Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уладзімер Ганчарык, Сяргей Гайдукевіч, Сямён Домаш і Аляксандар Лукашэнка “падлягаюць рэгістрацыі” у якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты, бо іхняе вылучэньне праведзена ў адпаведнасьці з законам. Пра гэта заявіла ў інтэрвію “Інтэрфаксу” у панядзелак старшыня Цэнтрвыбаркаму рэспублікі Лідзія Ярмошына. Глава беларускага ЦВК нагадала, што ў падтрымку чатырох прэтэндэнтаў сабрана неабходная колькасьць подпісаў выбаршчыкаў. Акрамя таго, магчымыя кандыдаты прадаставілі дэклярацыі пра свае даходы і маёмасьці, а таксама дэклярацыі сваякоў. Рэгістрацыя кандыдатаў адбудзецца 14 жніўня ў Палацы рэспублікі.
У канцы мінулага тыдня завяршылася праца па фармаваньню рэгіянальных выбарчых штабаў Аляксандра Лукашэнкі. У агуле працаваць на ягоную выбарчую кампанію будуць некалькі тысячаў чалавек. Старшыні аблвыканкамаў зацьвердзілі парадак агітацыйных мерапрыемстваў, створаныя спэцыяльныя агітацыйна-прапагандысцкія групы трох узроўнеў. Самыя галоўныя – абласныя штабы, якія ўзначалілі пераважна намесьнікі старшыняў аблвыканкамаў, адказныя за ідэялягічную працу. Намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму Ўладзімер Дражын на час выбарчай кампаніі Лукашэнкі нават узяў адпачынак за свой кошт, паведамляе “БДГ”.
Міністэрства замежных справаў Беларусі да гэтага часу не накіравала Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ запрашэньне накіраваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь. Пра гэта 13 жніўня БелаПАН паведаміў прэс-сакратар МЗС Павал Латушка, які ў чарговы раз паабяцаў, што запрашэньне будзе накіравана “ у хуткім часе”. Але накіраваць запрашэньні БДІПЧ “ у хуткім часе” яшчэ 8 жніўня на сустрэчы з журналістамі паабяцаў Аляксандар Лукашэнка. А 9 жніўня пра гэта заявіла прадстаўнікам СМІ глава ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна, у прыватнасьці, сказала, што запрашэньне БДІПЧ АБСЭ будзе накіравана напрацягу "одного-двух дней".
Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршае падрыхтоўку да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Як паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазовік, зараз сканчваецца праверка дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост і іхніх сваякоў. У сувязі з гэтым 11 і 13 жніўня ў Цэнтрвыбаркам выклікалі Сямёна Домаша, Уладзімера Ганчарыка й Сяргея Гайдукевіча.
Старшыня КДБ Леанід Ерын адмовіўся даць адказ аб зьніклых у Беларусі вядомых людзях – Юры Захаранку, Віктары Ганчары, Зьмітры Завадзкім і Анатолі Красоўскім. Нагадаем, што актывісты руху супраціву ЗУБР выклікалі на допыт старшыню Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Леаніда Ерына, каб ён адказаў на пытаньні ДЗЕ ЗАВАДЗКІ? ДЗЕ ЗАХАРАНКА? ДЗЕ КРАСОЎСКІ? ДЗЕ ГАНЧАР?
Урачыстае падпісаньне пагадненьня паміж адзіным кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі й шырокай грамадзянскай кааліцыяй пра ўзаемныя абавязацельствы ў перыяд і пасьля прэзыдэнцкай кампаніі павінна быць падпісана сёньня 13 жніўня а 15.00. Дэ-факта, нарэшце, будзе падпісана пагадненьне паміж двума патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты – Уладзімерам Ганчарыкам і Сямёнам Дамашам. Два дэмакратычных кандыдата прыйшлі да рашэньня, што яны абодва йдуць на выбары, але пасьля рэгістрацыі Сямён Домаш, як і меркавалася, здымае сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка, атрымоўваючы гарантыі, што пасьля перамогі на выбарах адзінага кандыдата займае пост прэм’ер-міністра Беларусі. Пад дакумэнтам паставяць подпісы Ўладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і кіраўнікі вядучых палітычных партыяў Беларусі. “Гэты дзень у фармаце распачатай прэзыдэнцкай кампаніі зьяўляецца самым важным. Зьліквідавана пагроза паралельных прэзыдэнцкіх кампаніяў. Гэтае пагадненьне спыніла ўсе канфлікты й перашкоды да перамогі дэмакратыі на надыходзячых прэзыдэнцкіх выбарах і стала важным палітычным крокам” – пракамэнтаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 падпісаньне пагадненьняў паміж адзіным кандыдатам і шырокай грамадзянскай кааліцыяй лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Зінаіда Ганчар зьвярнулася з заяваю ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства ўнутраных справаў й пракуратуры Беларусі наконт працягу расьсьледаваньня справы аб зьнікненьні ейнага мужа. “У апошні час у прэсе зьяўляецца шмат інфармацыі, зьвязанай з выкраданьнем майго мужа В.І.Ганчара, - піша Зінаіда Ганчар, - Пры гэтым йдуць спасылкі на нейкі дакумэнт, аўтарства якога прыпісваецца генэралу МУС Мікалаю Лапаціку”.
