 | ПАЛIТЫКА |  |

Сваякі рэпрэсаваных палітыкаў пікетавалі адміністрацыю прэзыдэнта 11:18, 01/08/2001

Пікетаваньне адміністрацыі прэзыдэнта правялі сваякі зьніклых у Беларусі вядомых людзей 1 жніўня ў Менску. Жонка й дачка памерлага пры загадкавых абставінах віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзя Карпенкi Людміла Карпенка, Тацяна Квасьніцкая, жонка зьніклага пры загадкавых абставінах экс-старшыні ЦВК Беларусі дэпутата ВС Віктара Ганчара, Зінаіда Ганчар, жонка палітвязьня Андрэя Клімава Тацяна Клімава, маці й жонка зьніклага аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага Сьвятлана й Вольга Завадзкія трымалі ў руках партрэты сваіх блізкіх. 
Шэсьць прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта выступілі супраць сілавога ўтрыманьня ўлады 11:17, 01/08/2001

“Мы выступаем за правядзеньне сумленных, празрыстых выбараў. Выбіраць прэзыдэнта павінен беларускі народ, а не асабіста адданыя ўладзе байцы спэцпадразьдзяленьняў. Разам мы не дазволім раскалоць грамадзтва й весьці краіну па шляху смуты й хаосу”, гаворыцца ў заяве шасьці прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост – Уладзімера Ганчарыка, Сямёна Домаша, Сяргея Калякіна, Паўла Казлоўскага, Міхаіла Чыгіра й Міхаіла Марыніча, зь якімі яны выступілі 1 жніўня ў сувязі з выступам Аляксандра Лукашэнкі перад прадстаўнікамі “вертыкалі” 31 ліпеня. 
Лукашэнка да гэтага часу не перадаў у ЦВК дэклярацыю аб сваіх даходах 11:16, 01/08/2001

У Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў паступіла заява Аляксандра Лукашэнкі пра згоду балятавацца на пост главы дзяржавы на другі тэрмін. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Цэнтрвыбаркаму Валеры Юрэвіч. У той самы час беларускі лідэр пакуль не перадаў у ЦВК дэклярацыі пра свае даходы й маёмасьць сваіх блізкіх свааякоў, якія неабходна прадаставіць у адпаведнасьці зь ягоным дэкрэтам, а таксама свае аўтабіяграфічныя дадзеныя. 
ЗУБР ліквідуе атмасфэру супрацьстаяньня паміж міліцыяй і моладзьдзю 11:15, 01/08/2001, ЗУБР

Актывісты маладзёвага руху супраціву ЗУБР раздалі кнігі па беларускай гісторыі работнікам міліцыі. У кожны РАУС Менску сымпатычныя дзяўчыны ў майках з лягатыпам руху й надпісам “Час выбiраць” перадалі некалькі кніг Уладзімера Арлова й Генадзя Сагановіча “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, выдадзеных спэцыяльна для гэтага па-расейску. На кожным з 72-х асобнікаў была налепка “ЗУБР”. Супрацоўнікі міліцыі з задавальненьнем прымалі кнігі. 
Беларусь і Кувэйт маюць шмат агульнага 11:14, 01/08/2001

Шляхі далейшага разьвіцьця супрацоўніцтва Беларусі й Кувэйту абмеркавалі прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын і Надзвычайны й Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Кувэйт у Рэспубліцы Беларусь спадар Фаўзі аль-Джасэм. Сустрэча адбылася 1 жніўня ў Доме ўраду. 
Уладзімер Ярмошын: бюджэт не даатрымоўвае мільярды рублёў 11:13, 01/08/2001

Прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын неадназначна ацэньвае вынікі разьвіцьця эканомікі рэспублікі за першыя паўгады 2001 года. Як заявіў ён у эксклюзыйным інтэрвію “Інтэрфаксу”, у агуле народная гаспадарка краіны працавала “у рытме паступовага руху, аднак пастаўленыя задачы па павышэньні ўзроўню даходаў насельніцтва патрабавалі больш інтэнсыўнага пад’ёму эканомікі”.
На Магілёўшчыне зьнізілі аб’ём вытворчасьці восем з трынаццацi галігаў прамысловасьці 11:12, 01/08/2001, www.praca.by

