Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Шэсьць прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта выступілі супраць сілавога ўтрыманьня ўлады 11:17, 01/08/2001
“Мы выступаем за правядзеньне сумленных, празрыстых выбараў. Выбіраць прэзыдэнта павінен беларускі народ, а не асабіста адданыя ўладзе байцы спэцпадразьдзяленьняў. Разам мы не дазволім раскалоць грамадзтва й весьці краіну па шляху смуты й хаосу”, гаворыцца ў заяве шасьці прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост – Уладзімера Ганчарыка, Сямёна Домаша, Сяргея Калякіна, Паўла Казлоўскага, Міхаіла Чыгіра й Міхаіла Марыніча, зь якімі яны выступілі 1 жніўня ў сувязі з выступам Аляксандра Лукашэнкі перад прадстаўнікамі “вертыкалі” 31 ліпеня.
У заяве гаворыцца, што “стаўка дзейнага главы дзяржавы зроблена на сілавое ўтрыманьне ўлады. Дзейны прэзыдэнт недвухсэнсоўна заявіў, што ні пры якіх абставінах не аддасьць уладу”. Аўтары заявы таксама адзначаюць, што ўлада не прымае на ўвагу дакумэнты, у якіх гаворыцца аб датычнасьці службовых асобаў дзяржавы да фізычнай ліквідацыі палітычных апанетаў. “Прэзыдэнт як гарант правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі не зьбіраецца праводзіць незалежнае расьсьледаваньне і адхіляць чыноўнікаў, замешаных у гэтых злачынствах, таму што сёньняшняя ўлада разьлічвае толькі на асабістую адданасьць асобных сілавікоў. Спэцпадразьдзяленьні прызваныя стаць апірышчам для Лукашэнкі на выбарах”, - гаворыцца ў заяве.
Такім чынам, робяць выснову ягоныя аўтары, “улада... зьбіраецца ўцягнуць грамадзтва ў грамадзянскую бойку”. Шэсьць прэтэндэнтаў на пост главы дзяржавы лічаць, што жыхары Беларусі хочуць будаваць адкрытае дэмакратычнае грамадзтва. У гэтай сувязі яны заяўляюць, што спэцназ не павінен вырашаць “асабістых праблемаў дзейнага аўтарытарнага прэзыдэнта”.