|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Хто ня з намі – той супраць нас, лічыць лідэр руху “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў 11:06, 26/07/2001, «БДГ» На пытаньні карэспандэнта “БДГ” адказвае Васіль Лявонаў: - Ганчарыка выбралі самі члены "пяцёркі". І гэта вельмі добра. Яны далі слова, што кожны будзе падпарадкоўвацца любому рашэньню большасьці. І слова сваё трымаюць. Калі б прыйшлося вызначаць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў праз калегію выбаршчыкаў, як некаторыя хацелі, то не абыйшлося б без скандалю. Я не магу сказаць, што 21 ліпеня дакладна быў выбраны Ўладзімер Ганчарык. Тым больш, што я не прымаў удзелу ў паседжаньні "пяцёркі" і не лабіраваў ягоную кандыдатуру. Як многія думаюць. Наогул, калісьць я падтрымліваў старшыню аграрнага прафсаюзу Аляксандра Ярашука. Але ён упусьціў свой шанец. - А іншыя? Як яны могуць паўплываць на ход барацьбы паміж Лукашэнкам і Ганчарыкам? - Мы прапаноўваем і астатнім (акрамя Лукашэнкі, вядома) зьняць свае кандыдатуры на карысьць Уладзімера Ганчарыка і працаваць на адзінага кандыдата. Бо зразумела, што ні Міхаіл Марыніч, ні Гайдукевіч, ні Сініцын, ні хто-небудзь яшчэ не маюць шансаў перамагчы ў прэзыдэнцкіх выбарах. Так і не хадзіце па адным на вайну, далучайцеся, і мы выйграем ужо ў першым туры! Калі ты маеш рэйтынг, які несупаставімы з Чыгіром і Домашам, якія забылі на амбіцыі дзеля адзінай мэты – пераменаў, то навошта прэсься?! Значыць, гуляюць на ўладу, на Лукашэнку. Вы згодны? І трэба, каб пра гэта даведаліся ўсе, а яны няхай пасьля адмываюцца як хочуць. - Ну, нібы пазыцыя часоў паляваньня на вядзьмярак ці рэвалюцыйнага тэрору. Калі, напрыклад, Жырыноўскі балятуецца, гэта ж не азначае, што ён наўмысна іграе на Пуціна... - Вы сумняваецецся ў тым, што Жырыноўскі падыгрывае Крамлю? У нас атрымоўваецца, што як раз наўмысна вялікай колькасьцю “незалежных” кандыдатаў размываецца дэмакратычны, нелукашэнкаўскі электарат. І пасьля не забывайцеся, якая сытуацыя ў Расеі і якая на Беларусі. Калі б Уладзімер Ганчарык мог столькі выступаць па тэлебачаньні, колькі выступаў Зюганаў, то, магчыма, ніякага руху “За новую Беларусь” і ствараць не прыйшлося б. Бо народ і так даведаўся б, што краінаю кіруе “пахан”, па якому даўно турма плача. - Васіль Севасьцьянавіч, чым канкрэтна зараз будзе займацца ваш рух? - З панядзелка мы пачалі “агітаваць” за адзінага кандыдата. Будзе праводзіцца збор подпісаў “За новую Беларусь” сярод тых, хто палітычна актыўны. На гэтай аснове мы зьбіраемся стварыць сетку валанцёраў, якія пасьля будуць хадзіць і агітаваць людзей за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка. - І апошняе пытаньне. Як думаеце, кампрамат на Лукашэнку яшчэ будзе? - Упэўнены, што будзе. Бо пакуль загаварылі толькі сьледчыя, а генэралы яшчэ чакаюць. Але і яны нікуды ня дзенуцца. Што, старшыня, КДБ Мацкевіч думае, што схаваецца ў Югаславіі? Вы думаеце, што ён галавы не мае? Што, Бажэлка ўвесь час маўчаць будзе? Тут ужо не адмаўчышся. Позна.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|