Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Працягваюць паступаць дадзеныя пра парушэньні пры зборы подпісаў за Лукашэнку 11:16, 26/07/2001
Грамадзкія назіральнікі, якія ажыцьцяўляюць кантроль за прадвыбарчай кампаніяй у Наваполацку, атрымліваюць шмат сігналаў аб парушэньнях выбарчага заканадаўства. Практычна ўсе яны тычацца збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, паведамляе “БДГ”. Разам з тым, ход “падпісной” кампаніі ў Наваполацку паказаў, што папулярнасьць Лукашэнкі ў горадзе вельмі невялікая. Нават выкарыстоўваючы адміністратыўны рэсурс, не ўдалося дасягнуць значнага адрыву ва ў ліку подпісаў, сабраных у Наваполацку за кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка сабраў у Наваполацку 3315 “аўтографаў” выбаршчыкаў.
На многіх прадпрыемствах і ва ўстановах Нафтагораду адзначаны выпадкі, калі людзей пад рознымі адгаворкамі “прасілі” прыходзіць на працу з пашпартамі, каб без лішніх клопатаў “падпісаць” іх за дзейнага прэзыдэнта краіны. Такія сігналы паступалі да назіральнікаў з найбуйных заводаў – “Нафтану” і “Паліміра”, з Наваполацкай ТЭЦ, са школаў гораду. Дзе-небудзь неабходнасьць прынесьці з сабой пашпарт маскіравалі пад атрыманьне пуцёвак, афармленьне дакумэнтаў.
У адной са школаў Наваполацку дырэктар проста запатрабавала ад настаўнікаў яўкі з асноўным дакумэнтам для “аўтографу” у падпісных лістах за вылучэньне ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі.
Аднак праверыць усе гэтыя факты аказалася практычна немагчыма: людзі, якія паведамілі гэтую інфармацыю грамадзкім назіральнікам, катэгарычна заяўлялі, што ні ў прэсе, ні ў афіцыйных дакумэнтах, якія могуць быць накіраваны ў пракуратуру, іхнія прозьвішчы не павінны фігурыраваць.