Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сваякі рэпрэсаваных палітыкаў пікетавалі адміністрацыю прэзыдэнта 11:18, 01/08/2001
Пікетаваньне адміністрацыі прэзыдэнта правялі сваякі зьніклых у Беларусі вядомых людзей 1 жніўня ў Менску. Жонка й дачка памерлага пры загадкавых абставінах віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзя Карпенкi Людміла Карпенка, Тацяна Квасьніцкая, жонка зьніклага пры загадкавых абставінах экс-старшыні ЦВК Беларусі дэпутата ВС Віктара Ганчара, Зінаіда Ганчар, жонка палітвязьня Андрэя Клімава Тацяна Клімава, маці й жонка зьніклага аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага Сьвятлана й Вольга Завадзкія трымалі ў руках партрэты сваіх блізкіх.
Яшчэ за 20 хвілінаў да пачатку акцыі адміністрацыя прэзыдэнта была літаральна ачэплена супрацоўнікамі праваахоўчых ворганаў, як у форме, так і ў штацкім. Наблізіцца да самой адміністрацыі сваякам рэпрэсаваных апазыцыянэраў не дазволілі. Яны былі вымушаныя адыйсьці на 100 мэтраў ад будынку адміністрацыі прэзыдэнта. Праз паўгадзіны пасьля пачатку пікету да жанчын падыйшоў супрацоўнік РАУС і патрабаваў ад няшчасных жанчын, што вырашылі такім чынам паўплываць на ход расьсьледаваньня справаў зьнікненьня і раптоўных сьмерцяў сваякоў, прадставіцца й паказаць дакумэнты. Як ён патлумачыў, гэта было неабходна зрабіць для “высьвятленьня асобы”.