Запасы вырабленай прадукцыі на складах прадпрыемства ў суадносімых коштах павялічыліся за чэрвень на 4699,5 мільёны рублёў. Рэнтабельнасьць прадукцыі за пяць месяцаў склала 6,5% супраць 8% у мінулым годзе. У першыя паўгады здадзены ў эксплуатацыю жылыя дамы агульнай плошчай 135, 8 тысячаў квадратных мэтраў ці 40,5% да гадавога прагноза. У параўнаньні з далёка ня бліскучымі вынікамі мінулага года, увод жыльля паменшыўся яшчэ на 23,3%. 
Толькі за паўгады спажывецкія тавары падаражэлі на 22,4 адсоткі 11:11, 01/08/2001

За першае паўгоддзьдзе 2001 года платныя паслугі насельніцтву падаражэлі на 41,1 адсоткі, што складае 6 адсоткаў у сярэднім за месяц. Па зьвестках Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, найбольш значна павялічыўся кошт паслугаў прававога характару й дашкольных установаў (у 1,6 разы), жыльлёва-камунальный гаспадаркі (на 49,5 адсоткі), гасцінічнай гаспадаркі (на 45,1 адсоткаў), санаторна-курортныя (на 43,6) і турысцка-экскурсійныя (на 41,4) паслугі. Тарыфы на карыстаньне пасажырскім транспартам вырасьлі на 35,4 адсоткі. Харчовыя тавары падаражэлі ў сярэднім на 21,7 адсоткі. 
У Магілёўскай вобласьці самы высокі ў краіне ўзровень беспрацоўя 11:10, 01/08/2001

На 1 ліпеня гэтага года ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 99 тыс. беспрацоўных, што складае 2,2 адсоткі эканамічна актыўнага насельніцтва. Па зьвестках Міністэрства статыстыкі і аналізу, гэта на 7,8 адсоткаў больш, чым на 1 ліпеня мінулага года (тады ўзровень беспрацоўя складаў 2 адсоткі эканамічна актыўнага насельніцтва). 
У ліпені зноў вырасьлі тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі 11:09, 01/08/2001

У ліпені зноў павялічыліся тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. Праўда, у адрозненьні ад чэрвеня, рост іх быў нязначным. На 0,8 адсоткі павялічылася квартплата (тэхабслугоўваньне) і плата за карыстаньне ліфтам, на столькі ж падаражэлі газ, халодная вада й каналізацыя, вываз і абсяшкоджваньне адходаў, на 35 адсоткаў - гарачая вада. 
У сельскай гаспадарцы востры недахоп паліва 11:08, 01/08/2001

Забяспечанасьць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі палівам значна горшая, чым летась. Па зьвестках Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, у першым паўгодзьдзі ў гаспадаркі паступіла на 13 адсоткаў меней дызельнага паліва і на 26 адсоткаў меней бензіну, чым за першыя шэсьць месяцаў мінулага года. Найменшы ўзровень паставак дызпаліва ў Брэсцкай і Магілёўскай вабласьцях (адпаведна 82 і 84 адсоткі ад узроўню мінулага года), бензіну - у Магілёўскай і Гомельскай вабласьцях (69 і 71 адсоткі). 
Дэлегацыя ПАСЭ сустрэлася з “пяцёркай” дэмкандыдатаў 11:07, 01/08/2001

Другі дзень знаходжаньня ў Менску дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Савету Эўропы (ПАСЭ) пачаўся з рабочай сустрэчы з “пяцёркай” патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад шырокай грамадзянскай кааліцыі – Уладзімерам Ганчарыкам, Сямёнам Домашам, Сяргеям Калякіным, Паўлам Казлоўскім і Міхаілам Чыгіром, а таксама кіраўніком выбарчай кампаніі адзінага кандыдата Васілём Лявонавым. 
Дзёньнік палітвязьня Працяг 11:06, 01/08/2001

