|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Дзёньнік палітарыштанта Валеры Шчукіна (Працяг) 11:07, 27/07/2001, «Народная воля» Кіраваў жандармскай апрерацыяй па захопу афіцэра Ваенна-марскога флёту Савецкага Саюзу генэрал У.Навумаў, які стаміўся, напэўна, са студзеня гэтага года чакаць таго моманту, калі беларуская Феміда пасадзіць надакучлівага яму журналіста-праваабронцу на турэмныя нары. Знаходзячыся на Валадарцы, зьявіцца да судзьдзі я ня мог. Але, як кадравы ваенны, прыняў меры, каб давесьці да ведама гэтай службовай асобы. Па маёй просьбе адміністрацыя СІЗА праінфармавала судзьдзю А.Шылько аб месцазнаходжаньні Шчукіна і немажлівасьці ў сувязі з гэтым зьявіцца на судовыя вочы. Пазнаёміўся з турэмным псіхолягам. Ірына Казіміраўна пачала размову праз кармушку (вакенца ў дзьвярах 25х15 см). Каб праз гэтае вакенца размаўляць, трэба ці сагнуцца ў тры пагібелі, ці прысесьці на кукішкі, ці.. стаць на калені. Я заявіў наведвальніцы, што стаяць на каленях перад ёй як жанчынай, не сорамна, але паколькі візыт гэты толькі афіцыйны, лепш за ўсё размаўляць стоячы. Дзьверы адчынліся, і Ірына Казіміраўна ўвайшла ў нашую абіцель у кратах. Размова йшла галоўным чынам пра лазьню (гарачая вады ў СІЗА адключана амаль месяц). Асабіста я нямыты ўжо тыдзень, а для чалавека, які звыклы да штодзённага душа, ягоная адсутнасьць – катаваньне. Сукамернікі ня былі ў лазьні два тыдні. Ірына Казіміраўна (прозьвішча назваць яна адмовілася) заявіла, што згодна правілаў лазьня раз на 10 дзён, і парушаць правілы нельга. Прыйшлося патлумачыць старэйшаму лейтынанту міліцыі, што недапушчальна перавышаць усталяваны тэрмін, а мыць асуджаных часьцей ніякім чынам парушэньнем інструкцыі не зьяўляецца. Зьвярнуўшыся пасьля да Крымінальна – выканаўчага кодэксу, я не знайшоў у ім заканадаўча-усталяваных міжмыйных тэрмінаў. Затое знайшоў, што ў выпадку разыходжаньня беларускіх нормаў з нормамі міжнароднай дамовы, дзейнічае міжнароднае правіла (частка 2 артыкулу 3 КВК). А вызначаныя ААН у 1995 годзе правілы абыходжаньня зь вязьнямі (пункт 13) устаноўлівае, што мыцьцё арыштаваных павінна ажыцьцяўляцца не радзей за раз на тыдзень. Пытаньне пра лазьню так і не вырашылі. Але за тое нам выдалі тазік для мыцьця бялізны й сталі штодзённа пастаўляць «Вечерний Минск». Аднак з гэтай сталічнай газэты так і не магчыма вылузаць інфармацыю аб зарэгістраваных на дадзены дзень ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкае крэсла і пра тых, каму ў рэгістрацыі адмоўлена. Аўторак, 19 чэрвеня. 8-ы дзень Скончыўся першы тыдзень майго турэмнага ўтрыманьня. У 1999 годзе я прабыў тут 13 дзён. Зараз трэба адбыць на нарах 13 тыдняў. Наступны раз, напэўна, будзе 13 месяцаў. Пасьля... Чортава лічба для мяне, дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, сказваецца. Працягваем цярэбіць адміністрацыю, уключна з начальнікам СІЗА наконт мыцьця. Палкоўнік Саевіч паабяцаў у хуткім часе – кожны тыдзень. Стараемся не зьвяртаць увагу на мацюкі на пляцоўках калідораў – асабіста на нас ня лаюцца і зьвяртаюцца паважліва. На “Вы” зьяртаемся мы адзін да аднаго і ў камеры. Ірына Казіміраўна прэзэнтавала нам кучу красвордаў – ад фірмовых менскіх да японскіх. Мае калегі ламаць галаву не захацелі. Так што красворды гэты я прыхапіў і зараз сяджу, запаўняю клетачкі. Бяда ў тым, што хутка пісаць ня будзе чым. Узяў з сабой тры асадкі, але, гляджу, іх хопіць максімум на два тыдні... У камеры вільготна. Вільготнасьць, як мне падаецца, 100-адсоткавая. Памытая бялізна высыхае толькі да канца трэціх сутак. Каплі вады на тазіку так і не высыхаюць да наступнага ягонага выкарыстаньня. Не высыхае й бетонная падлога. Па ёй поўзаюць макрыцы. Цыгарэты памоклі, і наш “куряка” сушыць іх, прывязваючы да электралямпачкі. І вакно вымушаныя амаль увесь час трымаць зачыненым, бо зусім, зусім ня горача. Адным словам, у наяўнасьці амаль усе ўмовы для сухотаў. Хочацца спадзявацца, што за тры месяцы зараза гэтая прыліпнуць да мяне не пасьпее. Праўда, для гэтага патрэбна добрае харчаваньне, але... На аб’ём порцыяў грэх скардзіцца. Бо толькі ў турэмнай ежы ні граму тлушчу, хоць пры такіх умовах жыцьця трэба мінімум 50 грамаў сьметанковага масла штодзённа. А ў мяне ня тое што мяса і масла – сканчваецца гарбата, кава, цукар, якія захапіў з сабою. Больш проста ня ўлезла ў торбу. Салка-б зараз. Ды батончык да гарбаты!!! Зноў толькі ад Аляксандра Няўзорава (ГРТ) пачуў, што Лукашэнка не дапусьціў прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі. А беларускае тэлебачаньне кажа й кажа аб празрыстасьці й дэмакратычнасьці прэзыдэнцкіх выбараў. (Працяг будзе) Валуры Шчукін, праваабаронца, БГК, “Народная воля”, 27 ліпеня 2001 г.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|