 | ПАЛIТЫКА |  |

Эўразьвяз патрабуе неадкладнага запрашэньня на прэзыдэнцкія выбары назіральнікаў БДІПЧ 11:16, 02/08/2001

Каралеўства Бэльгія, якое зараз старшынствуе ў Эўразьвязе, выступіла ад імя ЭЗ са спэцыяльнаю заяваю. У гэтым дакумэнце гаворыцца, што ЭЗ надае вельмі важнае значэньне разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі, якая зьяўляецца членам АБСЭ і якая ў гэтай сувязі ўзяла на сябе пэўныя абавязацельствы. ЭЗ “заклікае Беларусь, у адпаведнасьці з Капенгагенскім дакумэнтам АБСЭ, неадкладна запрасіць БДІПЧ для правядзеньня назіраньня за выбарамі й выбарчай кампаніяй дзеля таго, каб даць магчымасьць БДІПЧ падрыхтаваць дастаткова падрабязную й глыбокую справаздачу. Эўразьвяз мяркуе, што любое запрашэньне, якое Беларусь можа зрабіць на двухбаковай аснове любой дзяржаве – члену ЭЗ для ажыцьцяўленьня назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі, ня зможа зьмяніць прамога запрашэньня БДІПЧ”.
Беларусь не адпавядае мінімальным крытэрам АБСЭ 11:15, 02/08/2001

Дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі Савету Эўропы, а менавіта Тэрры Дэвіс і Cірыл Свобода, правялі сёньня сустрэчу са старшынём РГА “Беларускі Гэльсінкскі Камітэт” Гарры Паганяйла, членам агркамітэту Хартыі’97 Людмілай Гразновай, кіраўніком арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алегам Волчакам і іншымі беларускімі праваабаронцамі. Па словах Людмілы Гразновай, дэлегацыя ПАСЭ выказала занепакоенасць паўсюдным парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасьці, інфармацыяй аб існаваньні ў Беларусі “эскадрону сьмерці”. Кірыл Свобода заявіў, што галоўная праблема Беларусі ў тым, што сытуацыя з правамі чалавека тут не задавальняе нават мінімальныя крытэры Савету Эўропы. 
Людміла Карпенка абвінавачвае Лукашэнку ў цынізьме 11:14, 02/08/2001

Людміла Карпенка, удава віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету вядомага ў Беларусі апазыцыйнага палітыка, у адказ на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб абставінах сьмерці і пахаваньня свайго мужа, заявіла: гэта цынічная ілжа. Генадзь Карпенка памёр увесну 1999 года, прычым, як лічаць ягоныя блізкія, пры вельмі падазроных абставінах. У выступе на паседжаньні 31 ліпеня з кіраўнікамі мясцовых уладаў, Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг непрыстойных выказваньняў адносна зьніклых ці загінулых прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама іхных жонак і Людмілы Карпенкі, у прыватнасьці. Ён абвінаваціў жанчынаў у тым, што тыя наведалі шэраг заходніх краінаў, дзе распавядалі аб датычнасьці беларускіх уладаў да зьнікненьняў сваіх мужоў. 
Дэлегацыя ПАСЭ сустрэлася зь лідэрамі беларускіх палітычных партыяў 11:13, 02/08/2001

Дэлегацыя ПАСЭ правяла сёньня сустрэчу з кіраўнікамі палітычных партыяў, што ўваходзяць у склад Кансультацыйнага савету апазыцыйных палітычных партыяў – лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолям Лябедзькам, лідэрам БНФ “Адраджэньне” Вінцуком Вячоркам, старшынём БСДП (Народная Грамада) Мікалаем Статкевічам, лідэрам жаночай партыі “Надзея” Валянцінай Палевіковай. 
Лукашэнка здаў дэклярацыю аб даходах унучкі 11:12, 02/08/2001

Дзейны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка перадаў у Цэнтрвыбаркам усе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты – заяву і сем дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці. Як паведаміў “Інтэрфаксу” у чацьвер кіраўнік ініцыятыўнай групы ў падтрымку А.Лукашэнкі, глава сенацкай камісіі Мікалай Чаргінец, “прэзыдэнт перадаў дэклярацыі на сябе, жонку, маці, цешчу, двух сыноў і маленькую ўнучку”.
Індэкс спажывецкіх коштаў у Беларусі вырас на 76,1% 11:11, 02/08/2001

Індэкс спажывецкіх коштаў у Беларусі ў першыя паўгады 2001 года ў параўнаньні зь першым паўгодзьдзем 2000 года вырас на 76,1%, паведамляе Статкамітэт СНД. У Азербайджане гэты паказчык склаў 1,7%, у Армэніі – 3,3%, у Грузыі – 6,1%, у Казахстане – 9,2%, у Кіргізыі – 8,8%, у Малдове – 14,0%, у Расеі – 23,7% (чэрвень 2001 года адносна чэрвеня 2000), у Таджыкістане – 50,7%, на Ўкраіне – 16,9%. Дадзеных па Туркмэністану й Ўзбекістану няма. 
За жаданьне апрануць менскую міліцыю былі затрыманы тры актывісты руху ЗУБР 11:10, 02/08/2001

Два актывісты, Пётар Садоўскі й Аляксандар Драпочка, а таксама прэс-сакратар руху ЗУБР Аляксандар Атрошчанкаў былі затрыманы сёньня ў Менску супрацоўнікамі службы аховы Міністэрства ўнутраных справаў падчас чарговай акцыі ЗУБРа. У сувязі з тым, што 27 ліпеня падчас акцыі ЗУБРа у Дзень Незалежнасьці міліцыянты гвалтоўна сьцягнулі зь дзесяткаў удзельнікаў майкі з лягатыпам руху, зубры вырашылі, што работнікі міліцыі, даведзеныя да галечы, проста вымушаныя дабываць сабе адзеньне такім чынам, і прывалаклі ў будынак МУС вялікую торбу ношанага адзеньня, на якім вісела таблічка Second hand. Міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву праз дзяжурнага перадалі зварот руху супраціву ЗУБР. 
Маніторынг парушэньняў правоў чалавека за ліпень 2001 года 11:09, 02/08/2001, Людміла Гразнова, член аргкамітэту Хартыі’97

Ніколі ў справаздачах па парушэньні правоў чалавека ў Беларусі яшчэ не было інфармацыі пра палітычныя забойствы. У ліпені 2001 г. У СМІ зьявіліся факты ня проста аб зьнікненьні вядомых палітычных дзеячоў – Юры Захаранкі, Віктара Ганчара й яго сябрука Анатоля Красоўскага, журналіста Зьміцера Завадзкага, а пра іхнія забойствы. 17 ліпеня быў абнародаваны рапарт генэрал-маёра міліцыі Мікалая Лапаціка, дзе сцьвярджаецца, што загад аб зьнічтажэньні Захаранкі, Ганчара й Красоўскага аддавалі Віктар Шэйман, былы дзяржсакратар Савету бясьпекі і Юры Сівакоў, былы міністар МУС. 
Дэлегацыя ПАСЭ занепакоеная ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі 11:08, 02/08/2001

У прадстаўнікоў Парлямэнцкай Асамлеі Савету Эўропы “выклікаюць занепакоенасьць” некаторыя аспэкты выбарчай кампаніі, заявіў 1 жніўня на сустрэчы ў Менску са сьпікерам “савету рэспублікі” Аляксандрам Вайтовічам старшыня палітычнай камісіі ПАСЭ Тэрры Дэвіс. У прыватнасьці, па словах Т.Дэвіса, прадстаўнікі ПАСЭ былі “зьдзіўленыя” тым, што членам ініцыятыўных групаў, якія здавалі подпісы, сабраныя ў падтрымку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты, не атрымлівалі з выбарчых камісіях дакумэнтаў, што падцьвярджалі б перадачу гэтых подпісаў. 
ЗША гатовыя працаваць толькі з тым чалавекам, якога абярэ народ, але ня з тым, хто абярэ сябе сам 11:07, 02/08/2001

“ЗША павінны быць упэўненыя, што на прэзыдэнцкіх выбарах пераможа той чалавек, за якога прагаласуюць беларускія грамадзяне, а ня той, які абярэ сябе сам”, - заявіў у інтэрвію “Інтэрфакс” у сераду амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Амэрыканскі дыплямат патлумачыў прычыну такой пільнай увагі ўраду ЗША да Беларусі. “Мы на практыцы высьветлілі, што ўрады, якія прыйшлі да ўлады недэмакратычным шляхам, становяцца з часам нестабільнымі. У іх не закладзена здольнасьць да самаабнаўленьня й ліквідацыі памылак. У выніку мы атрымоўваем штосьці хаатычнае й небясьпечнае для стабільнасьці ў рэгіёне”, - сказаў глава дыпмісіі. 
За пікеты з патрабаваньнем расьсьледаваць зьнікненьне палітыкаў затрымана 12 чалавек 11:06, 02/08/2001

За пікеты, якія праходзілі ў рамках акцыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі “Ланцуг неабыякавых гарадоў”, учора ў Салігорску было затрымана сем, а ў Віцебску пяць актывістаў АГП, якія выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў з партрэтамі зьніклых у Беларусі вядомых людзей. Удзельнікі былі апранутыя ў майкі з выяваю зьніклых палітыкаў Юры Захаранкі й Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага й журналіста Зьміцера Завадзкага і распаўсюджвалі спэцвыпускі “Нашай свабоды” і “Народнай Волі”, прысьвечаныя тэме зьнікненьня ў Беларусі апанентаў Лукашэнкі. 
Беларускія назіральнікі гатовыя працаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 11:05, 02/08/2001

“Нягледзячы на патокі ілжы, што ледзь не штодзённа выліваюцца на ўнутраных назіральнікаў, мы гатовыя да працы на прэзыдэнцкіх выбарах”. Такую заяву зрабіў старшыня Цэнтральнага каардынацыйнага савету па назіраньні за выбарамі Мячаслаў Грыб на сустрэчы 1 жніўня ў Менску з дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі Савету Эўропы. 
Сярэдні заробак у Віцебскай вобласьці больш нізкі, чым у цэлым па рэспубліцы 11:04, 02/08/2001

Сярэдні заробак за чэрвень у Віцебскай вобласьці склаў 119 тысячаў рублёў, тады як у агуле па рэспубліцы вышэй на 11 тысячаў рублёў. Пры гэтым ён яшчэ падняўся ў вобласьці на 7,2 адсоткі ў параўнаньні з папярэднім месяцам. 
Павялічваецца колькасьць стратных прадпрыемстваў 11:03, 02/08/2001

У студзені-траўні ўдзельная вага стратных прамысловых прадпрыемстваў склала 33,2 адсоткі (у студзені-траўні 2000 года - 27,4 адсоткі). Больш за ўсё стратных прадпрыемстваў было ў прамысловасьці будматэрыялаў (55,4 адсоткі), лёгкай (49,9) і паліўнай (42,5) прамысловасьці. Рэнтабельнасьць прамысловай прадукцыі за гэты перыяд склала 12,6 адсоткі супраць 13,7 адсоткі ў студзені-траўні мінулага года. 
Растуць запасы гатовай прадукцыі на складах 11:02, 02/08/2001

У першым паўгодзьдзі гэтага года запасы гатовай прадукцыі на складах беларускіх прамысловых прадпрыемстваў вырасьлі з 62,8 да 67,5 адсоткі ад сярэднямесячнага аб`ёму вытворчасьці й дасягнулі 742,6 млрд. рублёў (537 млн. даляраў ЗША). Згодна з інфармацыяй Міністэрства статыстыкі і аналізу, больш за ўсё запасаў у машынабудаваньні й металаапрацоўцы (118,6 адсоткі ад сярэднямесячнага аб`ёму вытворчасьці), лёгкай прамысловасьці (116), лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасьці (86,5), а таксама ў прамысловасьці будматэрыялаў (74,4). 
Зменшылася вытворчасьць сацыяльна значных прадуктаў харчаваньня 11:01, 02/08/2001

У першыя паўгады гэтага года ў Беларусі ўпала вытворчасьць шэрагу сацыяльна значных прадуктаў харчаваньня. Як перадае БелаПАН, сапраўдны абвал адбыўся ў вытворчасьці макаронавых вырабаў: іх выпушчана ў 2,3 разы менш (42,6 адсоткі ад узроўню мінулага году). Акрамя таго, на 8 адсоткаў упала вытворчасьць гарэлкі й лікёра-гарэлачных вырабаў, на 16,9 адсоткі – піва, на 40 адсоткаў – каньяку, на 76,2 адсоткі вінных пладовых напояў, на 82,4 адсоткі – вінных вінаградных напояў. 
|  |
|