Аўторак, 26 чэрвеня, 15-ы дзень Па заяве сукамернікаў у медчастку з просьбаю аказаць медычную дапамогу зьявіўся хтосьці ў белым халаце. Агляд пацыента медык праводзіў праз вакенца, памер якога, нагадаю, 25х15 см. Пацыенту, які сагнуўся ў форме пытальніка перад гэтай адтулінай, відаць толькі ніжняя частка белахалатніка. Што ж бачыў медычны спэцыяліст, які знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, застаецца толькі здагадвацца. Па законах оптыкі, што некалі вывучаў, - нічога. Але, магчыма, у турме дзейнічаюць законы крывалінейнай геаметрыі Лабачэўскага, веды якой у мяне вельмі сьціплыя. У медыцыне я таксама не прафесыянал, але як журналіст уважліва назіраў за доктарскім прыёмам пацыента па-турэмнаму. 
Ствараецца міжнародная камісія па расьсьледаваньні фактаў зьнікненьня апазыцыянэраў 11:05, 01/08/2001

Уладзімер Ганчарык, адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі, заявіў аб стварэньні міжнароднай камісіі па расьсьледаваньні фактаў зьнікненьня палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. На дадзены момант ідзе праца па стварэньні міжнароднай камісіі, якая будзе расьсьледаваць зьнікненьні Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Зьміцера Завадзкага, Анатоля Красоўскага, а таксама дзейнасьць у Беларусі “эскадрону сьмерці”. Па словах адзінага кандыдата, у склад камісіі ўваходзяць амэрыканскія й расейскія незалежныя эксперты, а таксама спэцыялісты з іншых краінаў. 
Лукашэнка ў бункеры як Мілошавіч сядзець ня будзе. Яго абароніць камандзір САХРу Паўлючэнка 11:04, 01/08/2001

Учора, на паседжаньні з кіраўнікамі выканаўчых ворганаў улады Лукашэнка заявіў, што апазыцыя плянуе пасьля выбараў узяць штурмам ягоную рэзыдэнцыю. “Они прекрасно знают, что я буду защищаться. Я в бункере сидеть, как Милошевич, не буду. Я никого не боюсь, я ничего не украл у своего народа. И я буду защищаться. Кто будет защищать? Армия -- во внутренние дела не привлечешь. Вмешиваться она не будет. Конечно, внутренние войска. Во внутренних войсках есть специальная бригада спецназовская под командованием Павлюченко. Фамилия вам известная”.
Ханс-Георг Вік: беларускія ўлады дэманструюць усё меншую гатоўнасьць выконваць рэкамендацыі АБСЭ 11:03, 01/08/2001

Рэакцыя пасла Віка на абвінавачваньні з боку беларускага прэзыдэнта, што прагучалі ўчора з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі на ягоным паседжаньні з прадстаўнікамі выканаўчых ворганаў улады па пытаньнях палітычнай сытуацыі ў краіне, стала вядома ўчора вечарам. “Насуперак пункту погляду прэзыдэнта Лукашэнкі Кансультатыўна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі не зьяўляецца ні кіраўніком, ні штабам беларуской апазыцыі. У адпаведнасьці са сваім мандатам КНГ АБСЭ кансультуе ўлады, апазыцыю й недзяржаўныя арганізацыі па пытаньню стварэньня рамачных умоваў правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў. Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2000 года афіцыйныя ўлады дэманструюць усё меншую гатоўнасьць выкрыстоўваць прапануемыя рэкамендацыі. Кансультатыўна-назіральная група далучана да справы сапраўдных дэмакратычных зьменаў, яна не зьяўляецца прыхільнікам якой-небудзь з бакоў, што прымаюць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах”, - гаворыцца ў заяве Віка. 
ПАСЭ атрымала запрашэньне прымаць удзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі 11:02, 01/08/2001

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Савету Эўропы афіцыйна атрымала запрашэньне прымаць удзел у міжнародным назіраньні за падрыхтоўкаю й правядзеньнем прэзыдэнкіх выбараў у Беларусі. Такі вынік сустрэчы 31 ліпеня ў Менску дэлегацыі ПАСЭ зь віцэ-прэм’ер–міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым. 
У чэрвені паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі падаражэлі больш чым на 10% 11:01, 01/08/2001

Індэкс спажывецкіх коштаў на ўсе тавары й паслугі павялічыўся ў чэрвені гэтага года, у параўнаньні з папярэднім месяцам, на 2,1 адсоткі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве статыстыкі й аналізу, больш усяго, на 10,8 адсоткі падаражэлі паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. 
|  |
|