Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
    12 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Дзёньнік палітвязьня
Працяг

11:06, 01/08/2001

Аўторак, 26 чэрвеня, 15-ы дзень Па заяве сукамернікаў у медчастку з просьбаю аказаць медычную дапамогу зьявіўся хтосьці ў белым халаце. Агляд пацыента медык праводзіў праз вакенца, памер якога, нагадаю, 25х15 см. Пацыенту, які сагнуўся ў форме пытальніка перад гэтай адтулінай, відаць толькі ніжняя частка белахалатніка. Што ж бачыў медычны спэцыяліст, які знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, застаецца толькі здагадвацца. Па законах оптыкі, што некалі вывучаў, - нічога. Але, магчыма, у турме дзейнічаюць законы крывалінейнай геаметрыі Лабачэўскага, веды якой у мяне вельмі сьціплыя. У медыцыне я таксама не прафесыянал, але як журналіст уважліва назіраў за доктарскім прыёмам пацыента па-турэмнаму.

Зэк: “У мяне баліць сьпіна й сэрца. Дайце мне валідол”.

Турэмны доктар: “Валідола няма. Вось таблеткі – дзьве з раніцы й дзьве ўвечары”.

Пасьля гэтага дзьверца вакенца зь лязгам зачынілася. Прыём скончаны...

Застаецца дадаць, што “белы халат” зьявіўся толькі пасьля другой заявы вязьня. На першае наогул не адрэагавалі.

Паколькі за два тыдні знаходжаньня ў арыштанскай камэры нам так і ня выдалі настольнай гульні. Падаў выхавацелю замову на выраб гульнёвых картаў. Вось ейны тэкст.

"У сувязі з адсутнасьцю у камеры шашак, шахматаў, даміно і іншых гульняў прашу дазволіць нам вырабіць сваімі сіламі й выкарыстоўваць для неазартных гульняў, гульнёвыя карты".

Крымінальны выканаўчы кодэкс Беларусі (глава – 12,15) не прадугледжвае забароны на настольны ягульні. А міжнародны акт – мінімальныя стандартныя правілы звароту з вязьнямі – кажа: “Ва ўсіх установах вязьняў патрэбна забясьпечыць магчымасьцю адпачынка й культурнай дзейнасьці ў інтарэсах іх фізычнага й псыхічнага здароўя”.

Можна ўсяляк адносіцца да гэтай заявы, але яна пададзена ў пісьмовым выглядзе і на яе абавязаны даць адказ.

Прынесьлі перадачу!

Нарэшце я зноў, пасьля 15-дзённых пакутаў пры гадзіньніку, аказваецца насіць іх арыштаваным можна. Тады на падставе якіх нарматыўных актаў у Фрунзенскім РУУС гадзіньнік у мяне канфіскавалі? У кожным міліцэйскім райадзьдзеле свае парадкі, ці што? Сала, масла, кілбаса, безумоўна, вельмі важныя, аднак каб адчуваць сябе чалавекам, гэтага мала: патрэбна духоўнае падмацаваньне. Ня дзіўна, што першаю справаю накінуўся не на сала. А на газэты.

Разабраўся з прэтэндэнтамі на прэзыдэнцкі пост і даведаўся, што кіраўніка дзяржтэлерадыё, прыдворнага “бальшавіка” Віктара Чыкіна выкінулі за дзьверы. БТ пра такі “гістарычны” факт прамаўчала. Не трапілася на вочы інфармацыя пра гэта і ў «Вечернем Минске».

Такі лёс усіх перавертышаў. Віктар Валянцінавіч продаў камуністычную ідэю “Уся ўлада Саветам”. Перайшоў у лягер удушальніка ворганаў народаўладзьдзя і актыўна стаў разбураць камуністычны й рабочы рух на Беларусі.

Два тыдні зьдзіўляўся, чаму гэта не паказваюць анансаваную ў праграме БТ перадачу чыкінскага пратэжэ Я.Новікава “Правы чалавека”. Праграму, у якой апалягет правячай клясы прапаведаваў нянавісьць да іншых клясаў беларускага грамадзтва, да рэлігійнай нецярпімасьці на Беларусі. Праграму, што пранізана зьнявагаю іншых дзяржаваў.

Можа, адыёзнага Я.Новікава “ушлі” разам з камуністычным рэнегатам Чыкіным?

