Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Формула перамогі: Ганчарык і Домаш падпісалі пагадненьне, якое падтрымалі палітычныя партыі 11:08, 13/08/2001
Урачыстае падпісаньне пагадненьня паміж адзіным кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі й шырокай грамадзянскай кааліцыяй пра ўзаемныя абавязацельствы ў перыяд і пасьля прэзыдэнцкай кампаніі павінна быць падпісана сёньня 13 жніўня а 15.00. Дэ-факта, нарэшце, будзе падпісана пагадненьне паміж двума патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты – Уладзімерам Ганчарыкам і Сямёнам Дамашам. Два дэмакратычных кандыдата прыйшлі да рашэньня, што яны абодва йдуць на выбары, але пасьля рэгістрацыі Сямён Домаш, як і меркавалася, здымае сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка, атрымоўваючы гарантыі, што пасьля перамогі на выбарах адзінага кандыдата займае пост прэм’ер-міністра Беларусі. Пад дакумэнтам паставяць подпісы Ўладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і кіраўнікі вядучых палітычных партыяў Беларусі. “Гэты дзень у фармаце распачатай прэзыдэнцкай кампаніі зьяўляецца самым важным. Зьліквідавана пагроза паралельных прэзыдэнцкіх кампаніяў. Гэтае пагадненьне спыніла ўсе канфлікты й перашкоды да перамогі дэмакратыі на надыходзячых прэзыдэнцкіх выбарах і стала важным палітычным крокам” – пракамэнтаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 падпісаньне пагадненьняў паміж адзіным кандыдатам і шырокай грамадзянскай кааліцыяй лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
У пагадненьні агаворваюцца таксама пытаньні фармаваньня ўраду на чале з Сямёнам Домашам, пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж урадам і парлямэнтам, прынцыповы падзел уладаў і падтрымка палітычных партыяў Беларусі, якую адразу атрымоўвае адзіны кандыдат ў перадвыбарчай гонцы.
Што да фармаваньня новага заканадаўчага воргану Беларусі, то ў дакумэнце ўказана неабходнасьць правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў у парлямэнт Беларусі. У якія тэрміны павінен быць створаны легітымны парлямэнт Беларусі, у пагадненьні не згадваецца.
Нагадаем, што рух супраціву ЗУБР выступіў 9 жніўня з заяваю, дзе ўказаў неабходнасьць менавіта такой формулы ўзаемадзеяньня кандыдатаў і ўсіх асноўных суб’ектаў палітычнага поля.
У аўторак 14 жніўня у Палацы Рэспублікі будзе скончана стадыя рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Ім уручаць рэгістрацыйныя пасьведчаньні. Афіцыйная прадвыбарчая гонка пачынаецца ў той самы дзень.