Рух супраціву ЗУБР выклікае на допыт старшыню Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Леаніда Ерына. Актывісты ЗУБРа даставілі позву на кватэру кіраўніка КДБ, а таксама адправілі па пошце па месцу працы. Старшыні КДБ прапанавалі зьявіцца да помніка Фелікса Дзяржынскага на прашпэкце Скарыны а 12.00 13 жніўня. Там зубры хочуць задаць яму пытаньні аб зьніклых у Беларусі вядомых людзей – Юры Захаранку, Віктары Ганчары, Анатолі Красоўскім й Зьмітры Завадзкім.
Яшчэ ў канцы лістапада 2000 года, у выступе перад кіраўніцтвам КДБ пасьля зьмены шэфа гэтага ведамства, Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Так вот, чтобы не мучились больше журналисты по поводу этих всех громких дел и преступлений, я хочу заявить следующее. Да, я виноват, что это произошло в стране. Я, потому что я президент, и больше не ищите виновных. И поэтому я несу за это и другое ответственность в полном объеме. Поэтому еще раз подчеркиваю: не пытайтесь найти виновных. Виноват только я”.
Упершыню грамадзяне свабоднай Беларусі былі зьдзіўленыя і павергнутыя ў замяшальніцтва. Раптам высьветлілася, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка чагосьці баіцца. І чаго можа баяцца такі прэзыдэнт?! Не, ня злых сабак, не бандыцкай пулі, ня грому ці электрычнага разраду, не інфаркту, не інсульту ці СНІДу – не! Баіцца ён толькі аднаго: “фасыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў”. І, напэўна, сур’ёзна баіцца, бо блізка няма ня толькі выбараў, але і саміх прэзыдэнцкіх выбараў, а ён ужо занепакоены. І цёмнай ноччу, калі спадае гарачыня і сьвет нябеснага Сонца не замінае Сьвету Сонца зямнога, менскага значыць, зьяўляецца раптам у галаве Аляксандра Рыгоравіча думка: Сфаль-сы-фі-ка-ва-лі! Ууууу!
Менскі гарвыканкам не дазволіў правядзеньне 13 жніўня прабегу па маршруту "Менск - Жодзіна" у падтрымку праваабаронцы Валеры Шчукіна, які адбывае пакараньне ў жодзінскім сьледчым ізалятары. Па словах лідэра "Маладога фронту" Паўла Севярынца, які падаваў заяўку на правядзеньне акцыі, калi 9 жніўня ў тэлефоннай гутарцы з прадстаўнікамі юрыдычнага адьдзелу Менгарвыканкаму яго запэўнілі, што прабег дазволены, то 10 жніўня яму было паведамлена аб іншым рашэньні.
На 7 верасьня прызначана першае судовае паседжаньне па іску Сямёна Домаша аб абароне гонару й годнасьці да Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў штабе прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. Яшчэ 29 чэрвеня Сямён Домаш зьвярнуўся ў суд Першамайскага раёну Менску ў сувязі з тым, што 28 красавіка 2001 года ў аўтарскай тэлепраграме Юрыя Азаронка "Тайныя спружыны палітыкі" была дадзена "абсалютна беспадстаўная ацэнка" ягоным дзелавым і прафесійным якасьцям "пры выкананьні рабочых і грамадзкіх абавязкаў пачынаючы з 1976 года".
Урад прадаставіў пяці прадпрыемствам Беларускага дзяржаўнага канцэрну па вытворчасьці й рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасьці адтэрміноўку па пагашэньні запазычанасьці за энэргарэсурсы.