Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сямён Домаш будзе судзіцца з БТ 7 верасьня 11:02, 13/08/2001
На 7 верасьня прызначана першае судовае паседжаньне па іску Сямёна Домаша аб абароне гонару й годнасьці да Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў штабе прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. Яшчэ 29 чэрвеня Сямён Домаш зьвярнуўся ў суд Першамайскага раёну Менску ў сувязі з тым, што 28 красавіка 2001 года ў аўтарскай тэлепраграме Юрыя Азаронка "Тайныя спружыны палітыкі" была дадзена "абсалютна беспадстаўная ацэнка" ягоным дзелавым і прафесійным якасьцям "пры выкананьні рабочых і грамадзкіх абавязкаў пачынаючы з 1976 года".
2 траўня Домаш зьвярнуўся з лістом да цяпер ужо былога кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Віктара Чыкіна і запатрабаваў магчымасьці выступіць на беларускай тэлевізiі з абвяржэньнем "гэтага паклёпу". Аднак Домашу было адмоўлена, а перадача Азаронка была паказана па БТ паўторна 3 траўня.
Пасля гэтага Домаш мусіў зьвярнуцца ў суд. У сваёй зыскавай заяве ён настойвае, каб Белтэлерадыёкампанія абвергла "ілжывыя зьвесткі", якія прагучалі ў праграме "Тайныя спружыны палітыкі", а таксама патрабуе спагнаць з кампаніі мільён рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі.
На думку самога Домаша, прызначэньне пачатку разгляду ягонай справы аж на 7 верасьня зьвязана з тым, што ўлады ня хочуць да прэзыдэнцкіх выбараў абвяргаць "ілжывую і паклёпніцкую інфармацыю", што прагучала ў яго адрас, для таго каб "выбаршчыкі ня ведалі праўды і надалей знаходзіліся ў няведаньні".