Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзяржкантроль працягвае татальную праверку прафсаюзаў 11:16, 27/07/2001
Камітэт дзяржаўнага кантролю працягвае маштабную праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасьці Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, якая пачалася 17 чэрвеня. Правяраецца фінансавая дзейнасьць ня толькі самой Федэрацыі, але і ўсіх структураў, што ў яе ўваходзяць.
Гэта – ужо другая такога кшталту праверка ФПБ. Папярэдняя праводзілася ўлетку 2000 года. Тады пададковыя ворганы нават заблякавалі на некаторы час разьліковыя рахункі Федэрацыі, перадае БелаПАН. Былі спробы ўзбудзіць крымінальную справу адносна ўпраўленьня справамі ФПБ, аднак гэтага не здарылася па прычыне адсутнасьці законных падставаў.
Як паведаміў прэс-цэнтар ФПБ, незадоўга да гэтай праверкі, 6 ліпеня, суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў віноўным у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці кіраўніка справамі Федэрацыі прафсаюзаў Анатоля Садоўскага. Яго абвінавацілі ў тым, што за перыяд з 1995 года па травень 2001-га ўпраўленьне справамі выконвала грузаперавозкі, не маючы на тое ліцэнзіі. У якасьці пакараньня А.Садоўскаму прыйдзецца заплаціць штраф у памеры 100 мінімальных заробкаў (больш за 500 даляраў ЗША).
Між тым, яшчэ ў 1996 годзе А.Садоўскі зьвяртаўся ад імя ўпраўленьня справамі ў Міністэрства транспарту й камунікацыяў па пытаньнi атрыманьня ліцэнзіі на аказаньне транспартных паслугаў ў выглядзе перавозкі грузаў й пасажыраў. Аднак яму адказалі, што для гэтага віду дзейнасьці ліцэнзіі не патрабуецца, бо транспартныя паслугі маюць эпізадычны характар, а атрыманыя сродкі выдаткоўваюцца на паліва, амартызацыйныя выдаткі й заробак вадзіцеляў. Ні ўпраўленьне справамі ФПБ, ні асабіста А.Садоўскі даходаў ад гэтай дзейнасьці не атрымоўвалі. У Федэрацыі прафсаюзаў упэўнены, што суд над А.Садоўскім, як і праверка Камітэтам дзяржкантролю дзейнасьці ФПБ, учынены з адной мэтай – напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў запляміць дзелавую рэпутацыю Федэрацыі і кінуць цень на ейнага лідэра Ўладзімера Ганчарыка.