Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Колькасьць людзей, якія трымаюць у руках партрэты рэпрэсаваных палітыкаў, павялічылася да 400. У акцыі прымаюць удзел жонкі бяз зьвестак зьніклых беларускіх палітыкаў - Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Людміла Карпенка, а таксама патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнцкі пост - Міхаіл Чыгір, Сяргей Калякін, Сямён Домаш, Міхаіл Марыніч і Сяргей Антончык. Міліцыя пакуль не прадпрымае ніякіх дзеяньняў адносна прысутных. Колькасьць удзельнікаў акцыі ўвесь час расьце.
Акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей” пад дэвізам “Хочам ведаць праўду!” праходзіць на дадзены момант на галоўным прашпэкце Менску. Ланцуг прыкладна з 200 чалавек расьцягнуўся па прашпэкце Скарыны ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Людзі трымаюць у руках партрэты зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара й Юры Захаранку, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага й журналіста Зьміцера Завадзкага, палітвязьняў Андрэя Клімава й Валеры Шчукіна, а таксама загінулых пры загадкавых абставінах Анатоля Майсені й Генадзя Карпенкі.
Вынесены прысуд чатыром удзельнікам руху ЗУБР. Крымінальная справа была ўзбуджана па частцы 1 арт. 218 КК за надпіс “ЗУБР” на сьценах жылых дамоў па вуліцы Казлова й адміністрацыі Партызанскага раёну. Пракурор Партызанскага раёну Кіеня патрабаваў прыгаварыць Аляксея Шыдлоўскага да двух гадоў папраўчай працы з вылічэньнем 20% заробку, Сяргея Коктыша да аднаго года папраўчай працы з вылічэньнем 15% заробку, а Анатоля Алізара й Аляксандра Ермакова – да трох месяцаў арышту. Нягледзячы на тое, што віна падсудных не была даказана, судзьдзя Барысёнак прызнаў падсудных віноўнымі ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. Аляксей Шыдлоўскі быў прыгавораны да двух гадоў папраўчых працаў, але з вылічэньнем 10% заробку, а Анатоль Алізар й Аляксандар Ермакоў – да выплаты ста мінімальных заробкаў.
Акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей” пад дэвізам “Хочам ведаць праўду!” пройдзе сёньня ў Менску а 18.00 на прашпэкце Скарыны (ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Перамогі). Удзельнікі акцыі маюць намер стаць ланцугом уздоўж праезджай часткі прашпэкту Скарыны. Трымаючы ў руках партрэты зьніклых на Беларусі вядомых людзей: палітыкаў Юры Захаранкі й Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага й журналіста Зьміцера Завадзкага, а таксама партрэты загінулых пра загадкавых абставінах Анятоля Майсені й Генадзя Карпенкі і палітвязьняў Валеры Шчукіна й Андрэя Клімава. У акцыі будуць прымаць удзел таксама жонкі й сваякі бясьследна зьніклых людзей. Пра тое, як праходзіць акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”, прэс-цэнтар Хартыі’97 будзе паведамляць у рэжыме on-line.
Беларуская асацыяцыя журналістаў зьбірае подпісы сваіх калегаў пад зваротам, у якім інфармуе нацыянальныя і міжнародныя журналісцкія арганізацыі аб новых фактах наступленьня ўладаў Беларусі на СМІ."Цяперашняя беларуская ўлада адкінула нават бачнасьць выкананьня законнасьці, - гаворыцца ў звароце. - Незалежныя СМІ адчуваюць на сабе гэта ў поўнай меры. Да эканамічнай, прававой і ідэалягічнай дыскрымінацыі недзяржаўных СМІ дадаюцца метады адкрыта крымінальнага характару".
Жонкі вядомых на Беларусі людзей, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям ці зьніклых бяз зьвестак – Людміла Карпенка, Тацяна Клімава-Леановіч, Ірына Красоўская й Сьвятлана Завадзкая – правялі прэс-канферэнцыю па выніках сваёй паездкі ў Маскву (7-9 ліпеня), Парыж (9-10 ліпеня) і Вашынгтон (17-19 ліпеня). Як заявілі ўдзельніцы прэс-канферэнцыі, перадае БелаПАН, за мэту гэтай паездкі было прыцягненьне ўвагі шырокай міжнароднай грамадзкасьці да таго, што адбылося зь блізкімі. Гэта, лічаць яны, цалкам удалося.
