Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэтэндэнты на прэзыдэнцкі пост маюць намер дабіваца прызнаньня факта перадачы 100 тысячаў подпісаў у іхнюю падтрымку 11:06, 25/07/2001
Па словах Міхаіла Чыгіра, ягоная інфармацыя аб колькасьці подпісаў, здадзеных у ягоную падтрымку, значна адрозьніваецца ад дадзеных, прадастаўленых Цэнтрвыбаркамам, глава якога заявіла, што ў выбарчыя камісіі паступіла 87.000 подпісаў ў падтрымку Чыгіра. Па сьцьвярджэньню Міхаіла Чыгіра, ягоная ініцыятыўная група сабрала звыш 100.000 подпісаў. Аднак, паведаміў ён, зараз выяўляюцца факты, калі пад пагрозаю звальненьня з працы члены ініцыятыўнай групы не здавалі сабраныя подпісы ў выбарчыя камісіі.
Чыгiр таксама адзначыў, што, хоць паводле дамоўленасьці ў выпадку рэгістрацыі Ўладзімера Ганчарыка астатнія члены “пяцёркі” (Сямён Домаш, Міхаіл Чыгір, Павал Казлоўскі і Сяргей Калякін) павінны зьняць свае кандыдатуры на ягоную карысьць, ён мае намер працягваць пошукі “зьніклых” подпісаў.
Прадстаўнікі штабу яшчэ аднаго прэтэндэнта на пост главы дзяржавы, першага сакратара ЦК Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, сцьвярджаюць, што ў падтрымку лідэра партыі здадзена 100.934 подпісаў (паводле дазеных Цэнтрвыбаркаму – 97 тысячаў).
Як паведаміў БелаПАН сакратар ЦК КПБ Аляксандр Пахлопка, ініцыятыўная група Калякіна перадала ў Цэнтрвыбаркам заяву, у якой ёсьць інфармацыя пра здадзеныя ў ягоную падтрымку подпісы па кожнай выбарчай камісіі. Разам з тым, Пахлопка лічыць малаверагодным прызнаньне Цэнтрвыбаркамам таго факту, што Сяргей Калякін пераадолеў стотысячную мяжу.
Пра тое, што ягоная ініцыятыўная група сабрала больш за 100.000 подпісаў, працягвае сьцвярджаць яшчэ адзін член “пяцёркі” – генэрал Павал Казлоўскі. Па словах прэтэндэнта, ён будзе дабівацца іхняга прызнаньня.
Нагадаем, вынікі збору подпісаў ў падтрымку вылучэньня кандыдатаў ў прэзыдэнты Цэнтрвыбаркам падвядзе на сваім паседжаньні 25 ліпеня.