У тэлевізары аказаўся падаўжальнік. Ён дазволіў палепшыць прыём ГРТ і БТ, а гэта розныя кропкі ў камеры). РТР па-ранейшаму недаступнае. Патрэбна іншая антэна.

Пры гэткай нелюбові да сёньняшняга кіраўніка павінен прызнаць, што прысваеньне чарговых вайсковых званьняў 16.000 афіцэрам, удзельнікам вайны – моцная прадвыбарчая акцыя.

Серада, 27 чэрвеня, 16-ы дзень

Учора і сёньня “Сьвята жывата”. Пасьля двухтыднёвага посту: каша з маслам, хлеб з маслам, салат, капуста са сьвежаю цыбуляю...

З гадзіньнікам на руках высьветліў, што гадзінны шпацыр цягнецца ўсяго 25 хвілінаў. Канвойны на прэтэнзыю адрэагаваў дастаткова арыгінальна: “Сёньня перадсьвяточны дзень”. Добра, на першы раз скандаліць ня сталі.

Псыхоляг-выхавацель, атрымаўшы ўчора замову на выраб гульнёвых картаў, сёньня не зьявіўся. Напэўна, ня ведае, што адказаць на дадзенае хадайніцтва такога настойлівага арыштанта з 217 камеры.

Чацьвер, 28 чэрвеня, 17-ы дзень

А 9.15 паступіла каманда: “Шчукін, на выхад з рэчамі”. Куды? Навошта? – як звычайна, ня кажуць. Варыянт два – ці пераводзяць у Жодзіна. Ці выпускаюць на волю, калі Вярхоўны суд вынес пратэст па маёй скарзе. Варыянт пераводу ў іншую камеру нават не разглядаецца.

Паколькі сукамернікам перадачаў не было, усё, што меў, падзяліў папалам і нават пакінуў кіпяцільнік. На волі ён мне не патрэбны, а ў Жодзіна, хутчэй за ўсё ў камеры будзе.

А 10.45 выклікалі з рэчамі. І толькі калі пабачыў шэраг арыштантаў, што стаялі тварам да сьцяны, зразумеў, што гэта этап у Жодзіна.

Прымаючы варту задаў пытаньне: ці магу я па стану здароўя перанесьці пераезд? Адказаў: “Магу”.

Наступнае пытаньне: “Ці маеце прэтэнзыі да СІЗА?”

Прэтэнзыя была адна – на Валадарку выпісалі газэты, якія трэба перавесьці ў Жодзіна.

Адміністрацыя СІЗА адмовілася вырашыць гэтае пытаньне, паколькі ніякім чынам не датычна да выпіскі. Фармальна – нібыта правыя, а па сутнасьці – такой сытуацыі не мусіць быць.

Перавод у іншы арыштанскі дом Крымінальна-выканаўчы кодэкс прадугледжвае толькі ў крайнім выпадку. І такога аварыйнага, як у маім выпадку, перамяшчэньня не павінна быць. Папярэдзілі б дня за тры. Далі б магчымасьць зтэлефанавацца з тымі, хто выпісваў, - і ніякіх праблемаў.

А так наўрадці ў ліпені буду атрымоўваць. Прападзе інфармацыя. Прападаюць заплочаныя за яе грошы. Але вінаватых у гэтым быццам бы няма. Як так?

Тым не менш, паколькі газэты на Валадарку будуць паступаць, пакінуў начальніку СІЗА заяву з просьбаю прыняць меры па іх пераводзе.

Дзяжурны на сьледчым ізалятары сказаў, што датэлефанаваўся да “Народнай волі”, але там ня ведаюць хто выпісаў газэты. Я тым больш ня ведаю.

У аўтазак запіхалі 15 чалавек. У адсеку, куды зьмесьцілі мяне, было 10 зэкаў, хоць ён разьлічаны на 8. Цесна й удушліва. У такіх умовах трымалі 3,5 гадзіны.

Машына па дарозе некалькі разоў ламалася. Адправіліся а 12.20, прыбылі а 14.50. Пасьля яшчэ 50 хвілінаў працягвалі сядзець у машыне у чаканьні перадачы ў Жодзінскае СІЗА (УЖ 5/8).

(Працяг будзе)

Валеры Шчукін, правабаронца, БГК, “Народная воля”, 1 жніўня 2001 г.

Працяг будзе

напicаць камэнтар

 СПАСЫЛКI ПА ТЭМЕ 



 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: