Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
АБСЭ заяўляе аб верагоднасьці непрызнаньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 11:08, 07/08/2001
Арганізацыя па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе абвінавачвае Беларусь у парушэньні міжнародных пагадненьняў і патрабуе дапусьціць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары. Як гаворыцца ў заяве дырэктара Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека Жэрара Студманна, што паступіла у аўторак, “ніколі яшчэ дзяржава-член АБСЭ не адмаўляла ва ўезьдзе членам Місіі назіральнікаў АБСЭ”.
“Гэта парушэньне міжнародных пагадненьняў, прадпрынятае ўрадам краіны”,- заявіў Студманн. Ён лічыць такую сытуацыю “непрымальнай”. Дырэктар Бюро АБСЭ адзначыў, што Менск запрасіў назіральнікаў з розных краінаў і міжнародных арганізацыяў, выключыўшыя з гэтага сьпісу АБСЭ.
Сапраўднасьць прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі стане пад пытаньнем, калі ў іх ня будуць прымаць удзел назіральнікі ад асноўных эўрапейскіх міжнародных арганізацыяў, сцьвярджае Студманн. Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека плянавала 1 жніўня пачаць у Менску падрыхтоўку да маніторынга прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Аднак улады краіны адмовіліся выдаць уязную візу членам Місіі.