Місія Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы па доўгатэрміноваму міжнароднаму назіраньню за выбарамі прэзыдэнта Беларусі падрыхтавала дадзеныя па выніках працы місіі ў Беларусі ў перыяд з 18 па 20 ліпеня. Пасьля азнаямленьня з прадвыбарчай сытуацыяй ў Беларусі, місія ААВЦУЭ вынесла шэраг заўвагаў і рэкамендацыяў па парушэньні ўладнымі структурамі выбарчага заканадаўства. Вытрымкі з матэрыялаў па выніках працы місіі доўгатэрміновых міжнародных назіральнікаў чытайце на нашым сайце.
Грамадзкія назіральнікі, якія ажыцьцяўляюць кантроль за прадвыбарчай кампаніяй у Наваполацку, атрымліваюць шмат сігналаў аб парушэньнях выбарчага заканадаўства. Практычна ўсе яны тычацца збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, паведамляе “БДГ”. Разам з тым, ход “падпісной” кампаніі ў Наваполацку паказаў, што папулярнасьць Лукашэнкі ў горадзе вельмі невялікая. Нават выкарыстоўваючы адміністратыўны рэсурс, не ўдалося дасягнуць значнага адрыву ва ў ліку подпісаў, сабраных у Наваполацку за кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка сабраў у Наваполацку 3315 “аўтографаў” выбаршчыкаў.
За ўдзел у пікеце “За свабоду Тыбету!”, што адбыўся ў Менску 19 ліпеня падчас знаходжаньня ў Менску кітайскага лідэра Цьзян Цзэміня, удзельніка руху ЗУБР Яраслава Шэстакова суд Цэнтральнага раёну Менску 25 ліпеня прыгаварыў да штрафу ў памеры 20 мінімальных заробкаў (больш за 100 даляраў ЗША). Нагадаем, што напярэдаднi тым самым судом яшчэ адзін удзельнік пікету быў аштрафаваны на тую самую суму, што і Яраслаў Шэстакоў, а другому суд вынес папярэджаньне. Усе ўдзельнікі пікету прыцягваліся за парушэньне арт.167.ч.1 КаАП (парушэньне ў арганізацыі сходаў).
Канструктары Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднаньня “Агат”, асноўная прадукцыя якога аўтаматызаваныя сытэмы кіраваньня, распрацавалі новы ўзор узбраеньня для вайсковай супрацьпаветранай абароны – зенітны ракетны комплекс “Шлем”. Калі выпрабаваньні будуць пасьпяховымі, то на НВА “Агат” плянуюць разьвярнуць сэрыйную вытворчасьць новага ўзору ўзбраеньня НПА.
Сёлета адгрузка мінеральных угнаеньняў да пасяўной азімых ідзе як ніколі блага. Як паведаміла крыніца ў беларускім урадзе, па стану на 20 ліпеня было адгружана: калійных угнаеньняў – усяго 9 адсоткаў ад заплянаванага (больш за 11 тонаў), фосфарных – толькі 7 адсоткаў (2,7 тысячаў тонаў).
Бюджэт пражытнога мінімуму ў Беларусі склаў, па папярэдніх падліках, прыкладна 45 тысячаў рублёў у коштах чэрвеня (931 даляр ЗША). Згодна Генэральнаму пагадненьню паміж урадам, наймальнікамі й прафсаюзамі, стаўка 1 разрада павінна быць не ніжэй за 35% ад БПМ ці не меней 15,8 тыс.рублёў. Усталяваная на дадзены момант стаўка 1 разраду 14,5 тыс.рублёў амаль на 9 % ніжэй за гарантаваную ўрадам.
Пракурор Партызанскага раёну Менску Кіеня сёньня на судовым працэсе над актывістам руху ЗУБР Аляксеем Шыдлоўскім і яшчэ трыма удзельнікамі руху, супраць якіх была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 218 КК за нанясеньне графіці “ЗУБР”, патрабаваў прыгаварыць Аляксея Шыдлоўскага да двух гадоў папраўчых працаў з вылічэньнем 15% заробку, Коктыша – да 1 года папраўчых працаў з вылічэньнем 15% заробку, Алізара і Ермакова – да трох месяцаў арышту. На дадзены момант у судзе аб’яўлены перапынак, пасьля якога чакаецца агалошваньне прысуду судзьдзі.
