваюць у тым, што яны малявалі графіці “ЗУБР” на сьценах выканкаму і будынкаў ў Партызанскім раёне Менску. Вырашаць лёс на працэсе будзе вядомы судзьдзя Барысёнак, на рахунку якога ні адзін дзесятак судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў апазыцыі. Не аднойчы ён судзіў і дэпутата Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Валеры Шчукіна, які вось ужо другі месяц знаходзіцца ў засьценках Жодзінскага СІЗА.
Паводле інфармацыі, атрыманай ізраільскім карэспандэнтам ПРЭС-ЦЭНТРА.РУ Кірылам Глузманам ад ізраільскіх “кампетэнтных крыніцаў”, Беларусь пастаўляе зброю экстрэмістам. Усё пачалося з таго, што ізраільскія спэцслужбы пачалі разьбірацца, зь якой нагоды палесьцінцы сталі больш рэдка выкарыстоўваць для абстрэлаў мінамёты ўласнай вытворчасьці, а перайшлі на імпартныя. Перахопленая буйная партыя мінамётаў дазволіла ўзнавіць ланцуг “Вытворца – пакупнік”. Па ацэнках ізраільскіх і эўрапейскіх спэцыялістаў па гандлю зброяй, Беларусь зьяўляецца найбуйным пастаўшчыком зброі і боепрыпасаў мусульманскім экстрэмістам на Блізкім Усходзе й на Балканах.
Па словах Міхаіла Чыгіра, ягоная інфармацыя аб колькасьці подпісаў, здадзеных у ягоную падтрымку, значна адрозьніваецца ад дадзеных, прадастаўленых Цэнтрвыбаркамам, глава якога заявіла, што ў выбарчыя камісіі паступіла 87.000 подпісаў ў падтрымку Чыгіра. Па сьцьвярджэньню Міхаіла Чыгіра, ягоная ініцыятыўная група сабрала звыш 100.000 подпісаў. Аднак, паведаміў ён, зараз выяўляюцца факты, калі пад пагрозаю звальненьня з працы члены ініцыятыўнай групы не здавалі сабраныя подпісы ў выбарчыя камісіі.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы па збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Чэргінец у размове з карэспандэнтам БелТА заявіў, што ў падтрымку Лукашэнкі сабрана больш за паўмільёны подпісаў, зь якіх 396455 пададзена ў Цэнтрвыбаркам, а звыш 100 тысячаў подпісаў засталося, так бы мовіць, у рэзэрве. Ніхто і не сумняваўся, што ініцыятыўная група Лукашэнкі, застрашэньнем звальненьня з працы, “зьбярэ” больш за 100 тысячаў подпісаў. Тым ня менш, падобна, Чэргінец схлусіў, кажучы пра паўмільёны подпісаў ў падтрымку свайго патрона, таму яму й прыйшлося казаць пра нейкі “рэзэрв”.
22 ліпеня магілёўскія актывісты руху ЗУБР пахавалі дыктатуру. У 14.00 з Кастрычніцкага парку выйшла траурная працэсія і рушыла ў бок Сьвятога возера. Наперадзі калёны несьлі крыж, зроблены з лыжаў, несьлі вянкі з надпісамі “Аб табе не смуткуюць пенсыянэры. Мы паклапоцімся аб іх. ЗУБР”, “Нам добра без цябе”. За гэтым несьлі труну, зробленую па апошняй прозьбе спачылага, чырвона-зялёнага колеру. У ёй ляжала цела дыктатуры. Гучала музыка, гармонік, гітара, сьвісьцёлкі, дудзелкі.
Лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны сустрэнуцца сёньня ў Віцебску. Уладзімер Пуцін выляціць у Віцебск у першай палове дня для таго, каб разам з іншымі лідэрамі прыняць удзел у фестывалі “Славянскі базар”. У адрозьненьні ад мінулага года форма ўдзелу прэзыдэнтаў у гэтым мерапрыемстве выбрана менш параднай. Год таму прэзыдэнты трох славянскіх краінаў адкрывалі капліцу на Прохаравым полі ў Клімаўскай вобласьці Беларусі, якая мяжуе і з Расеяй, і з Украінаю. На гэты раз ў праграме знаходжаньня ў Віцебску трох прэзыдэнтаў не заплянавана такіх самых сымвалічных жэстаў і крокаў, нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе “Славянскаму базару” споўніцца дзесяць гадоў.
Ужо тры месяцы, нягледзячы на абяцаньні кіраўніцтва прадпрыемства і Магілёўскага гарвыканкаму, не выплочваецца заробак на Магілёўскім гарадзкім камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве “Машыныбудаўнічы завод”. У калектыве склалася перадзабастовачная сытуацыя. І праз тое, што звароты ва ўсе кіруючыя інстанцыі не даюць вынікаў, рабочыя адмаўляюцца прыступаць да працы.
У Беларусь 25 ліпеня з трохдзённым афіцыйным візытам прыбывае прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмонаў. 26 ліпеня Эмамалі Рахмонаў сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам c пачатку ў фармаце “адзін на адзін” і ў пашыраным складзе. У той самы дзень у Доме ўраду пройдуць сустрэчы прэзыдэнта Таджыкістану з прэм’ер-міністрам Беларусі Ўладзімерам Ярмошынам і старшынёй “палаты прадстаўнікоў” Вадзімам Паповым.