Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уладзімер Ганчарык: Лукашэнка агучыў механізм дзяржаўнага перавароту 11:19, 01/08/2001
У выступе Аляксандра Лукашэнкі на паседжаньні з прадстаўнікамі “вертыкалі” 31 ліпеня “быў фактычна агучаны механізм дзяржаўнага перавароту”, з дапамогай якога ён зьбіраецца ўтрымацца пры ўладзе. Так пракамэнтаваў учораншні выступ А.Лукашэнкі адзіны прэтэндэнт на пост прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімер Ганчарык на прэс-канферэнцыі 1 жніўня. У.Ганчарык заклікаў грамадзянаў Беларусі й сусьветную супольнасьць сур’ёзна задумацца над тым, што адбылося “на, нібы, звычайным паседжаньні”. “Учора ўпершыню была агучана пагроза дзяржаўнага перавароту, - заявіў ён. – Лукашэнка раскрыў тэхнічны бок ягонага ажыцьцяўленьня... Ён заявіў, што ўладу не аддасьць, і агучыў сродкі, якімі будзе карыстацца, каб не аадаць гэтую ўладу – гэта ўнутраныя войскі”.
Як паведамляе БелаПАН, па словах У.Ганчарыка, А.Лукашэнка фактычна прызнаў існаваньне спэцпадразьдзяленьняў. “Гэтыя функцыі, як мне падаецца, - ліквідацыя няўгодных палітыкаў”, - выказаў думку У.Ганчарык. Палітык зьвярнуў увагу на тое, што ва ўчорашнім выступе А.Лукашэнка не прад’явіў ніякіх доказаў несапраўднасьці абнародаваных дакумэнтаў аб датычнасьці высокіх службовых асобаў да зьнікненьняў людзей. Глава дзяржавы таксама не прыняў прапановаў апазыцыі аб адхіленьні ад пасадаў гэтых чыноўнікаў й запрашэньняў незалежных экспертаў для праверкі фактаў, якія ўтрымліваюцца ў дакумэнтах. Такім чынам, робіць выснову У.Ганчарык, “Лукашэнка не зацікаўлены ў раскрыцьці гэтых злачынстваў”, як, напрыклад, прэзыдэнт Грузыі, які запрасіў супрацоўнікаў ФБР для расьсьледаваньня нядаўняга забойства вядомага тэлежурналіста.
У.Ганчарык зьвярнуў увагу на тое, што ва ўчорашнім выступе А.Лукашэнкі фактычна “ужо былі вызначаны” вынікі выбарчай кампаніі – 90 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў у падтрымку дзейнага прэзыдэнта. У.Ганчарык, аднак, агучыў іншыя дадзеныя сацыёлягаў, якія сьведчаць аб нізкім рэйтынгу А.Лукашэнкі ў Менску й буйных гарадах – ня больш за 25 адсоткаў. Таму стаўка робіцца на сельскае насельніцтва, сказаў У.Ганчарык. У гэтай сувязі ён нагадаў прадстаўнікам прэзыдэнцкай “вертыкалі”, што “найбольш высокiя каштоўнасцi чалавека - гонар, годнасць i сумленне”. “Ня дай Бог ім прымаць удзел у гэтым крымінальным злачынстве”, - заявіў У.Ганчарык і працытаваў адзін вядомы афарызм: “уладар суровы асабліва тады, калі не правы ці мае страх, які для ўсіх заўважны”.