Пятніца, 15 чэрвеня. 4-ы дзень. Выконваю дадзенае абяцаньне весьці ў турме дзёньнік і рэгулярна накіроўваць у рэдацыю свае запісы. Раніцай адправіў чарговы матэрыял. Лісты ў турме падлягаюць цэнзуры, а таму аддаюцца незапячатанымі. Так што члены “Палітбюро” маюць магчымасьць азнаёміцца са становішчам справы на месцах і з меркаваньнем пазбаўленых свабоды пра тых, хто мае ўладу яшчэ да зьяўленьня матэрыяла на старонках недзяржаўнай газэты.
Прадстаўнічая дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Савету Эўропы мае намер наведаць Беларусь у перыяд з 31 ліпеня па 3 жніўня. Пра гэта 25 ліпеня на паседжэньні Кансультатыўнага савету апазіцыйных палітычных партыяў паведаміў кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі Ханс-Георг Вік. Мяркуецца, што ў Менск прыляцяць старшыня палітычнага камітэту ПАСЭ Тэры Дэвіс (Вялікабрытанія), дакладчык па Беларусі Вольфганг Берэндт (Нямеччына), прадстаўнік камітэту па правох чалавека Цырыл Свобада (Чэхія).
Адная з самых уплывовых нямецкіх газэтаў Frankfurter Allgemeine Zeitung надрукавала вялікі артыкул, прысьвечаны зьнікненьню людзей у Беларусі. Галоўная выснова артыкулу: сёньня амаль ніводзін аб’ектыўны палітык ня мае сумневу, што ў Беларусі быў створаны ўладамі і дзейнічаў да самага апошняга часу “эскадрон сьмерці”. На яго рахунку да 30 забітых праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Cярод іх такія вядомыя палітыкі як Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, тэлеапэратар Зьміцер Завадскі.
Міхаіл Марыніч здымае з сябе паўнамоцтвы Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі і, па сумяшчальніцтву, у Эстоніі й Фінляндыі. Пра гэта М.Марыніч заявіў 25 ліпеня на сустрэчы з журналістамі.
Заслугу ў тым, што адзіным кандыдатам ад "пяцёркі" стаў Уладзімер Ганчарык, той, хто ведае знутры апазыцыйны лягер, прыпісвае лідэру прадвыбарчага руху “За новую Беларусь” Васілю Лявонаву. Нібы менавіта дзякуючы кулуарнай дзейнасьці гэтага чалавека, перспэктыўны Сямён Домаш быў вымушаны саступіць старшыні ФПБ. Сам былы міністар сельскай гаспадаркі сьціпла аднекваўся. Маўляў, аб ягоных здольнасьцях занадта высокай думкі.
Крымінальная справа адносна Сяргея Віньнікава, сына былога старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Тамары Віньннікавай, перададзена ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Па словах старшыні суда, працэс пачнецца не раней, чым праз два тыдні – прыкладна ў першай дэкадзе жніўня.
Учора 25 ліпеня фестываль “Славянскі базар” наведалі Ўладзімер Пуцін, Леанід Кучма й Аляксандар Лукашэнка. Віцебскія зубры добра падрыхтаваліся да гэтага візыту. Увесь горад быў замаляваны пытаньнямі аб лёсе зьніклых людзей і залеплены налепкамі.
Учора ў Віцебску прэзыдэнты Расеі, Украіны й Беларусі сустрэліся на “Славянскім базары”. Як гэта было, распавядае спэцыяльны карэспандэнт Андрэй Калесьнікаў.
У дзень сустрэчы ў Віцебску лідэраў Беларусі, Расеі й Украіны, у гэтым горадзе было затрымана дзевяць актывістаў Маладога Фронту. Як паведаміла прэс-служба МФ, маладых людзей схапілі супрацоўнікі міліцыі адразу на вуліцы, недалёка ад офісу арганізацыі. Маладыя людзі йшлі ў накірунку амфітэатру, дзе праходзіў фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, ніякіх акцыяў яны не праводзілі.
Казус здарыўся на канцэрце, прысьвечаным Дню дружбы брацкіх народаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны, што адбыўся ў Віцебску. Як перадае карэспандэнт РІА “Новости”, у канцы выступу вядомага расейскага сьпевака Філіпа Кіркорава адбыўся тэхнічны збой - нечакана абарвалася фанаграма. Пасьля секунднага замяшальніцтва сьпявак здолеў выйсьці са становішча і працягваў выкананьне вядомай песьні “І вагонь, і вада” пры падтрымцы залі.